Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 студзеня згодна з пастановай ураду Беларусі мінімальны заробак павінен павысіцца да 1 мільёна рублёў. То бок наймальнік ня мае права плаціць працаўніку менш за 1 мільён рублёў.

Паводле афіцыйных дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сярэдні заробак у Беларусі ў канцы мінулага году склаў 2,5 мільёна рублёў.

Але значная частка беларусаў зарабляе менш.

Паляводы СПК «Абухава» Аршанскага раёну распавялі пра свае зімовыя заробкі:

«450–500 тысяч».

«200 тысяч заробак. Так, у нас, у паляводаў, такія зарплаты. Ну як можна жыць на такія грошы?»

Выхавацелька дзіцячага садку з Барысава кажа: «Я па дзьве зьмены працую, і таму ў мяне выходзіць мільён. Але голая стаўка не дацягвае да мільёна. У нянечак яшчэ меней, да мільёна не даходзіць: тысяч 800–900 у месяц».

На сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў разьдзеле «Вакансіі» на заробак у мільён прапануюць працу ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў Акадэміі навук кандыдату навук, які валодае ангельскай мовай. Патрабуюцца выкладчыкі ВНУ, але заробак абяцаюць у 950 тысяч. Мільён абяцаюць лекарам розных спэцыяльнасьцяў у рэгіёнах.

Эканаміст Міхал Залескі кажа, што лічба ў мільён нічога агульнага з эканомікай ня мае: «Гэтая лічба — яна для тэлевізара, а не для людзей. Для таго каб абывацелі бачылі па тэлевізары, што „міністэрства праўды“ паведамляе: „Мільён, мільён, мільён... Гэта многа, гэтага хопіць“. І супакойваліся. Больш ніякага сэнсу ў гэтай лічбе няма. Калі б мы жылі ў краіне, дзе б нехта дбаў пра гаспадарку, то размова ішла б у крыху іншай пасьлядоўнасьці. Першае: ніводзін наймальнік ня можа плаціць чалавеку меней, чым неабходна для аднаўленьня ягоных сутнасных сілаў, фізычных і духоўных. Другое: гэтая плата прымушае любога наймальніка прыдумляць такія бізнэсы, якія прыносілі б яму прыбытак і чалавеку плату».

Старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў таксама перакананы, што трэба ствараць працоўныя месцы, разьвіваць рынкавыя адносіны, а не дэкляраваць заробак памерам у мільён: «Мільён — гэта быццам бы і няшмат. Але пытаньне ня ў гэтым. Пытаньне ў тым, што трэба стварыць іншыя ўмовы: гэта рынак павінен зарабіць, попыт павінен зьявіцца, каб мільён гэты напрацаваць. У гэтым корань. Я думаю, мільёна ўжо дасягнула абсалютная большасьць арганізацый. А важна, каб гэты мільён лёгка можна было б зарабіць».

Для працадаўцы запаветны мільён абыдзецца як мінімум на траціну даражэй, бо адлічэньні ў фонды сацыяльнай абароны досыць вялікія. Таму можа скараціцца колькасьць прадпрымальнікаў, найманых працаўнікоў, кажа эканаміст Леанід Злотнікаў: «Гэта ўжо справа тых, хто будзе наймаць. Ну, ня будуць наймаць там, дзе можна даплаціць свайму работніку. Каб гэтую працу дадаткова нехта выканаў. Гэта такое агульначалавечае меркаваньне, ня трэба быць спэцыялістам. Проста крыху больш будзе беспрацоўя і больш будзе працы па сумяшчальніцтве».

Эканаміста Леаніда Заіку заробак у 1 мільён таксама ня ўражвае: «Мінімальны заробак у 120 даляраў быў бы добры для Малдовы альбо для Зымбабвэ. Гэта яўная параза працоўных у правах. Калі ў краіне праз 20 гадоў пасьля дасягненьня сувэрэнітэту мінімальны заробак — 120 даляраў, гэта азначае, што ў краіне ўсё рабілася няправільна, усё! А да чаго гэта прывядзе — ну, жабрацкі ўзровень будзе крыху павышаны».

Мінімальны заробак павінен быць на такім узроўні, каб на яго можна было пражыць. Што да дэкляраванага мільёна, эканаміст Міхал Залескі кажа: «Гэта посьпехі калгаснай ідэалёгіі. У Злучаных Штатах ёсьць мінімальная пагадзінная аплата. Калі я наймаю, я не магу афіцыйна паказаць, што я плачу менш за 8 даляраў 12 цэнтаў за гадзіну, ці колькі там цяпер... Мяне проста адпаведнае міністэрства аштрафуе. Дарэчы, за савецкім часам гэта вытрымлівалася. Была мінімальная аплата працы — у апошнія гады 75 рублёў. Пражытковы мінімум быў 50 рублёў. То бок вартаўнік і прыбіральшчыца маглі мець дзіця і ўтрымліваць яго на ўзроўні мінімуму. Дэ-юрэ гэта ўсё вытрымлівалася. Дэ-факта на гэтыя грошы пражыць было цяжка. Зараз ніхто ўжо не зьвяртае ўвагі на факты, ідуць вось такія танныя гульні: адзін урадовец кажа — „Трэба пахаць“, другі кажа — „Папіце гарэлачкі яшчэ ў выходныя дні“. Ідуць ужо разводкі на ўзроўні калгаснага клюбу».

Акрамя мільёна, абяцанага кожнаму працаўніку, з 1 студзеня ў сувязі з павышэньнем тарыфнай стаўкі першага разраду да 200 тысяч рублёў заробкі бюджэтнікаў павінны павялічыцца на 19,4%. Прыкладна на 20% згодна з прэзыдэнцкім указам павысяцца стыпэндыі і сацыяльныя дапамогі некаторым катэгорыям грамадзянаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG