Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні: «Год новы, але ўсё па-старому»


Сваяка палітвязьня Эдуарда Лобава ледзь не пасадзілі на Акрэсьціна за некалькі гадзінаў да Новага году. За што кінулі на нары на Новы год моладзевых актывістаў? Мікалая Статкевіча будуць судзіць 12 студзеня. Палітвязьню Зьмітру Бандарэнку дазволілі пазваніць дамоў за 4 гадзіны да Новага году. Ірына Халіп: «Данік заснуў, не дачакаўшыся Новага году». Павал Севярынец сустрэў Новы год у цягніку.

Новы год сустрэлі за кратамі ня толькі палітвязьні, асуджаныя за Плошчу, але і моладзевыя актывісты ды тыя, хто ўжо сядзеў за Плошчу ў турме. Кажа Сьвятлана Вінаградава, жонка былога палітвязьня Паўла Вінаградава:

«Відаць, прэвэнтыўная мера. Улады забаяліся, што будуць акцыі салідарнасьці ў навагоднюю ноч. Хаця мой Паша ні ў якай акцыі браць удзел не зьбіраўся. Хацеў сустракаць Новы год са мной».

Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў
Актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава выклікалі ў Маскоўскі РАУС яшчэ 30 сьнежня і адтуль адвезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. Паводле пратаколу, Павал нібыта ў міліцыі лаяўся матам на міліцыянтаў. Сёньня, 2 студзеня, у Маскоўскім судзе Паўлу Вінаградаву далі 7 сутак. Разам з Паўлам прысудзілі штраф у 20 базавых велічынь актывісткам Насьце Шулейцы і Вікторыі Рымашкевіч. Затрымалі дзяўчат 31 сьнежня каля ізалятара на Акрэсьціна, калі яны сустракалі на волі актывіста Паўла Сяргея, асуджанага за акцыю салідарнасьці 19 сьнежня каля Чырвонага касьцёла. Мог выйсьці на волю і былы палітвязень Васіль Парфянкоў, але таго да Новага году не адпусьцілі. Маці палітвязьня Эдуарда Лобава Марына разам зь іншымі таксама прыйшла на Акрэсьціна сустракаць Сяргея і Парфянкова. Яе суправаджаў муж Юры. Мужа Лобавай ледзь не забралі міліцыянты.

Марына Лобава
Марына Лобава
Ад арышту яго ўратаваў узрост, распавяла Марына: «Да Віктара Шапуцькі і да майго Юры прычапіліся. Мы ўжо селі ў аўтамабіль, калі яны падбеглі, чалавек 10 іх было, а кіраваў імя Яўсееў. Пачалі правяраць дакумэнты і высьвятлялі асабліва ўзрост. Перадалі камусьці, што за 40 гадоў, і тады ім прыйшоў загад, што ня трэба браць, адпусьціць. Карацей, год новы, але ўсё па-старому».

Ад сына Эдуарда Марына Лобава новых зьвестак ня мае. Жанчына згадала, што перадавала сыну ў турму каржы, таму мяркуе, што на Новы год ён наладзіў «сьвяточны салодкі стол».

На 12 студзеня прызначаны суд над Міколам Статкевічам. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч са спасылкай на афіцыйны дакумэнт з калёніі. Палітвязьню пагражае прызначэньне больш жорсткага турэмнага рэжыму за нібыта рэгулярныя парушэньні турэмнай дысцыпліны. «Мяркую, яго адправяць у Магілёўскую „крытую“ турму ўжо 13 студзеня, бо якраз на гэты дзень туды прызначаны этап», — кажа Марына Адамовіч. 31 сьнежня яна атрымала ад Мікалая Статкевіча самаробную паштоўку з навагоднімі віншаваньнямі:

«Гэта ён напісаў празь дзень, як мы разьвіталіся. То бок гэта быў такі эмацыйны ліст, вельмі прыватны».

Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч пабраліся ў калёніі шлюбам 20 сьнежня.

Вольга Бандарэнка
Вольга Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка пазваніў дамоў жонцы Вользе 31 сьнежня за 5 гадзінаў да Новага году.

​Вольга згадвае: «Складана было распавесьці нешта новае. Распавяла яму пра тое, што двойчы ўзломвалі сайт „Хартыі97“, пра што ён яшчэ ня ведаў».

Вольга Бандарэнка сустрэла Новы год адна, перапісваючыся з дачкой Юляй у скайпе.

Пра сустрэчу Новага году распавяла журналістка Ірына Халіп, жонка асуджанага на 5 год былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава:

«Мы сабраліся сям’ёй, мае бацькі, Ала Ўладзімераўна. Апоўначы выйшлі праз скайп на сувязь зь Лёнданам, дзе былі нашы сябры са „Свабоднага тэатру“ Мікалай Халезін і Натальля Каляда, а таксама Ірына Багданава і Наташа Радзіна. І вось мы праз кампутар выпілі па келіху шампанскага».

Павал Севярнынец правёў навагоднюю ноч у цягніку «Санкт-Пецярбург — Берасьце», вяртаючыся зь Віцебску на «хімію».

Павал Севярынец
Павал Севярынец
Адбывае пакараньне Павал у Пружанскім раёне. У камэндатуры Севярынец мусіў быць ужо 1 студзеня. Як у цягніку сустракалі Новы год?

«Беларусы і расейцы паводзілі сябе досыць тыпова. Беларусы ціха пілі шампанскае, а расейцы на ўвесь голас крычалі ў слухаўку. Палова вагона была пустая, таму рабілі што заўгодна. Было шумна. Угаманіліся толькі недзе пасьля 3 гадзіны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG