Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі: «Дом Гарэцкага не пашкодзіць „Дажынкам“ — няхай застаецца»


У райцэнтры Горкі, што на Магілёўшчыне, зьбіраюцца зносіць дом, у якім у дваццатых гадах мінулага стагодзьдзя жыў пісьменьнік Максім Гарэцкі. Знос будынку тлумачыцца тым, што ён занядбаны, а трэба парадкаваць тэрыторыю для сёлетніх «Дажынак». Грамадзкасьць райцэнтру выступае супраць разбурэньня дому Гарэцкага. Пачаўся збор подпісаў за яго ўратаваньне.

Дом Гарэцкага — на тэрыторыі сельгасакадэміі, на вуліцы Агранамічнай, 3. Цяпер у ім жыве восем сем’яў. Усе ўжо атрымалі паведамленьні, што неўзабаве пераедуць у новае жытло. Людзі не хаваюць, што гэтаму дужа рады.

«Яшчэ дом быў добры, калі ня быў абкладзены цэглай. Цяпер бярвёны пачалі гнісьці. Вы ж паглядзіце, якая цэгла — усё прабіта. У мяне падваконьні ўсе гнілыя. Дому ж сто гадоў. Рамонту капітальнага не было сто гадоў», — наракае адна з жыхарак.

Жыў Гарэцкі ў кватэры № 5. Цяпер у ёй жыве пэнсіянэрка Марыя Фёдараўна. Яна кажа, што за савецкім часам ёй дужа дакучалі камісіі зь Міністэрства культуры. Зьбіраліся ў кватэры рабіць кабінэт-музэй Гарэцкага. Потым і пра яе, і пра кватэру ўсе пазабываліся.

Тым часам дом разбураўся, і то ня без удзелу мясцовых камунальнікаў: «Калі прыйшлі абкладаць дом цэглай, то ў мяне сэрца абрывалася. Рвалі жыўцом гэтыя сьцены — яны ж былі як драўлянае дойлідзтва. Дошкі потым пайшлі на сараі, якія вось тут побач былі. Гэты дом такім, якім ён быў за Гарэцкім, ніколі ўжо ня будзе», кажа Марыя Фёдараўна.

Дом Гарэцкага ня значыцца ў сьпісе гістарычна-культурных каштоўнасьцяў. На тэрыторыі акадэміі стаяць бюсты вядомых супрацоўнікаў, але бюста пісьменьніка няма — толькі сьціплая шыльда на будынку, які неўзабаве можа зьнікнуць: «У гэтым доме з 1926 да 1928 году жыў пісьменьнік Максім Іванавіч Гарэцкі».

Кандыдат гістарычных навук, былы супрацоўнік сельгасакадэміі Аляксандар Каданчык лічыць, што лёс будынку прадвызначаны:

«Я выдатна разумею, што дом зьнясуць. Але сёньня яшчэ жывуць людзі, якія памятаюць, што тут была кватэра Гарэцкага. І гэта хутка забудзецца. Будзе тут газон ці яшчэ нешта. Гэтае месца трэба абавязкова адзначыць. Паставіць тут памятны знак ці бюст. Павінна нешта тут застацца».

У райвыканкаме чыноўнікі наўпрост ня кажуць, што дом Гарэцкага будзе зносіцца. Тым ня менш яны заяўляюць, што «Дажынкі» дапамаглі вырашыць пытаньне з адсяленьнем людзей з аварыйнага дому. На яго месцы пройдзе дарога да пляцовак, дзе будзе ладзіцца фэстываль ураджаю.

А што ж жыхары Горак?

Спадар: «Мяркую, што яго трэба захаваць. Як помнік выдатнаму дзеячу і пісьменьніку. Трэба ўнутры адрамантаваць. Зрабіць усе неабходныя камунікацыі».

Спадарыня: «Трэба зрабіць музэйчык невялікі. Ну няхай застанецца гэты дом. Чаго яго зносіць? І табліца там вісіць, што жыў Гарэцкі. Ім бы толькі зносіць».

Дзьве спадарыні: «Вось гэтую цэглу можна было й прыбраць. І пакінуць яго ў тым старадаўнім выглядзе, якім ён павінен быць».

Другая спадарыня: «Ён „Дажынкам“ не пашкодзіць. Трэба яго падрамантаваць. Гэта культура наша».

Максім Гарэцкі працаваў у сельгасакадэміі адразу, як вярнуўся ў Беларусь зь Літвы. Тут ён выкладаў беларускую мову й літаратуру. Пляніроўка кватэры, дзе пісьменьнік пражыў два гады, амаль не зьмянілася. Мала што зьмянілася і ў пад’езьдзе з драўлянымі, скрыпучымі лесьвіцамі.

Інтэр'ер пад'езду

Інтэр'ер пад'езду

Пакой, дзе жыў Максім Гарэцкі

Пакой, дзе жыў Максім Гарэцкі



Ці застанецца будынак, дзе жыў клясык беларускай літаратуры, — пытаньне адкрытае. Першыя паўсотні подпісаў, сабраных за захаваньне дому, неўзабаве перададуць у райвыканкам. Збор подпісаў працягваецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG