Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 галоўных тэндэнцыяў 2012 году


Выданьне Эўрапейскай рады па міжнародных дачыненьнях зрабіла агляд меркаваньняў экспэртаў аб тым, што чакае сёлета Эўропу і сьвет. Ацэнкі выявілі 10 наступных тэндэнцыяў.

1. «Эўрапейскае сутыкненьне цывілізацыяў»

Хоць сапраўдная прычына крызісу крыецца ў структурных дэфэктах, закладзеных пры стварэньні адзінай валюты, якая ня мае агульнага бюджэту, эўрапейцы Поўначы, як правіла, тлумачаць праблемы эўра супярэчнасьцю паміж фінансава адказнай Поўначчу і безадказным Поўднем. Краіны Поўдня, з свайго боку, лічаць сябе ашуканымі Поўначчу — у гэтым яны бачаць частку праблемы. Францыя тым часам апынулася пасярэдзіне — у становішчы, якое палітоляг Сэм’юэл Гантынгтан назваў «разарванай краінай» (як Турцыя ў сутыкненьні паміж Захадам і ісламам). Францыя хоча быць часткай Поўначы, але ёй пагражае небясьпека стаць часткай Поўдня.

2. Нямеччына зноў адкрывае сябе як эўрапейскую краіну

Нэрвовасьць распаўсюджваецца, разьвіваныя рынкі, якія былі рухавіком сусьветнай эканомікі (і экспарту Нямеччыны), пачалі даваць збоі, і Нямеччына нарэшце стала ў поўнай меры адчуваць усе наступствы крызісу.

3. Эўропа па-брытанску, але без Брытаніі

Эўропа пачынае пераходзіць да многіх рэчаў, за якія Лёндан змагаўся так доўга і ўпарта. Гэта, у прыватнасьці, павышэньне ролі нацыянальных урадаў і парлямэнтаў; выхад Эўропы за межы першапачатковых межаў; лібэральныя структурныя рэформы эканомік Поўдня; адноснае паслабленьне ўплыву цэнтральных інстытутаў, такіх як Эўракамісія.

4. Кітай вымушаны зьвярнуцца да Вялікай фінансавай тройцы для абароны сваіх рэзэрваў

43% экспарту Кітаю накіроўваюцца ў Эўропу і ЗША, і больш за 90% яго валютных рэзэрваў намінаваныя ў далярах і эўра. Якія б ні вяліся размовы аб фінансавым уплыве Кітаю на ЗША і Эўразьвяз, праўда палягае ў тым, што Кітай мае патрэбу ў заходніх рынках і баіцца за лёс сваіх валютных рэзэрваў.

5. Імкненьне Расеі захапіць Эўропу (і банкі)

Нягледзячы на імкненьне да палітычнай лібэралізацыі і мадэрнізацыі эканомікі, вяртаньне Пуціна абяцае паўзучую брэжневізацыю Расеі і адраджэньне аўтарытарызму. У адказ на гэта мабільны капітал бяжыць і шукае бясьпечнага прытулку ў Эўропе. І расейскія грошы далучаюцца да кітайскіх у новай схватцы за Эўропу.

6. Рэмілітарызацыя Эўропы

Мяккая сіла Эўропы прайшла выпрабаваньне ў ходзе бягучага эканамічна-палітычнага крызісу, у той час як Лібія і патэнцыйны канфлікт у трохкутніку Сырыя-Ізраіль-Іран паказваюць, што ўзгоднены вайсковы адказ па-ранейшаму мае рэальную каштоўнасьць у шматпалярным сьвеце і постамэрыканскай Эўропе. Па меры таго, як рэжым цьвёрдай эканоміі цісьне ўсё мацней, урады па ўсёй Эўропе нарэшце прызнаюць, што іх выбар палягае ў тым, каб падзяліць адказнасьць або прайграць, і робяць выбар на карысьць першага. Паколькі пуцінская рыторыка працягвае ўзмацняцца, а сумневы з нагоды надзейнасьці амэрыканскага абароннага ўдзелу ў Эўропе нарастаюць, Францыя і Вялікабрытанія могуць асьцярожна прапанаваць сваім эўрапейскім партнэрам пашырыць англа-францускі ядзерны парасон.

7. Кітай дапускае палітычную канкурэнцыю пры ўмацаваньні аўтарытарызму

У Пэкіне нарастае канкурэнцыя напярэдадні зьмены сямі зь дзесяці чальцоў сталага камітэту палітбюро ЦК КПК. Спрэчкі ідуць вакол праблемы эканамічнага разьвіцьця. У той жа час на сацыяльную напружанасьць і канфлікты ўнутры кітайскага грамадзтва ўлады адказваюць звыклым спосабам — аўтарытарнымі мэтадамі.

8. Вяртаньне атлянтызацыі Турцыі

Адчуўшы межы сваіх рэгіянальных стратэгіяў, сутыкнуўшыся з магчымасьцю ўзрушэньняў вакол Ірану, адчуўшы дыскамфорт у адносінах з сваімі суседзямі і былымі саюзьнікамі, такімі як Сырыя і Ізраіль, Анкара вымушаная ўсё гэта пераасэнсаваць. Аднак Турцыя зьвяртае свой погляд не на Эўропу, а праз Атлянтычны акіян на ЗША. Адной з ключавых тэндэнцыяў зьяўляецца выпрацоўка замежнай палітыкі ў дачыненьні да зьмены рэжымаў у іншых краінах Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі: напрыклад, калі Эрдаган абвясьціў палітычны адказ адносна Сырыі (у тым ліку санкцыі), ён быў больш узгоднены з ЗША, чымся з Эўропай. Пасьля вываду амэрыканскіх войскаў з Іраку растуць акцыі Турцыі як ключавога рэгіянальнага саюзьніка Вашынгтону.

9. Прыручанае «Братэрства»

Браты-мусульмане робяцца найбольш зручнымі і карыснымі партнэрамі для Захаду на новым Блізкім Усходзе і, насуперак лёгіцы, для ЗША. «Братэрства» аказваецца вельмі мяккім рухам да таго часу, пакуль заходнія дзяржавы не падштурхоўваюць яго да пэўных грамадзянскіх свабодаў і ў пытаньнях, зьвязаных з Ізраілем (і нават у гэтым выпадку «Братэрства» не даводзіць сытуацыю з Ізраілем да краю). У сваю чаргу «Братэрства» бачыць, што Захад удзячны яму за супрацьстаяньне дыктатарам і дапамогу ў спробах зьвяржэньня Асада ў Сырыі. Яно аддае перавагу кансалідацыі ўлады, а не пашырэньню рэвалюцыі. (Існуе, аднак, небясьпека таго, што запаволеньне эканамічнага разьвіцьця падштурхне такія рэжымы да ўзмацненьня радыкалізму — калі ў іх ня будзе хлеба, яны зьвернуцца да шарыяту — і, ня выключана, да больш антыізраільскіх настрояў, што абмяжуе магчымасьці супрацоўніцтва.)

10. Ідэальны іранскі шторм

Хоць у папярэднія гады Іран і патэнцыйны канфлікт зь яго удзелам так і ня выявіліся, на 2012 год вырысоўваюцца патэнцыйна небясьпечныя камбінацыі сілаў. Па-першае, гэта ізраільскае кіраўніцтва, якое ўстанавіла свае ўласныя ўзроўні небясьпекі ў дачыненьні да ядзернай праграмы Ірану. Па-другое, усё больш нестабільныя паводзіны Ірану, які асьцерагаецца таго, што рэгіён адварочваецца ад яго (ёсьць праблемы ў Сырыі, і ХАМАС рухаецца ўсё далей у абдымкі рэгіянальных братоў-мусульман і нават ідзе на ўгоды з Ізраілем). Па-трэцяе, супраць Ірану праводзяцца ўсё больш дзёрзкія «сакрэтныя» апэрацыі, якія правакуюць Тэгеран на дзеяньні ў адказ. Па-чацьвертае, вывад амэрыканскіх войскаў з Іраку можа палегчыць як варыянт перасячэньня паветраных межаў для нападаў, так і імавернасьць зваротнага ўдару супраць сілаў ЗША. І, нарэшце, электаральны цыкль ЗША не дазволіць іх адміністрацыі праявіць слабасьць у дачыненьні да Ірану або рознагалосьсяў з Ізраілем. Гэтыя фактары могуць прывесьці цяперашні ізраільскі ўрад да думкі аб тым, што цяпер найлепшы час прымусіць Амэрыку нанесьці ўдар.

А вось чаго ня будзе.

Не адбудзецца моладзевых хваляваньняў. Моладзь Эўропы адчувае на сабе ўвесь цяжар жорсткай эканоміі і рэцэсіі, яна пратэстуе шумна, але ня здатная зрабіць уплыў на вялікую палітыку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG