Лінкі ўнівэрсальнага доступу

To be or not to be: гамлетаўскае пытаньне дацкага старшынёўства


З 1 студзеня на паўгода, а менавіта да 30 чэрвеня 2012-га, у парадку ратацыі краінай-старшынёй Эўрапейскага зьвязу стала Данія. Гэта ўжо шостае старшынёўства Даніі ў Эўразьвязе з часу яе ўступленьня ў ЭЗ у 1973 годзе.

У ЭЗ старшынёўства малой краіны звычайна не прадугледжвае маштабных рашэньняў. У дацкім каралеўстве жыве 5,6 млн. чалавек. Акрамя таго, пасьля ўступленьня ў сілу Лісабонскай дамовы значна звузілася сфэра паўнамоцтваў краіны-старшыні. Старшыня Эўрапейскай рады і адзіная зьнешнепалітычная служба ў значнай ступені перанялі паўнамоцтвы, якія раней мела краіна-старшыня.

Данія не ўваходзіць у зону эўра, з агаворкамі ўваходзіць у Шэнгенскую прастору і мае шэраг іншых выключэньняў з базавых эўрапейскіх дамоваў.

Разам з тым Данія абяцае рабіць усё, каб мацаваць інтэграцыю адзінага рынку ЭЗ. «Я выдатна ўсьведамляю, што 17 краін эўразоны павінны прымаць нейкія рашэньні ў сваім коле. Але ў інтарэсах таго ж франка-нямецкага дуэту захаваць адзінства 27 чальцоў саюзу, кансультавацца з усімі, прымаючы рашэньні, якія іх тычацца, таму што ў час крызісу важны давер да эўрапейскіх інстытутаў », — заявіла прэм’ер-міністар Даніі Хэлен Торнінг-Шміт.

Торніг-Шміт, якая ў кастрычніку 2011 году ўзначаліла дацкі ўрад, сьцьвярджае, што знаходжаньне кампрамісных рашэньняў — гэта «спэцыялізацыя» яе краіны.

Данія вылучае чатыры прыярытэты свайго старшынёўства: адказная Эўропа, дынамічная Эўропа, «зялёная» Эўропа і бясьпечная Эўропа.

Афіцыйная перадача старшыняваньня адбудзецца ў Капэнгагене 11 студзеня. Цырымонія пройдзе ў канцэрт-холе дацкага радыё. Чакаецца выступ польскага прэм’ер-міністра Дональда Туска — прадстаўніка папярэдняй дзяржавы-старшыні ЭЗ, і прэм’ер-міністра Даніі.

Выданьне EUobserver.com аналізуе выклікі, якія стаяць перад дацкім старшыняваньнем.

Як і ва ўсіх краін, якія старшынявалі ў Эўразьвязе раней, у Даніі ёсьць сьпіс спраў, прызначаных на гэты пэрыяд, але крызіс у эўразоне азначае, што самай цяжкай задачай будзе задача па прыродзе сваёй палітычная: падтрыманьне цэласнасьці эўразоны. Неабходна, каб саюз не распаўся, і краіны (як тыя, дзе цыркулюе эўра, так і краіны са сваёй незалежнай нацыянальнай валютай) засталіся разам у рамках Эўразьвязу.

Але сам факт наяўнасьці ўласнай валюты, тым ня менш, азначае, што, у палітычным пляне, дзяржава ўжо знаходзіцца ў пройгрышным становішчы.

Прэм’ер-міністр Даніі Хэлен Торнінг-Шміт атрымала першае ўяўленьне аб тым, што гэта азначае, яшчэ ў сьнежні, падчас першага саміту, у якім яна ўзяла ўдзел.

Калі яна загаварыла аб важнасьці захаваньня цэласнасьці Эўразьвязу, прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі запярэчыў: «Вы па-за гульнёй, вы маленькая краіна па-за гульнёй, і вы тут нядаўна. Мы ня хочам ад вас нічога чуць», — цытуе яго Financial Times.

Да канца гэтага доўгага і неспакойнага вечара 17 краін эўразоны прынялі рашэньне аб працягу працы над міжурадавым дагаворам аб узмацненьні жорсткасьці фінансавай дысцыпліны. Дзевяць краін з уласнай незалежнай валютай, у тым ліку Данія, у выніку, паабяцалі таксама падпісацца, а Вялікабрытанія цалкам адмовілася ўдзельнічаць у дагаворы.

У наступныя тыдні асноўным напрамкам будзе дапрацоўка гэтай дамовы, але для Капэнгагена ў гэтым крыецца асобная праблема, паколькі Даніі вельмі важна, каб зьмест гэтай дамовы не прывёў да неабходнасьці праводзіць рэфэрэндум.

Акрамя высілкаў, якія запатрабуюцца для таго, каб разабрацца з крызісам у эўразоне, іншым сур’ёзным пытаньнем, якое запатрабуе ўвагі і засяроджанасьці ўсіх чальцоў ЭЗ, але па якім пры гэтым Капэнгагену будзе вельмі складана дамагчыся ўвагі, стане пытаньне аб прыняцьці доўгатэрміновага бюджэту на 2014-2020 гады.

Абмеркаваньні агульнаэўрапейскага бюджэту заўсёды праходзяць неспакойна, але цяперашні складаны эканамічны клімат абяцае ўскладніць гэты працэс яшчэ больш чым звычайна.

Шэсьць новых законаў, якія ў значнай ступені ўзмацняюць кантроль Брусэлю за бюджэтамі краін-чальцоў, уступілі ў сілу ў сярэдзіне сьнежня. Сакавіцкі саміт ЭЗ стане першым выпрабаваньнем для новай сыстэмы: мяркуецца, што краіны-ўдзельніцы павінны будуць ўзгадняць з Эўракамісіяй прынцы фармаваньня расходаў па сваім бюджэтам.

Іншая падзея, якую як асобны фактар, варта ўлічваць Даніі падчас свайго старшынёўства ў ЭЗ, — гэта прэзыдэнцкія выбары ў Францыі, якія пройдуць у красавіку.
XS
SM
MD
LG