Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь атрымала грошы ад Эўразійскага банку

  • БелаПАН

У перадапошні дзень мінулага году Эўразійскі банк разьвіцьця пералічыў Беларусі другі транш крэдыту са сродкаў Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭс у памеры 440 млн. даляраў.

Перавод сродкаў адбыўся пасьля выкананьня беларускім бокам «адкладзеных умоў», адзначаецца ў паведамленьні банка.

У канцы лістапада рада Антыкрызіснага фонду ўхваліла выдачу другога траншу крэдыту пры выкананьні наступных дзьвюх умоў: падпісаньне ўказу прэзыдэнта Беларусі аб перадачы няпрофільных актываў Нацбанку і павелічэньні ў сьнежні 2011 году Нацбанкам ставак па крэдытах на міжбанкаўскім рынку на 5%.

Выступаючы 30 лістапада ў Нацыянальным сходзе, віцэ-прэм’ер Сяргей Румас паведаміў: праблема дзеючых у краіне працэнтных ставак была адной з асноўных пры разглядзе пытаньня аб выдзяленьні Беларусі другога траншу крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭс. «Нашы партнэры задаюць нам цалкам лягічнае пытаньне: як пры інфляцыі 100% стаўкі знаходзяцца на узроўні 60-65%? Гэта адмоўная працэнтная стаўка», — растлумачыў ён.

Указ «Аб аптымізацыі структуры актываў Нацыянальнага Банку Рэспублікі Беларусь» быў падпісаны 23 сьнежня. З 12 сьнежня стаўка рэфінансаваньня была падвышаная з 40% да 45% гадавых, а працэнтная стаўка па апэрацыях падтрымкі ліквіднасьці банкаў — з 65% да 70% гадавых.

Раней Беларусь узгадніла з Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭс праграму эканамічных рэформаў у абмен на крэдыт у 3 млрд. даляраў, які будзе выданы некалькімі траншамі на працягу 2011-2013 гадоў. Першы транш у памеры 800 мільёнаў долараў Беларусь атрымала 21 чэрвеня.

Наступныя чатыры траншу, у памеры 440.000.000 даляраў кожны, будуць пералічвацца Беларусі на працягу 2012-2013 гадоў па меры выкананьня распрацаванай урадам праграмы макраэканамічнай і фіскальнай стабілізацыі. Праграма ўключае меры па зьніжэньню дэфіцыту сальда зьнешнегандлёвага балянсу за кошт узмацненьня жорсткасьці грашова-крэдытнай і бюджэтнай палітыкі, скарачэньню эмісійнага крэдытаваньня эканомікі і папаўненьню міжнародных рэзэрваў да эканамічна бясьпечнага ўзроўню.

30 сьнежня Мінфін Беларусі таксама пералічыў Эўразійскаму банку разьвіцьця другі плацёж працэнтных сум па гэтым крэдыце.
XS
SM
MD
LG