Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 студзеня ў Шклоўскай калёніі адбудзецца суд над былым кандыдатам на прэзыдэнта Мікалам Статкевічам.

Пра гэта Свабодзе паведаміла 2 студзеня жонка палітыка Марына Адамовіч са спасылкай на афіцыйны дакумэнт з калёніі.

Палітвязьню пагражае прызначэньне больш жорсткага турэмнага рэжыму за нібыта рэгулярныя парушэньні турэмнай дысцыпліны. «Мяркую, яго адправяць ў Магілёўскую крытую турму ўжо 13 студзеня, бо якраз на гэты дзень туды прызначаны этап», — кажа Марына Адамовіч.

Ціск на Міколу Статкевіча павялічыўся пасьля ягонай адмовы пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Як паведаміла мэдыям Марына Адамовіч, ў сьнежні Мікола Статкевіч быў зьмешчаны ў карцэр за тое, што ў ягоных рэчах знайшлі непазначаныя ў сьпісе насоўкі, а потым вязьня пакаралі яшчэ тройчы за тое, што ў карцэры ў яго не аказалася індывідуальнай таблічкі з прозьвішчам.

У траўні 2011 года Мікола Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў узмоцненага рэжыму, атрымаўшы самы даўгі тэрмін за Плошчу.

У Шклоўскай калёніі, дзе Статкевіч адбывае пакараньне, ён працаваў на лесапілцы і ўлетку зламаў руку. Літаральна праз некалькі тыдняў вязьня прызналі працаздольным і зноў накіравалі на працу.

20 сьнежня 2011 году Мікола Статкевіч ў калёніі пабраўся шлюбам з Марынай Адамовіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG