Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі галадоўка салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам


Кіраўнік Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў паведаміў праз СМС, што 2 студзеня распачынае галадоўку каля беларускай амбасады ў Брусэлі.


«Я выйшаў да беларускай амбасады ў Брусэлі з плякатам „Свабоду палітвязьням!“, але галадаваць буду ў падтрымку Сяргея Каваленкі. Мне ўчора тэлефанавала ягоная жонка, яна дужа хвалюецца за Сяргея. І я вырашыў падтрымаць яго чым змагу — у мяне за гэтага чалавека баліць сэрца. Галадаваць буду, колькі хопіць моцы духу, або пакуль мяне не забярэ паліцыя», — распавёў Зьміцер Піменаў.

Віцебскі сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, супраць яго заведзеная крымінальнай справа за парушэньне адбываньня рэжыму ўмоўнага пакараньня — «хатняй хіміі», прысуджанай ў 2010-м годзе за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу на навагодняй ёлцы.

Сяргей Каваленка абвясьціў галадоўку пратэсту супраць несправядлівага, на ягоную думку, абвінавачаньня, і галадуе ўжо 15-ты дзень.

Да Зьмітра Піменава ўжо падыходзіла паліцыя, аднак перапыняць акцыю паліцыянты ня сталі. Яны абвясьцілі, што будуць ахоўваць пратэстоўца, каб супроць яго не было якіх правакацый.
XS
SM
MD
LG