Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

МОКРЫ СЬНЕГ І ДОЖДЖ...

Уначы ад мінус 5°С да плюс 2°С, на ўсходзе пры праясьненьнях да мінус 8°С, удзень ад мінус 1°С да плюс 6°С.


ДЗЕНЬ У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

У Беларусі – пераважна выходны дзень. 29 сьнежня, спасылаючыся на “шматлікія звароты”, Аляксандар Лукашэнка рэкамэндаваў кіраўнікам працоўных калектываў аб’явіць 2 студзеня выходным днём.

У Каіры адновіцца працэс над адхіленым у лютым 2011 году ад улады былым прэзыдэнтам Эгіпту Хосьні Мубаракам. Экс-прэзыдэнта вінавацяць у злачынствах, па сукупнасьці якіх яму пагражае пакараньне сьмерцю.

***
У вечаровым эфіры “Свабоды” – перадача “Праскі акцэнт – вынікі году”.

Тэма выпуску – сацыяльна-палітычная сытуацыя на фоне эканамічнага крызісу.

Чаму востры эканамічны крызіс не спарадзіў масавых пратэстаў? Якое значэньні мелі “маўклівыя” пратэсты, “Стоп-бэнзін” і іншыя акцыі? Як пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў у наступным годзе?

Над гэтымі тэмамі разважаюць кіраўніца грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Вольга Карач, намесьнік рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч і наш аглядальнік Віталь Цыганкоў.

***
Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень – дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.


ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1793 – другі падзел Рэчы Паспалітай.

1981 – у Менску было заснавана выдавецтва “Юнацтва”. У 2002-м увайшло ў склад выдавецтва “Мастацкая літаратура” як рэдакцыя дзіцячай літаратуры.

У гэты дзень нарадзіліся:

1920 – амэрыканскі пісьменьнік-фантаст Айзэк Азімаў, родам зь мястэчка Пятровічы на Смаленшчыне.

1928 – Уладзімер Цьвірка, дзяяч беларускай эміграцыі, журналіст, у 1962 – 1968 гг. галоўны рэдактар беларускай рэдакцыі радыё “Свабода”.

1932 – Базыль Белаказовіч, польскі літаратуразнавец, доктар філялёгіі, прафэсар. Дасьледаваў беларускую літаратуру XIX стагодзьдзя, творчасьць польска-беларускіх пісьменьнікаў, беларускія тэмы і матывы ў польскай літаратуры і польскія ў беларускай.

1956 – Валянціна Пархоменка, сьпявачка, заслужаная артыстка Беларусі, жыве ў ЗША.

У гэты дзень памерлі:

1864 – Ігнат Здановіч, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 – 1864 гг. У Беларусі і Літве.

1946 – Фабіян Абрантовіч – беларускі рэлігійны і грамадзкі дзяяч, тэарэтык і практык нацыянальнага ўніяцтва. У канцы верасьня 1939 году быў арыштаваны савецкімі органамі бясьпекі і больш за 5 гадоў правёў у зьняволеньні. Памёр ад катаваньняў у Бутырскай турме. Месца пахаваньня невядомае.

1950 – Юзаф Ядкоўскі, археоляг, нумізмат, краязнаўца, дасьледнік гісторыі Гарадзеншчыны. У 1922 годзе заснаваў у Горадні гістарычна-археалягічны музэй.

1986 – Уладзімер Тарасевіч – каталіцкі сьвятар-бэнэдыктынец, біскуп, доктар багаслоўя, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў на Захадзе.


ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

“Кожны можа верыць, у што ён хоча. Я толькі супраць таго, каб прымушаць усіх верыць у нешта адно” – Айзэк Азімаў.


ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ “СВАБОДЫ”:

Прэзыдэнт Польшчы заклікаў спыніць рэпрэсіі ў Беларусі

З 1 студзеня Беларусь не плаціць мыта за расейскую нафту

Праспэкт-2010

Шварцэнэгер пакідае пасаду губэрнатара Каліфорніі

Бомж Аляксандар: Тут на сьметніку поўная свабода
XS
SM
MD
LG