Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пятровіч: «Васіль Якавенка — сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў»


Васіль Якавенка

Васіль Якавенка

Міністэрства юстыцыі прызнала, што выключэньне Васіля Якавенкі з шэрагу сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў супярэчыць статуту арганізацыі.

Пра гэта паведамляецца ў лісьце, які атрымаў Васіль Якавенка ў адказ на свой зварот у Мінюст. Паводле статуту, рашэньне аб выключэньні мусіла прымацца абсалютнай большасьцю галасоў тых, хто прысутнічаў на зьезьдзе.

Аднак пытаньне пра выключэньне Васіля Якавенкі было пастаўлена перад зьездам СБП, які адбыўся 10 сьнежня. Кіраўніцтва прасіла пісьменьнікаў падтрымаць рашэньне Рады аб выключэньні Васіля Якавенкі за «абразьлівыя і паклёпніцкія публікацыі ў СМІ зьвестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці і дыскрэдытуюць ГА „СБП“, яго кіраўніцтва і раду». У якасьці аргумэнту прыводзілася публікацыя ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» артыкула Якавенкі «Дзе схаваны д’ябал».

Васіль Якавенка: «Усе намаганьні выключыць мяне посьпеху не далі. На зьездзе актыўна мяне абгаворвалі. Я лічу гэта паклёпам. Калі было галасаваньне за тое, каб зьезд прыняў пастанову Рады аб маім выключэньні, то многія людзі былі проста ўведзеныя ў зман. Яны ўпершыню пачулі многія рэчы. Мне не давалі слова. Пасьля многія не галасавалі ані „за“, ані „супраць“. Нават не „ўстрымаліся“. Таму было такое дзіўнае галасаваньне. А калі пачалі падводзіць вынік, то на зьезьдзе палічылі, што я выключаны, бо нібыта большасьць была за тое, каб выключыць. Але гэта была ня большасьць тых, хто прысутнічаў на зьезде. Я па-ранейшаму зьяўляюся сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, ня гледзячы на жаданьне кіраўніцтва са мною разьвітацца».

Абраны на тым жа зьездзе старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч прызнае, што рашэньне Мінюсту справядлівае.

Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч

«100 чалавек прагаласавалі „за“ выключэньне. А на зьезьдзе было 219 чалавек. Такім чынам, гэта сапраўды не абсалютная большасьць з тых, хто прысутнічаў там. Мінюст мае рацыю. Васіль Якавенка на дадзены момант сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў».

Мінюст заклікаў Раду СБП выканаць палажэньні свайго статуту і «прыняць неадкладныя меры па ўрэгуляваньні канфліктных сытуацый», зьвязаных з выключэньнем Васіля Якавенкі. Як зьбіраюцца бакі вырашаць гэты канфлікт?

Васіль Якавенка: «Ня ведаю, ці буду падаваць у суд, каб абараніць свой гонар і годнасьць. Для мяне няма праблемы — ці ў саюзе я, ці не ў саюзе. Бо маю творчы капітал. Мяне многія лічаць пісьменьнікам сур’ёзнага пляну».

Барыс Пятровіч: «Гэтае пытаньне будзе разгледжанае на бліжэйшым паседжаньні Рады, ужо ў новым годзе. Пачакаем, якім будзе новае рашэньне».

Калі рада пастановіць выключыць Якавенку, гэтае рашэньне мусіць быць зацьверджана на чарговым зьезьдзе, які пройдзе празь пяць гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG