Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Золатавалютныя рэзэрвы павялічыліся амаль да 8 мільярдаў даляраў


Кіраўнік ураду Міхаіл Мясьніковіч падчас наведваньня вагонабудаўнічага заводу ў Асіповічах заявіў, што золатавалютныя рэзэрвы Беларусі дасягнулі рэкорднай велічыні і складаюць амаль 8 мільярдаў даляраў.

Па словах прэм’ер-міністра, «такога ў нас ніколі не было. Гэта амаль два месяцы імпарту, па гэтым паказьніку Беларусь блізкая да забесьпячэньня ўзроўню нацыянальнай бясьпекі, які ацэньваецца аб’ёмам золатавалютных рэзэрваў у тры месяцы імпарту», паведамляе ІТАР-ТАСС.

Да гэтага моманту найбольшыя золатавалютныя рэзэрвы Беларусь мела на пачатку 2010 году — больш як 6 мільярдаў даляраў. Аднак з-за крызісу і эканамічнай палітыкі ўлады на 1 чэрвеня 2011 году рэзэрвы скараціліся да крыху больш як трох з паловай мільярдаў даляраў (зь іх валютных актываў — толькі 1,3 мільярда).

Такую сытуацыю ў тым ліку справакавала падвышэньне заробкаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году. У выніку зьявіўся лішак «пустых» беларускіх рублёў, якія сталі «ціснуць» на валютны рынак. Калі ў 2011 з абменных пунктаў зьнікла валюта, прадпрыемствы- імпарцёры сталі шукаць любыя магчымасьці, каб зацягнуць вяртаньне валютнай выручкі з-за мяжы.

Рэзэрвы вырасьлі, бо Беларусь сёлета атрымала два траншы крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЭўраАзЭС агулам у 1 мільярд 240 мільёнаў даляраў. І 2,5 мільярда даляраў заплаціла Расея за апошнія 50 адсоткаў акцый «Белтрансгазу».

Эканаміст Міхал Залескі: «Я зараз буду камэнтаваць як просты абываталь. Я быў у краме сёньня і бачыў іхныя рэзэрвы. На пэнсію можна схадзіць у краму тры разы, а на зарплату — пяць. Яны са сваімі рэзэрвамі, як малпы зь люстэркам, скачуць. Ня ведаюць, што зь імі рабіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG