Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за скандальнага відэа адкліканы супрацоўнік польскага пасольства


«Газэта Выборча» паведамляе са спасылкай на прэс-сакратара МЗС Польшчы Марціна Басацкага, што міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі прыняў рашэньне адклікаць зь Менску супрацоўніка палітычнага аддзелу польскай амбсады Вітальда Місяка.

Гэта адбылося пасьля зьяўляньня ў інтэрнэце відэароліка, у якім нецьвярозы Місяк падымаецца з-за стала ў рэстарацыі ці кавярні, ня можа ўтрымацца на нагах і падае на іншы стол. Яму дапамагаюць дабрацца да выйсьця. Стужка фіксуе час і дату здымак: каля 23 гадзіны 13 сьнежня.

Відэаролік суправаджаецца тытрамі, якія паведамляюць, што дыплямат спрабаваў учыніць бойку, а таксама згубіў сакрэтныя службовыя дакумэнты і тэлефон.

Паводле зьвестак «Газэты Выборчай», 13 сьнежня ў Менску адбывалася вячэра з дыпляматамі розных краін.

Вітальд Місяк ужо пацьвердзіў, што на відэа сапраўды ён. Аднак дыплямат сьцьвярджае, што яму нешта падсыпалі ў келіх, пасьля чаго ён страціў над сабой кантроль.

МЗС Польшчы прызнае, што найхутчэй відэаролік сапраўдны, хаця і змантажаваны. Аднак прэс-сакратар паведаміў, што ніводзін польскі дыплямат у Менску службовых дакумантаў і тэлефонаў не губляў.

«Газэта Выборча» лічыць, што відэаролік — чарговая правакацыя супраць польскіх дыпляматаў з боку беларускіх спэцслужбаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG