Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Сяргея Каваленкі рыхтуе зварот да міжнародных праваабарончых структур


Лідзія Каваленка

Лідзія Каваленка

Лідзія Каваленка расказала пра гэта на сходзе віцебскіх актывістаў, ініцыяваным Паўлам Севярынцам.

Прысутныя — прадстаўнікі розных партый, рухаў ды іншых няўрадавых арганізацый — прапанавалі пэўныя захады, каб падтрымаць зьняволенага сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку. Ён знаходзіцца ў СІЗА, і ўжо 12-ты дзень галадае на знак пратэсту супраць затрыманьня па крымінальным абвінавачаньні.

Вінавацяць Сяргея Каваленку, які да апошняга затрыманьня адбываў «хатнюю хімію» за вывешаны на навагодняй ёлцы ў 2010 годзе бел-чырвона-белы сьцяг, у парушэньні рэжыму адбываньня пакараньня.

Цяпер супраць яго распачатая й адміністрацыйная справа за хуліганства — нібыта ён абразіў супрацоўнікаў інспэкцыі Першамайскага РАУС. Вынік суду па гэтай справе можа стацца вырашальным: калі яго прызнаюць вінаватым, то будзе зафіксавана яшчэ адно парушэньне ў крымінальнай справе, па якой цяпер вядзецца сьледзтва. Судовае пасяджэньне прызначана на 12 студзеня, і адна з прапановаў віцебскіх актывістаў — гэта масавая падтрымка ў судзе.

Алена Каваленка

Алена Каваленка

Жонка Сяргея, Алена Каваленка, адзначае, што за час галадоўкі ў яго пагоршылася здароўе — гэта было відаць нават звонку падчас мінулага судовага пасяджэньня. Спадарыня Алена зьбіраецца хадайнічаць пра спатканьне зь Сяргеем у СІЗА, каб пераканаць яго спыніць галадоўку. У гэтым яе падтрымлі й іншыя прысутныя.

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Парсюкевіч: «Трэба, каб Сяргей ведаў, што мы за яго будзем змагацца незалежна ад таго, галадуе ён ці не. Але галадоўка можа істотна падарваць яго здароўе, бо ў яго і так ёсьць праблемы з сэрцам і зь ціскам».

Маці Сяргея Каваленкі, якога ў Віцебску ўжо лічаць 15-м палітвязьнем, падрыхтавала зварот, які пасьля навагодніх сьвятаў будзе разасланы ў праваабарончыя арганізацыі, замежныя амбасады і АБСЭ. Яна лічыць, што жыцьцё сына ў небясьпецы:

Лідзія Каваленка: «Я шчыра баюся, што ў СІЗА яго могуць проста забіць. Ён выглядае хворым, яму неабходная мэдычная дапамога, хаця сам ён імкнецца трымацца годна і цьвердзіць, што пачуваецца добра».

Да дня чарговага суду над актывістам ягоныя аднадумцы распрацавалі і пэўны плян інфармацыйнай падтрымкі, і сабралі трохі грошай для сям’і Каваленкаў, дзе гадуюцца двое непаўналетніх дзетак, а жонка знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за малодшай шасьцімесячнай дачкой.

Падчас сходу.

Падчас сходу.



Нарада, якую ініцыяваў Павал Севярынец, прайшла ў дзень ягонага 35-годзьдзя. Палітык прыехаў у кароткі адпачынак з «хіміі». Таму не абышлося без падарункаў і віншаваньняў: Паўлу падарылі тэрмас, каб у яго заўжды была цёплая гарбата, і кубак для яе. Адмысловы падарунак Сяргей Парсюкевіч перадаў ад кампаніі «Гавары праўду» — гэта зборнік лістоў і вершаў Уладзімера Някляева, напісаных у СІЗА КДБ, з аўтографам і пажаданьнямі ад аўтара.

Сяргей Парсюкевіч перадае Паўлу Севярынцу пажаданьні ад Уладзімера Някляева.

Сяргей Парсюкевіч перадае Паўлу Севярынцу пажаданьні ад Уладзімера Някляева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG