Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2011 годзе Беларусь перажыла востры эканамічны крызыс. Ці наступіць стабілізацыя? Якой будзе грашова-фінансавая палітыка? Ці вырасьце ўзровень дабрабыту грамадзян?

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і аналітык дасьледчай групы «BusinessForecast.by» Аляксандар Муха.

Ці наступіць стабілізацыя?


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «Прагнозы на наступны год даволі супярэчлівыя. Афіцыйныя беларускія асобы сьцьвярджаюць, што самая вострая фаза крызысу закончылася, наступным годам нас чакае макраэканамічная стабілізацыя. Пра гэта казаў Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі тыдзень таму. А апазыцыйныя палітыкі, некаторыя незалежныя эканамісты кажуць, што наступным годам будзе яшчэ горш.

Паколькі макраэканамічныя парамэтры зацьверджаны прэзыдэнтам, вядомыя ўмовы паставак у Беларусь нафты і газу, то ёсьць аснова для прагнозаў. Дык чаго ж можна чакаць наступным годам?»

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў: «Да пачатку лета пэўная стабілізацыя можа быць. Напрыканцы гэтага году ўрад атрымаў звонку каля 4 млрд даляраў для падтрымкі эканомікі. Затым, вясной бюджэт атрымае павялічаныя падаткі, бо з-за інфляцыі прадпрыемствы маюць большы фіктыўны прыбытак за 2011 год.

А ўжо з пачатку лета такіх спрыяльных чыньнікаў ня бачна. Калі тая жорсткая крэдытна-грашовая палітыка, якая намецілася напрыканцы гэтага году, будзе працягвацца, то пагоршыцца эканамічнае становішча прадпрыемстваў. І тады ўрад будзе вымушаны зноў павялічыць друкаваньне грошай, зноў пачне расьці інфляцыя, паскорыцца падзеньне беларускага рубля».

Аляксандар Муха

Аляксандар Муха

Аляксандар Муха: «Наступны год будзе складаным, нягледзячы на льготныя ўмовы паставак расейскага газу і нафты. Нэгатыўныя эканамічныя тэндэнцыі будуць захоўвацца. Прычым, некаторыя зь іх узмацняцца.

Ключавая ўвага павінна быць прыкавана да абслугоўваньня ўнутраных і вонкавых абавязацельстваў рэзыдэнтаў Беларусі ў замежнай валюце. Наступным годам нам трэба выплаціць (альбо рэфінансаваць) 17 млрд даляраў зьнешняга доўгу. Гэта будзе аказваць паніжальны ціск на золатавалютныя рэзэрвы і абменны курс беларускага рубля. Гэта нэгатыўна адаб’ецца на тэмпах эканамічнага росту. Аб’ёмы пагашэньня раней прыцягнутых замежных займаў будуць перавышаць аб’ёмы прыцягненьня новага вонкавага фінансаваньня. Бо цяпер, на тле крызісу магчымасьці рэзыдэнтаў Беларусі прыцягненьня (як і рэфінансаваньня) новых замежных займаў на рынкавай аснове выглядаюць вельмі абмежаванымі. Таму будзе назірацца адток замежнага капіталу. І гэта будзе зьніжаць курс рубля і аб’ёмы золатавалютных рэзэрваў.

Шмат залежыць ад жорсткасьці манэтарнай і фіскальнай палітыкі. На мой погляд інфляцыя складзе 50-60%. Працэнтныя стаўкі будуць высокімі, у шэрагу выпадкаў непад’ёмнымі для прадпрыемстваў. Многія зь іх сутыкнуцца са складанасьцямі пры пагашэньні сваіх абавязацельстваў».

Якой будзе грашова-фінансавая палітыка?


Карбалевіч: «Прагноз ураду прадугледжвае інфляцыю ў 19-20%. У наступны год Беларусь будзе мець унікальную сытуацыю ў тым пляне, што ўпершыню абменны курс рубля будзе рынкавым, плаваючым, на аснове попыту і прапановы на валютна-фінансавай біржы. І, магчыма, ён стане такім балянсірам, які дапаможа вырашыць галоўную праблему беларускай эканомікі — дэфіцыту замежнагандлёвага балянсу. Магчыма, рынкавая рэгуляцыю абменнага курсу рубля зможа выправіць гэты балянс?»

Злотнікаў: «Так, вяртаньне даўгоў — гэта вострая праблема. Але па маіх падліках, доўг, які трэба вярнуць наступным годам, не 17, а каля 10 млрд даляраў. Бо 7 млрд — гэта ўзаемныя гандлёвыя пазыкі беларускіх і замежных прадпрыемстваў адзін другому.
Насамрэч і гэтым годам не было станоўчага сальда ніводнага месяцу.

Задача выхаду на станоўчае альбо нулявое сальда замежнагандлёвага балянсу, якую паставіў урад на наступны год, ня будзе выканана. Бо афіцыйная статыстыка ня ўлічвае нафтавае мыта, якое вяртаецца ў расейскі бюджэт. Гаворка ідзе пра 1,5-2 млрд даляраў. Калі ўлічыць гэтую акалічнасьць, то насамрэч і гэтым годам не было станоўчага сальда ніводнага месяцу.

Яшчэ адзін момант. У другой палове году насельніцтва прадало валюты больш, чым купіла. Мяркую, што наступным годам і гэты балянс будзе адмоўным. У выніку адток валюты будзе перавышаць прыток валюты. Акрамя таго, і інфляцыя будзе паніжаць абменны курс беларускага рубля. Калі інфляцыя складзе 50-60%, то можна чакаць, што і настолькі зьнізіцца курс рубля і складзе 11-12 тыс. рублёў за даляр».

Муха: «Прапаную такі прагноз: к канцу 2012 году абменны курс беларускага рубля да даляра складзе 10,5 тыс. руб. А ў выпадку больш мяккай манэтарнай палітыкі гэтая лічба можа быць і большай.

Калі казаць пра вонкавы гандаль, то станоўчыя тэндэнцыі ў другім паўгодзьдзі ў значнай ступені былі выкліканы дэвальвацыяй беларускага рубля. У выніку адбылося павышэньне цэнавой канкурэнтаздольнасьці беларускіх экспарцёраў на вонкавых рынках. Аднак уплыў гэтага дэвальвацыйнага імпульсу будзе абмежаваным і можа быць вычарпаны цягам бліжэйшых месяцаў.

Нельга сказаць, што сам па сабе пераход да свабоднага рэжыму фармаваньня абменнага курсу гарантуе захаваньне станоўчага сальда гандлёвага балянсу. Пераход да свабоднага курсу павышае агульную хістальнасьць, валацільнасьць эканамічных працэсаў. У краінах са свабодным абменным курсам пры іншых роўных умовах узровень інфляцыі больш высокі. Таму праблема інфляцыі найбольш важная, асабліва з-за таго, што назапасіўся інфляцыйны патэнцыял.

Прагнозныя парамэтры ўраду і Нацбанку ня ў поўнай меры ўзаемазьвязаны між сабою. На мой погляд, тэмпы росту валавога ўнутранага прадукту (ВУП) ў афіцыйных дакумэнтах выглядаюць завышанымі. Думаю, наступным годам, упершыню за апошнія гады, адбудзецца зьніжэньне аб’ёмаў ВУП на 2,5-3% у супастаўляльных цэнах.

Ці вырасьце ўзровень дабрабыту грамадзян?


Карбалевіч: «Людзей найбольш цікавіць пытаньне пра ўзровень рэальнага дабрабыту. Сярэдні заробак у краіне ў даляравым эквіваленце павялічыцца, паменшыцца ці застанецца на цяперашнім узроўні?»

Злотнікаў: «Урад абяцае прырост рэальных заробкаў у памеры 3-5%. Але мяркую, што росту ня будзе, а будзе памяншэньне ў другой палове году».

Муха: «Тэмпы росту інфляцыі апярэдзяць тэмпы росту заробкаў. Можна чакаць падзеньня рэальных даходаў насельніцтва. Паводле апошніх дадзеных, у Беларусі сярэдні заробак — 283 даляра, ў Менску — 371 даляр, а ў Маскве — 1644 даляра. Узьнікае праблема міграцыі высокакваліфікаваных кадраў за мяжу. Так ці інакш, насельніцтву давядзецца зацягнуць паясы».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG