Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 студзеня ў Польшчы набывае сілу закон аб амністыі. Яго мэта – легалізаваць блізка 500 тысяч замежнікаў, якія незаконна жывуць у краіне.

Новы закон аб амністыі – трэці лікам: першы быў ухвалены ў 2003 годзе, другі – у 2007-м. Дагэтуль для легалізацыі перабываньня ў Польшчы мігранты павінны былі пацьвердзіць факт знаходжаньня там на працягу больш як 10 гадоў. Апрача таго, неабходна было падаць даведку з пацьверджаньнем права на працаўладкаваньне, а таксама дагавор аб арэндзе жытла.

Новы закон спрашчае працэдуру легалізацыі іншаземцаў. Легалізавацца змогуць асобы, што прыбылі ў краіну да 20 сьнежня 2007 году, і асобы, якім адмовілі ў статусе ўцекача да 1 студзеня 2010 году. Згодна з законам, замежнік, прыбыўшы ў Польшчу, мае на працягу шасьці месяцаў падаць заяву на часовае або бестэрміновае пражываньне ў краіне. Усім мігрантам, якія выканаюць патрабаваньні новага закону, дадуць дазвол на пражываньне і працу ў Польшчы на працягу двух гадоў з правам далейшага яго падаўжэньня.

У інтэрвію агенцтву Reuters старшыня польскага Офісу ў справах іншаземцаў Рафал Рагаля выказаў надзею, што легалізацыя незаконных імігрантаў паспрыяе польскай эканоміцы дзякуючы ператварэньню нелегалаў у падаткаплатнікаў.

Згодна з статыстыкаю, больш за дзьве траціны нелегалаў жывуць у Варшаве і Мазавецкім ваяводзтве.
XS
SM
MD
LG