Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзіна: Пасьля віртуальных атакаў могуць пачацца фізычныя


Натальля Радзіна

Натальля Радзіна

30 сьнежня невядомыя зьдзейсьнілі паўторную хакерскую атаку на сайт «Хартыя-97».

Паводле адміністрацыі рэсурсу, як і напярэдадні, зламысьнікі намагаліся зьнішчыць архіўныя матэрыялы, а таксама пачалі выстаўляць артыкулы, да якіх рэдакцыя ня мае ніякага дачыненьня. Калі 29 сьнежня віртуальныя злачынцы зьмясьцілі на тытульнай старонцы «Хартыі» інфармацыю, якая дыскрэдытуе экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і ягоную сям’ю, то сёньня пачалі перапісваць сьвежыя артыкулы, таму давялося выдаліць усе матэрыялы. Тэхнічныя службы рэсурсу не выключаюць, што сайт можа не працаваць цягам некалькіх дзён. Што мела на мэце атака і хто яе мог учыніць?

Як кажа галоўны рэдактар сайту Натальля Радзіна, унутранае расьсьледаваньне засьведчыла: зламысьнікі з дапамогай вірусу перахапілі адміністрацыйны пароль, што ўрэшце прывяло да блякаваньня настроек праграмнай часткі сэрвэра:

«Зараз мы спрабуем аднавіць архіў сайту, які быў зьнішчаны ўчора. Ужо ёсьць спадзяваньне, што сёньня ён можа зьявіцца, мы працавалі ўсю ноч над тым, каб яго аднавіць. Цяпер намі праводзіцца расьсьледаваньне. Паводле папярэдняй інфармацыі, тыя людзі, якія зьдзейсьнілі гэтае кібэрзлачынства, зламалі сайт „Хартыі“ і паспрабавалі зьнішчыць яго архіў, насьлядзілі, і згодна з наяўнымі дадзенымі, гэтыя сьляды вядуць у Беларусь. Пасьля таго, як мы скончым уласнае расьсьледаваньне, будзем зьвяртацца ў кібэрпаліцыю Літвы. Мы, канечне, не спадзяемся, што будзе нейкая дапамога ад беларускага боку, але, тым ня менш, паспрабуем прайсьці гэтыя фармальныя працэдуры».

Па зьвестках Натальлі Радзінай, гэтаксама стала вядома, што напярэдадні былі зафіксаваныя спробы ўзлому паштовых электронных скрыняў асобаў, якія маюць дачыненьне да «Хартыі» ці экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. У прыватнасьці, пра такія факты паведаміла сястра Саньнікава Ірына Багданава, ягоная жонка Ірына Халіп, а таксама дырэктар «Свабоднага тэатру» Натальля Каляда.

Сама Натальля Радзіна, якая пасьля мінулагодніх падзеяў на Плошчы атрымала палітычны прытулак у Літве, не выключае, што запалохваньне абмяжуецца толькі віртуальнай атакай у інтэрнэт-прасторы:

«Было відавочна, што стаяла задача забіць сайт. І я не выключаю, што пасьля гэтага могуць зьявіцца нейкія яшчэ больш жорсткія крокі, у прыватнасьці, можа дайсьці і да фізычнай расправы. Я на працягу апошняга часу пастаянна атрымлівала смс-паведамленьні з пагрозамі. Па зьместу гэтых смс можна зрабіць выснову, што вядзецца сачэньне. Таму што, нават калі я прыляцела з Амэрыкі, дзе атрымлівала прэмію камітэту абароны журналістаў, ужо праз гадзіну пасьля майго прылёту я атрымала смс „Зь вяртаньнем“. Абсалютна відавочна, што вядзецца нейкае сачэньне, нават тут, у Літве. Таму адчуваць сябе тут у бясьпецы мы, канечне, ня можам. Тут беларускія спэцслужбы, мяркуючы па ўсім, адчуваюць сябе досыць вальготна».

Экспэрт у галіне інтэрнэт-тэхналёгій Георгій Тарнаўскі таксама лічыць, што сьляды кібэрзлачынцаў, хутчэй за ўсё, трэба шукаць у Беларусі. На яго думку, ніводнай іншай краіне няма ніякай патрэбы ўмешвацца ў працу сайту, апазыцыйнага выключна беларускім уладам. З гэтай лёгікі, як кажа адмысловец, могуць трапіць у прыцэл інтэрнэт-злачынцаў і тыя рэсурсы, якія выступяць на баку пацярпелых:

«Ну, якое тут можа быць экспэртнае заключэньне? Вы ж разумееце, дзе
можна толькі канстатаваць: указ № 60 у дзеяньні ...

мы жывём. Можна, канечне, шмат гаварыць на гэтую тэму, але як бы потым той сайт, на якім яно прагучыць, разам з „Хартыяй“ не прыкрылі. Мяне часта запрашаюць за мяжу выступіць з дакладамі аб стане інфармацыйных свабодаў у Рэспубліцы Беларусь. А я, ведаеце, ужо не асабліва хачу гэтага рабіць па адной простай прычыне: гэтых свабодаў у Беларусі папросту няма. А абмяркоўваць тое, чаго няма, — гэта, на жаль, не навука. У дадзеным жа выпадку можна толькі канстатаваць: указ № 60 у дзеяньні».

У адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам № 60, інтэрнэт-правайдэры сярод іншага абавязаныя блякаваць доступ да сайтаў з «чорнага сьпісу», складзенага Апэратыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзыдэнце, для дзяржаўных органаў, арганізацый адукацыі і культуры. У пераліку сумнеўных рэсурсаў, якіх на гэты момант налічваецца 35, фігуруюць «Хартыя-97», «Беларускі партызан», электронны абменьнік «Prokopovi.ch», блог Яўгена Ліпковіча ды некаторыя іншыя.
XS
SM
MD
LG