Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Горках, райцэнтар на Магілёўшчыне, пачалі зьбіраць подпісы пад зваротам да мясцовай улады, каб ня зносілі будынак, у якім жыў пісьменьнік Максім Гарэцкі.

Пра намеры зьнесьці дом паведаміла рэдакцыі мясцовай газэты «Узгорак» чытачка. Журналісты апублікавалі зварот да жыхароў райцэнтру, каб уратаваць будынак.

Дом зьбіраюцца зьнесьці, у часе падрыхтоўкі райцэнтру да «Дажынак», якія павінны адбыцца тут налета.

«Мы зацікавіліся гэтай тэмай. У Беларусі наагул не захавалася будынкаў, дзе жыў Гарэцкі. У гэтым сэнсе дом унікальны. Мы пачалі думаць як абараніць яго. Складанасьць у тым, што будынак ня ўлучаны ў афіцыйны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Узьнікла ідэя збору подпісаў. Людзі ахвотна падпісваюцца. Дзякуюць за ініцыятыву», — зазначае рэдактара «Ўзгорку» Галіна Будная.

Цяпер у будынку, дзе некалі працаваў загадчыкам катэдры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі сельгасакадэміі жыў Максім Гарэцкі, месьціцца восем сем’яў. Іх зьбіраюцца адсяліць. На сьцяне дома шыльда з кароткім надпісам «У гэтым доме з 1926 па 1928 гады жыў пісьменьнік Максім Іванавіч Гарэцкі».

«Дом двухпавярховы. Выглядае дагледжаным. Нават не ўзьнікае пачуцьця, што ён занядбаны і аварыйны. У паперы ў райвыканкам мы просім, калі немагчыма захаваць дом, то ўсталяваць на яго месцы помнік Максіму Гарэцкаму. Кажуць, што гэты дом перашкаджае добраўпарадкаваць тэрыторыю», — кажа Будная

У аддзеле жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, на балянсе якога знаходзіцца Дом Гарэцкага, наўпроставага адказу, ці будуць яго зносіць не даюць. Заяўляюць толькі, што будынак быў абсьледаваны спэцыялізаванай арганізацыяй:

«З гэтага дома мы хацелі адсяліць людзей год пяць таму. Усё ўпіралася ў грашовыя пытаньні. А тут Бог дапамог — „Дажынкі“. Што далей з гэтым домам будуць рабіць мы ня ведаем. Можа там будуць рабіць музэй, альбо ён разваліцца і яго зьнясуць. На сёньня ён у аварыйным стане. Восем сем’яў там жыве. На сёньняшні дзень гэты дом не зьяўляецца каштоўнасьцю Рэспублікі Беларусь. З боку акадэміі былі ў свой час прапановы ўнесьці яго ў сьпіс каштоўнасьцяў, але чамусьці ня ўнесьлі. У 2010 годзе апошняя прапанова была. А шыльда там вісіць, што ў свой час там жыў наш вялікі пісьменьнік», — зазначыў супрацоўнік аддзелу.

У межах падрыхтоўкі да «Дажынак» Горкі пераўтварыліся ў вялікую будаўнічую пляцоўку. Рамантуюць масты й дарогі. Узяліся за ўзьвядзеньне лядовага палацу і рэканструкцыі чыгуначнай станцыі. На рамонт школаў зьбіраюць у настаўнікаў. Жыхары наракаюць, што зьнішчанае на тэрыторыі акадэміі іх ўлюблёнае месца адпачынку «Каменная кветка». Асушанае адно з азёр. На яго месцы будуць узводзіць амфітэатар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG