Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былую прэм'ер-міністарку Ўкраіны, аднаго зь лідэраў украінскай апазыцыі перавезьлі ў пятніцу раніцаю зь сьледчага ізалятару ў Кіеве ў калёнію ў Харкаў.

Каля пятай гадзіны раніцы Юлію Цімашэнку вывезьлі з Лук’янаўскага СІЗА, дзе яна знаходзілася амаль пяць месяцаў. У пэнітэнцыярнай сыстэме Ўкраіны пацьвердзілі інфармацыю пра этапаваньне Цімашэнкі, аднак зьняпраўдзілі ранейшыя паведамленьні пра тое, што экс-прэм’ерку перавозілі ў інвалідным вазку. У паведамленьні Дзяржаўнай пэнітэнцыярнай службы Ўкраіны гаворыцца, што Цімашэнку перавозілі ў камфартабэльным аўтобусе зь біятуалетам, умывальнікам і дзьвюма канапамі.

Паплечнікі Юліі Цімашэнкі ў сваю чаргу заявілі, што палітыка перавялі ў калёнію па асабістым указаньні прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

Лідэрка апазыцыйнай партыі “Бацькаўшчына” будзе адбываць тэрмін зьняволеньня ва “ўзорна-паказальнай” жаночай калёніі № 54 у Харкаве.

У кастрычніку Пячэрскі суд Кіева пакараў Цімашэнку сямю гадамі пазбаўленьня волі, прызнаўшы яе вінаватай у перавышэньні паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй у 2009 годзе. На мінулым тыдні, 23 сьнежня, апэляцыйны суд пакінуў вырак бязь зьмены. Тады ж прадстаўнікі праваахоўчых органаў заяўлялі, што экс-прэм'ерка застанецца ў сьледчым ізалятары, таму што працягваецца расьсьледаваньне па новых крымінальных справах, заведзеных супраць Цімашэнкі.
XS
SM
MD
LG