Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяне ўразіла вельмі простае новаўвядзеньне, якое я ўбачыў, калі мыў посуд у Беларусі, піша ў «The Washington Post» Фрэнсіс Тапон.


У зьмешчанай над ракавінай кухоннай шафе падстаўка для талерак была ўманціравана ў саму шафу. А паколькі ў шафы не было дна, толькі што вымытыя талеркі можна было ставіць наўпрост у шафу, не выціраючы. Вада праз адкрытую адтуліну ў дне шафы сьцякала ў ракавіну. Паколькі неабходнасьць у асобнай падстаўцы для талерак адпадае, беларусы атрымалі дадатковую кухонную прастору, а таксама пазьбеглі нуднай працы па перамяшчэньню сухіх талерак у кухонную шафу. Вельмі разумнае рашэньне для тых, у каго няма посудамыйнай машыны.

Усходнія эўрапейцы не праславілі сябе інавацыямі, аднак гэты стэрэатып ў пэўнай ступені несправядлівы. Вугорцы, напрыклад, вынайшлі шарыкавую асадку і галяграфію. Вугорац Джон Джордж Кемені (John George Kemeny) сумесна з амэрыканцам Томасам Курцам (Thomas Kurtz) распрацаваў мову праграмаваньня BASIC. Вугорцы таксама вынайшлі штучную кроў і кубік Рубіка. Чацьвёра эстонцаў стварылі Skype. Расейцы першымі ў сьвеце паляцелі ў космас, сканструявалі самую магутную ядзерную бомбу, прыдумалі «Тэтрыс», а таксама стварылі найлепшы ў сьвеце аўтамат Калашнікава АК-47, піша ў «The Washington Post» Фрэнсіс Тапон.

Усходнія эўрапейцы не праславілі сябе інавацыямі, аднак гэты стэрэатып ў пэўнай ступені несправядлівы..

Улічваючы тую акалічнасьць, што для распаўсюджваньня і разьвіцьця інавацый неабходна выконваць правы інтэлектуальнай уласнасьці і мець як мага менш карупцыі, вельмі дзіўна тое, што ўсходнія эўрапейцы наогул могуць ўводзіць новаўвядзеньні. Бо гэты рэгіён даўно ўжо вядомы сваёй грубай і нязграбнай уладай і слабым захаваньнем нормы права — і гэтыя рысы ён захоўвае да гэтага часу. Усходняя Эўропа па гэты дзень ня ў стане справіцца з шырока распаўсюджанай карупцыяй.

Па дадзеных карупцыйнага індэксу Інстытута Гэлапа і індэксу ўспрыманьня карупцыі арганізацыі Transparency International, Усходняя Эўропа значна больш карумпаваная, чым Заходняя (хоць у Італіі карупцыі больш, чым у шэрагу ўсходнеэўрапейскіх краін). Згодна з гэтым індэксам, больш за ўсё карупцыі ў Расеі, ва Украіне і ў Беларусі.

Паколькі закон там слаба абараняе патэнты, вынаходнікі ўжываюць сваю творчую актыўнасьць і энэргію ў іншых месцах. Па дадзеных апытаньня Левада-цэнтра ад траўня 2011 года, 22% расейцаў хацелі б жыць за мяжой. Большасьць зь іх гэта маладыя і адукаваныя расейцы — як раз тыя, хто больш за ўсё патрэбен Расеі. Іншае апытаньне Левада-цэнтра паказала, што чатыры гады таму большасьць расейцаў ня ведалі, як працаваць на кампутары — але значна большая колькасьць ўмела шыць і чыніць працеклыя краны.

Уцечка мазгоў і слабая сыстэма абароны інтэлектуальнай уласнасьці стварае замкнёнае кола, у якім кампаніі не жадаюць марнаваць грошы на дасьледаваньні і распрацоўкі....

больш за ўсё карупцыі ў Расеі, ва Украіне і ў Беларусі

На працягу ўсёй гісторыі самыя лепшыя тэхналёгіі звычайна былі ў самых моцных краінаў. Ўсходнеэўрапейскія розумы стварылі частку лепшых узораў амэрыканскай тэхнікі і тэхналёгій. Адным з заснавальнікаў кампаніі Intel быў вугорац, а яе першым інвэстарам стаў сын расейскага імігранта. Баўгарын вынайшаў электронныя гадзіньнік з лічбавай індыкацыяй. Некаторыя ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі ў галіне навукі таксама родам з Усходняй Эўропы.

У Японіі рэпутацыя краіны, якая бярэ амэрыканскія інавацыі, а затым ўдасканальвае іх. Але цяпер і амэрыканская кампанія Integral бярэ ўсходнеэўрапейскія інавацыі з мэтай іх далейшага разьвіцьця і нарошчваньня. Яе сузаснавальнік Віра Толат (Viral Tolat) выкарыстоўвае ўкраінскае праграмнае забесьпячэньне ў рамках праграмы замежных абменаў і гандлю кампаніі.

«Украінцы вельмі разумныя, вынаходлівыя, і яны валодаюць магутнымі навыкамі і ўменьнямі ў галіне праграмаваньня», — сказаў ён мне па тэлефоне. Паводле ацэнак Толата, Індыя сёньня абыходзіцца на 20-50% даражэй, чым Украіна.

Толат прызнаецца, што ўкраінцы «па-ранейшаму з вялікім недаверам ставяцца да Захаду». Напрыклад, яны не прымаюць цэлы шэраг стандартных прававых палажэньняў. На яго думку, гэта «вынік жыцьця за» жалезнай заслонай, «таму што яны ня вераць уладам». Тым ня менш, Integral, а таксама іншыя інвэстары істотна выйграюць ад ўсходнеэўрапейскіх інавацый.

Кожны раз, калі я бываў у Эстоніі, я зазіраў у будучыню. Напрыклад, эстонцы ўжо шмат гадоў маюць магчымасьць галасаваць за палітычных кандыдатаў праз інтэрнэт. Мае эстонскія сябры расплачваюцца са мной, пасылаючы мне грошы праз мабільны тэлефон. За паркоўку яны часта плацяць пры дапамозе СМС-паведамленьняў. З пункту гледжаньня тэхналягічнай пэрспэктывы Эстонія можа здацца большасьці амэрыканцаў краінай заўтрашняга дня. Плыня інавацый сёньня гэта ўжо не вуліца з аднабаковым рухам. Гэтая плыня ідзе ў абодвух кірунках, прычым ва ўсё большых аб’ёмах, піша ў «The Washington Post» Фрэнсіс Тапон.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG