Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І не сьвяткуюць, і не працуюць...


Ukraine -- Kharkiv Tractor Plant, 24Oct2011
Ukraine -- Kharkiv Tractor Plant, 24Oct2011

Спасылаючыся на крызіс і складаную эканамічную сітуацыю, улады Беларусі сёлета адмовіліся ад працяглых сьвяткаваньняў Калядаў і Новага года. Працоўнымі днямі засталіся і 26 сьнежня, і 2 і 9 студзеня.

Але ці на ўсіх беларускіх прадпрыемствах ёсьць праца, каб заняць у гэтыя дні людзей? І як самі працаўнікі ставяцца да ініцыятывы ўладаў? Канкрэтныя меркаваньні і факты — у аглядзе «Свабоды».

МЕНСК


У чацьвер у прафсаюзным камітэце Менскага адкрытага акцыянэрнага таварыства «Інтэграл» карэспандэнту «Свабоды» паведамілі, што застацца бяз калядных канікулаў пажадала большасьць працаўнікоў. «Заробкі цяпер у нас невялікія, таму людзі радуюцца кожнаму рублю» — заявіла супрацоўніца прафсаюзнага камітэту Алена:

«Незароблены рубель ніхто ў кішэню не пакладзе...»

«Канечне, людзі згодныя працаваць нават у сьвяты. Яны згодныя грошы атрымліваць, бо незароблены рубель ніхто цяпер у кішэню не пакладзе! Нават ніякага дадатковага тлумачэньня даводзіць не давялося».

Карэспандэнты: «А які прыкладна заробак людзі атрымаюць за гэты дзень?»

Спадарыня: «Кожны па-рознаму зарабляе. Гэта залежыць ад кваліфікацыі і ад таго, якую прадукцыю ён вырабляе. Наконт сярэдняга заробку я не абавязаная даваць інфармацыю...».

1-га народ нап’ецца, а будуць людзі пахмяляцца....2-га...

Адзін з заснавальнікаў незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі Генадзь Быкаў тлумачыць, што цяперашняя эканамічная сітуацыя на сталічных прадпрыемствах — крызісная. Таму нягледзячы на рашэньне ўраду, ня ўсе прадпрыемствы будуць працаваць у сьвяты.


"У Беларусі зараз шмат робіцца абсурднага. Залежыць гэта ў першую чаргу ад аднаго чалавека — Аляксандра Рыгоравіча. Ён выкажа нейкую прапанову, а чыноўнікі стараюцца яе спраўдзіць любым чынам.

Я скажу шчыра, са свайго досьведу. Другі дзень новага году — гэта абсалютна выключаны з працы дзень. Абсалютна! Бо пасьля абеду — палавіна на працоўных месцах п’яныя.... Гэта я бачыў, калі гулялі ў сьвяты больш працяглыя. А тут 31-га — субота, 1-га — нядзеля... Першага народ яшчэ нап’ецца, а пахмяляцца будзе (сьмяецца) 2-га...

Дырэктары мусілі паставіць пытаньне ў канцэрнах, аб"яднаньнях, міністэрствах, а ўрад — перад Лукашэнкам. А тут відавочна, што рэч абсурдная. А ўсе як вады ў рот набралі і маўчаць...Такая сыстэма ў Беларусі склалася..."

Паводле інфармацыі Беларускага кангрэсу дэмакратычных актывістаў, на Каляды і Новы год у Менску не будуць працаваць маторны і трактарны заводы, а таксама — «Атлант», «Амкадор», завод колавых цягачоў...

ГОМЕЛЬШЧЫНА


У Гомелі сёлетнія навагоднія сьвяты, бадай, самыя кароткія. На станкабудаўнічым заводзе імя Кірава, заводзе станочных вузлоў, швэйнай фабрыцы «Камінтэрн», акцыянэрным таварыстве «Гомельдрэў» толькі адзін вольны дзень пасьля сустрэчы Новага году — 2 студзеня. У аўторак, 3 студзеня, усе мусяць прыступіць да працы.

На «Гомельдрэве» абвясьцілі, што за «сьвяточны панядзелак» працоўныя павінны адпрацаваць у суботу, 21 студзеня.

Рабочы: «У нас атрымліваецца тры выходных — субота, нядзеля, панядзелак. Але за панядзелак трэба будзе адпрацоўваць у суботу, 21-га».

«10 % свайго заробку я мушу атаварыць прадуктамі ў заводзкай сталоўцы....»

У савецкія часы на прадпрыемстве за невялікую плату давалі сьвяточныя падарункі, у склад якіх абавязкова ўключалася й дэфіцытная тады каўбаса. Цяпер нічога такога й блізка няма. Наадварот, 10 адсоткаў зь невялікіх заробкаў, якія пералічваюць, працоўным і спэцыялістам на банкаўскую картку, неабходна атаварыць у камбінаце грамадзкага харчаваньня пры аб’яднаньні.

Як распавёў адзін зь інжынэраў «Гомельдрэву», пры зьнешняй загружанасьці неафіцыйных выходных бывае нашмат болей. Як толькі працоўныя атрымліваюць разьліковыя квіткі, яны стыхійна кідаюць працу:

«Як квіткі выдаюць, сядзяць і дзень не працуюць — наагул у трансе».

«Як квіткі выдаюць, сядзяць і дзень не працуюць — наагул у трансе. Нізкія заробкі. Я сам атрымаў квіток — у мяне адзін мільён 430 тысяч рублёў. Гэта „бруднымі“. Чыстымі атрымліваю мільён 240 тысяч, зь іх 10 адсоткаў заробку я абавязаны атаварыць прадуктамі ў сваёй сталоўцы».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА: Няма працы і сэнсу людзей тузаць...


​На Гарадзеншчыне працяглыя канікулы вымушаны сабе рабіць прыватныя фірмы, якія альбо ня маюць заказаў, альбо сваёй вытворчасьцю цалкам прывязаныя да Расеі.

Усе буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы на Гарадзеншчыне навагоднія і калядныя выходныя маюць згодна з пастановай ураду толькі ў суботу і нядзелю. Нават там, дзе загрузка вытворчасьці не зусім вялікая, дадатковых выходных ні ў кога няма.

Іншая сытуацыя на прыватных прадпрыемствах. Да прыкладу, вытворцы мэблі, якія сваю прадукцыю экспартуюць у Расею, кажуць, што вымушаныя падстройвацца пад выходныя, якія маюць іх партнэры. Вось што распавяла мне прадстаўніца мэблевай фабрыкі «Захад-мэбля», спадарыня Сьвятлана.

Спадарыня: «Вытворчасьць наша будзе адпачываць дзён дзесяць. Мы робім вялікія выходныя, паколькі працуем на экспарт: Расея стаіць — і мы стаім, мы прывязаныя да Расеі».

Мы прывязаныя да Расеі...

Працяглыя канікулы вымушаныя рабіць і невялікія будаўнічыя фірмы. Іх уладальнікі перш за ўсё скардзяцца на тое, што практычна ня маюць заказаў. Прадстаўнік будаўнічай фірмы «Астрадрэў» спадар Іван кажа, што іх фірма прыпыніла працу ўжо з учорашняга дня.

Спадар: «Так, ну да 7-га студзеня, а там яшчэ сьвяты, то да 9-га. Але калі сказаць па праўдзе, то і працы такой няма і няма сэнсу людзей тузаць, от каб толькі неяк перазімаваць і людзей утрымаць. Гэта — калі графік, вытворчасьць, то гэта іншае, а ў нас такая праца, што можа і пачакаць, бо нічога ня зьменіцца. Карацей, вось так...».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА: «Канікулы, бо няма рэалізацыі прадукцыі...»


Вымушаныя адпачынкі абвешчаны на прадпрыемстве «Унібэл», якое вырабляе макароны.


Прадпрыемства па вырабу макаронаў «Унібэл», якое працуе ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасьце», адправіла супрацоўнікаў на канікулы з 24 сьнежня да 9 студзеня. Аб гэтым паведаміў берасьцейскі актывіст прафсаюзнага руху Сяргей Вакуленка. Ён кажа, што гэта вымушаныя меры:

«У іх канікулы, няма рэалізацыі прадукцыі. Я думаю, што аплаты ня будзе. Паводле працоўнага заканадаўства ў выпадку змушанага прагулу абавязаныя аплаціць дзьве трэці тарыфу. Але загаду дадзенага не зрабілі, таму людзей пакінуць бяз сродкаў. То бок вымушаны адпачынак. Большасьць адправілі ў адпачынак, то бок тых, хто па графіку павінен быў працаваць,» — распавёў Сяргей Вакуленка.

Спадар Сяргей кажа, што працаўнікі атрымліваюць заробак на гэтым прадпрыемстве на ўзроўні 100 даляраў. Пры гэтым, ён тлумачыць, што апошнім часам прадукцыя стала залежвацца на складах, таму і накіравалі працаўнікоў «сьвяткаваць Каляды і Новы год».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG