Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў з друку насьценны каляндар на 2012 год.

Ён названы па адным зь вершаў Якуба Коласа «Мой дом» і прысьвечаны 130-годзьдзю клясыка, якое прыпадае на восень. Лейтматывам выданьня сталіся радкі паэта:

Пад ясна-сіняю страхою
Чыеюсь дбалаю рукою
Збудован мне прасторны дом.


Каляндар мае падзагаловак — «Маляўнічая Бацькаўшчына». І на кожнай старонцы ўтрымлівае выявы краявідаў радзімы паэта — Стапеччына, пра якую ён пісаў:

Малюнкі родныя і зьявы,
Як вы мне любы, як цікавы!


Аўтар праекта, фатограф і ўкладальнік Валеры Дранчук — зямляк Якуба Коласа. У прадмове да выданьня ён адзначае, што каляндар на 2012 мае ня толькі нацыянальна-культурную адметнасьць — ушанаваньне 130-годзьдзя клясыка. Але гэты каляндар стаўся дзясятым фірмовым выданьнем цэлай сэрыі, якую запачаткавала і выдае адкрытае акцыянэрнае таварыства «Менскводбуд». І гэта дастойны адказ тым, хто забыўся на словы Коласа: «Ня трэба рабіць так, каб наша роднае слова ня мела сабе прытулку ў сваёй роднай краіне».

Каляндар, тым ня менш, дзьвюхмоўны. Усе вершы і подпісы да фатаздымкаў зьмешчаныя ў арыгінале і ў перакладзе на ангельскую мову. Файны падарунак замежным гасьцям.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG