Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец прыехаў у Віцебск


Павал Севярынец на вакзале ў Віцебску

Павал Севярынец на вакзале ў Віцебску

Палітвязьня-«хіміка» адпусьцілі ў першы за паўгода адпачынак, і заўтра ў сямейным коле ён адзначыць сваё 35-годзьдзе.

Але настрой зусім не сьвяточны, кажа Павал, і думкі зусім пра іншае:

«Які настрой... Я прыехаў дахаты, да бацькоў, хоць і з хіміі, і ўсяго на пару дзён. Але шмат каму ў гэты час куды цяжэй: ад Андрэя Саньнікава, які адбывае зьняволеньне тут, пад Віцебскам, не даходзяць лісты. У Глыбоцкай турме пад вартай палітвязень Зьміцер Дашкевіч. Тут, у віцебскім СІЗА, трымаюць Сяргея Каваленку, гэта яшчэ адзін палітвязень... Мяркую, што за тыя колькі дзён, колькі я буду ў Віцебску, трэба неяк дапамагчы і зьняволеным, і іх сем’ям».

30 сьнежня ў Паўла дзень народзінаў. Ён мяркуе, што гэта й стала галоўнай падставай, каб яго ўрэшце адпусьцілі ў адпачынак: адміністрацыя спэцкамэндатуры № 7 дазволіла яму паездку дахаты, каб пазьбегнуць масавага прыезду гасьцей — апазыцыйных актывістаў.

Увечары 28 сьнежня сябры адвезьлі Паўла Севярынца ў Менск, за пару гадзінаў ён правёў некалькі сустрэчаў, і ўрэшце а палову на шостую раніцы 29 сьнежня прыехаў цягніком «Баранавічы-Полацак» у Віцебск.

Ён выбачаўся за першае кароткае інтэрвію пасьля бяссоннай начы, але перш чым паехаць дахаты адпачываць, накіраваўся «адзначацца» у Першамайскі РАУС. Потым ён мусіць паведаміць у сваю спэцкамэндатуру, што дабраўся да Віцебску без прыгодаў.

Але нават адзначыць навагоднія сьвяты разам зь сям’ёй палітвязьню ня ўдасца: 1 студзеня ён мусіць быць зноў на «хіміі» , так што выехаць зь Віцебску давядзецца 31 сьнежня ў 23.43, за некалькі хвілінаў да Новага году, які сустрэне ўжо ў цягніку, па дарозе на Берасьцейшчыну.



16 траўня 2011 года Павал Севярынец быў асуджаны за арганізацыю пасьлявыбарчых пратэстаў на тры гады «хіміі» і быў накіраваны адбываць пакараньне ў вёску Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG