Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: музыкам загадалі ўздымаць людзям настрой перад Новым годам


У Гомелі каледж імя Сакалоўскага, дзіцячая музычная школа і некаторыя культасьветустановы выставілі ў буйных гандлёвых цэнтрах аркестры й музычныя гурты.

Яны павінны ўздымаць настрой гараджанам.

У гіпэрмаркеце «Лінія» пакупнікоў сустракаюць мэлёдыямі народных інструмэнтаў навучэнцы каледжу імя Сакалоўскага.

«Гэта наагул распараджэньне прэзыдэнта — стварэньне навагодняга настрою ў краіне», — апавяла маладая навучэнка.

Выкладчыца каледжу дадае: «Такое сёлетняе новаўвядзеньне: дапамагаем народу сустракаць Новы год у прыўзьнятым настроі».



Месца музыкам вызначылі на тэрасе другога паверху. Без гукаўзмацняльнай апаратуры пералівы акардыёнаў ды баяна гаснуць у тлуме велічэзнай гандлёвай залі.



У дзіцячай краме «Бусьлік» рэдкіх пакупнікоў сустракае квартэт цымбалістаў і баяністаў. Дзяўчаты й хлопцы — таксама з каледжу імя Сакалоўскага.



Яны граюць «Купалінку» шчыра так і пранікнёна. Гадзіньнік паказвае 16:30, але вялікага наплыву мінакоў у краме не назіраецца.

Маладая маці кажа: «А якая розьніца — граюць ці не. Галоўнае, каб грошы былі. Ёсьць грошы — ёсьць настрой. А калі іх няма, то якая тут весялосьць?»

У паркінгу бравурныя вайсковыя маршы разносяцца па ўсіх паверхах — грае ўзорны аркестар школы імя Чайкоўскага.



Асабліва ўражвае мэлёдыя з шырокавядомай у савецкія часы песьні: «За синий платочек строчит пулеметчик…».

Мужчына сярэдніх гадоў камэнтуе: «Настрой быў бы лепшы, калі б заробак паднялі. Кошты такія сталі, што толькі й страчыць па іх з кулямёта».

Прадавачка гандлёвага шапіка у сваю чаргу заўважае, што аркестар іграе ўжо каля гадзіны, а ў яе яшчэ ніхто нічога не купіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG