Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія актывісты завезьлі падарункі ў Багушэўскі шпіталь для хворых на сухоты


Грошы на садавіну і ласункі, а таксама рэчы для хворых зьбіралі сябры аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, актывісты кампаніі «Гавары праўду» і прадпрымальнікі са Смаленскага рынку ў Віцебску.

Усё прывезенае супрацоўнікі шпіталю вырашылі перадаць у псыхіятрычнае адзьдзяленьне, дзе лекуюцца самыя малазабясьпечаныя пацыенты.

Збор сродкаў для хворых на сухоты пацыентаў Багушэўскага шпіталю ініцыяваў Сяргей Парсюкевіч, актывіст кампаніі «Гавары праўду»: «Людзі, бывала, распавядалі — у каго там сваякі ці знаёмыя лекаваліся, — што там і халодна ўзімку, і кормяць дрэнна. Ну, чым кормяць? Кашкай нейкай... А каб там цукеркі ці печыва, ці садавіна — пра такое толькі марыць можна! А яшчэ, казалі, там шмат проста кінутых людзей, у якіх няма сваякоў, да якіх ніхто не прыяжджае. І яны адрэзаныя ад сьвету — ім нават няма ў чым выйсьці, каб проста пабыць на паветры».

Прадпрымальнікі са Смаленскага рынку сабралі для хворых рэчы: коўдры, бялізну, шкарпэткі, спартовыя касьцюмы, некалькі цёплых куртак, абутак. Яшчэ віцебскія актывісты сабралі амаль тры мільёны грашовых ахвяраваньняў, і на гэтыя сродкі набылі печыва, цукерак, яблыкаў, мандарынаў...

Дапамога хворым на сухоты ў Багушэўскім шпіталі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00
Наўпроставы лінк


У бібліятэку шпіталю актывісты кампаніі «Гавары праўду» перадалі дзясятак зборнікаў вершаў Уладзімера Някляева, кнігі для хворых перадала і віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец:

«Мы стэлефанаваліся з галоўурачом Натальляй Лясной. Яна сказала, што да нас выйдзе камісія, і насамрэч выйшла шмат жанчын, мужчын, адзін зь іх — нават ахоўнік у міліцэйскай форме. Мы падвезьлі рэчы, яны пачалі ўсё запісваць, пералічваць — каб мы не падумалі, што гэтыя рэчы ня дойдуць да хворых. Усё распытвалі, хто мы такія і навошта гэта робім. Мы сказалі, што мы проста неабыякавыя людзі, якія імкнуцца дапамагчы тым, каму найцяжэй у гэты час».

Усе рэчы і прадукты перагледзеў чалавек у міліцэйскай форме — каб не было схавана што забароненае, да прыкладу, алькаголь. Перагледзелі і перадачу, падрыхтаваную Тацянай Севярынец для прыхільніка стварэньня партыі БХД Валера Ганчарэнкі, які цяпер знаходзіцца ў псыхіятрычным адзьдзяленьні шпіталю.

Міліцыянт правярае рэчы ў Тацяны Севярынец
Міліцыянт правярае рэчы ў Тацяны Севярынец


Паводле зьвестак з СМІ, спадар Ганчарэка колькі часу таму абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць дрэнных умоваў утрыманьня хворых. Але работнікі шпіталю гэтую інфармацыю абверглі. І сказалі, што інфармацыя пра кепскія ўмовы ў шпіталі не адпавядае рэчаіснасьці:

«Што напісана ў інтэрнэце — гэта ўвогуле на нас паклёп узьвялі! Нам гэта дужа крыўдна, бо мы для хворых дужа стараемся, і накормленыя яны ў нас, і дагледжаныя. І праблем вялікіх няма!»

Праверыць, ці праўду сказалі медработнікі, было немагчыма: на тэрыторыю шпіталю пабочных асобаў не пускаюць, яна абгароджана высокім плотам і на кантрольна-прапускным пункце дзяжурыць ахова. Але Сяргею Парсюкевічу паабяцалі, што дашлюць фотаздымкі, як раздавалі хворым падарункі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG