Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) 25 студзеня плянуе абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі.

Як паведамляе БелаПАН, пасяджэньне адбудзецца ў рамках зімовай сэсіі асамблеі, якая пройдзе з 23 па 27 студзеня ў Страсбуры.

На пасяджэньні будзе прадстаўленая справаздача дакладчыка ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі Андрэса Хэркеля, а таксама даклад прадстаўніка камітэта ПАРЭ па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека нямецкай дэпутаткі Мары-Луізы Бэк.

Даклад Хэркеля і праект рэзалюцыі, якая будзе вынесеная на галасаваньне асамблеі, абмяркоўваліся 15 сьнежня на пасяджэньні палітычнага камітэта ПАРЭ.

Палітычны камітэт выказаў глыбокую занепакоенасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека, грамадзянскімі і палітычнымі свабодамі ў Беларусі.

На думку камітэту, санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да афіцыйнага Менска павінны захоўвацца і нават узмацняцца да тых часоў, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні, не спыніцца ціск і перасьлед палітычнай апазыцыі, незалежных СМІ і праваабаронцаў.

Акрамя таго, кантакты на высокім узроўні ПАРЭ зь беларускімі ўладамі ня будуць адноўленыя да ўвядзеньня ў Беларусі мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Да гэтага ж моманту павінна заставацца замарожанай і заяўка на вяртаньне беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага ў ПАРЭ.

У той жа час палітычны камітэт асамблеі лічыць неабходным узмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і дэмакратычных сіл Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG