Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнікі разбураюцца ў прыватных руках


Апошняя сьцяна рэстарана «Беласток» у Горадні.

Апошняя сьцяна рэстарана «Беласток» у Горадні.

Гарадзенскія ўлады прызналі, што некаторыя помнікі архітэктуры прададзеныя прыватным фірмам, разбураюцца, не дачакаўшыся рэстаўрацыі.

Старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра паведаміў, што з новымі гаспадарамі не абгаворваліся тэрміны заканчэньня рэстаўрацыі. Сёньня зь імі заключаюцца новыя дамовы.

Сямён Шапіра назваў у ахоўнай частцы Горадні некалькі гістарычных будынкаў, якія знаходзяцца ў крытычным стане — рэстаран «Беласток» (былы гатэль «Раяль»), дом купца Мураўёва і гатэль «Беласток». Два апошнія пакуль стаяць, а вось рэстаран «Беласток» сёлета быў разбураны, засталася толькі вонкавая сьцяна.

Ігар Трусаў

Ігар Трусаў

​Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў не выключае: гэтая сьцяна можа абрынуцца, калі надарыцца вельмі моцны вецер:

«А што датычыць Шапіры, то яго проста грамадзкая думка прыціснула капітальна. І ён цяпер вымушаны прымаць асабіста рашэньні.

Тут Шапіра мае рацыю, ён прызнаў свае памылкі, таму што, відаць, дапякла яго ўся гэтая сытуацыя. Дарэчы, у нас па рэспубліцы і ў вобласьці ідзе пракурорская праверка з нагоды выкананьня заканадаўства аб ахове культурнай спадчыны. Магчыма, Шапіра прарэагаваў такім чынам менавіта таму, што ідзе пракурорская праверка».

Але што датычыць рэстарана «Беласток», былога гатэля царскіх часоў «Раяль», меры запозьненыя.

Гатэль «Беласток» закрыты на рамонт яшчэ пры Гарбачове — у 1988 годзе, затым некалькі разоў мяняў гаспадароў.

Гатэль «Беласток» закрыты на рамонт яшчэ пры Гарбачове — у 1988 годзе, затым некалькі разоў мяняў гаспадароў.



Трусаў: «Людзі, якія павінныя былі прымаць рашэньні, ніколі не прымалі іх належным чынам. Азіраліся на адно, на другое, на трэцяе. Людзі баяцца прымаць рашэньні, вось у чым рэч… Прычым, у нас такая краіна, што можна і нагою тупнуць. У нас жа не Расея і ня Польшча — у нас крышку па-іншаму кіраваньне адбываецца».

Ігар Трусаў рабіў гістарычную даведку адносна помніка архітэктуры, які апошнім часам быў рэстаранам «Беласток». У праекце не прадугледжвалася яго разбурэньне, кажа гісторык. Праект рэстаўрацыі, дарэчы, некалькі гадоў як зацьверджаны ў міністэрстве культуры.

Дом купца Мураўёва.

Дом купца Мураўёва.



Пра становішча амаль цалкам разбуранага помніка ў Горадні ведае старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч:

Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

«Засталася адна фасадная сьценка. Па вялікім рахунку, тут ёсьць прыкметы злачынства паводле артыкула 344 — „зьнішчэньне гісторыка-культурнай каштоўнасьці“. Але калі падаваць гэта ў праваахоўчыя органы, тут пачынаецца сапраўднае зачараванае кола: самі гэтыя органы прызнаюць, што не напрацавана ў іх практыка працы з такімі аб’ектамі. Дваццаць год існуе незалежная Рэспубліка Беларусь, і ніводнага кроку не было зроблена ў фармаваньні нармальнай сыстэмы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Так, ёсьць заканадаўства, падзаконныя акты, але працэдурныя акты, тэхнічныя пытаньні — яны не адпрацаваныя. Гэта, скажам так, хвароба сыстэмная».

Помнікі архітэктуры нярэдка прадаюць практычна як звычайныя будынкі.

Астаповіч: «Паколькі Шапіра гэта агучыў, магчыма, зьяўляецца нейкае разуменьне, што ўсё-ткі адсутнічала сыстэма працы з гэтымі помнікамі і трэба яе выпрацоўваць. Я адсочваю сытуацыю з помнікамі, калі іх выстаўляюць на аўкцыён. Ёсьць такая хвароба: на продаж выстаўляецца помнік архітэктуры, які пад аховай дзяржавы, як гісторыка-культурная каштоўнасьць, але ва ўмовах аўкцыёну не прапісваюцца абмежаваньні, прадугледжаныя заканадаўствам».
XS
SM
MD
LG