Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП адмаўляецца ад пасіўнага байкоту выбараў


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Канчатковае рашэньне аб стаўленьні Аб’яднанай грамадзянскай партыі да выбараў у Палату прадстаўнікоў прыме партыйны зьезд, які адбудзецца ўвесну 2012 году.

Пра гэта 28 сьнежня паведаміў старшыня партыі Анатоль Лябедзька. Але ўжо сёньня, сказаў ён, вядома, што партыя пазьбегне двух сцэнароў: удзельнічаць у выбарах пад дыктоўку ўлады і пасіўнага іх байкоту.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі кіраўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі карэспандэнт «Свабоды» спытаў іх пра стаўленьне да выбараў у Палату прадстаўнікоў, што маюць адбыцца ўвосень наступнага году. Анатоль Лябедзька абазначыў пазыцыю партыі:

«У нас ёсьць рэкамэндацыя нашай палітычнай рады. Сутнасьць яе такая — мы адмаўляем дзьве крайнасьці. З аднаго боку, паслухмяны ўдзел у сцэнары, які прапаноўвае ўлада, ісьці па ўсіх яе пунктах, у яе фармаце. З другога боку, для нас абсалютна непрымальны і байкот, як адсутнасьць усялякіх дзеяньняў — ляжаць на канапе. Гэта тое, чаго АГП паспрабуе пазьбегнуць.

Наша аналітычная група атрымала заданьне — прапрацаваць усе магчымыя сцэнары: поўны ўдзел, частковы ўдзел, адсутнасьць нас у гэтай кампаніі. Усе плюсы і мінусы. І толькі паклаўшы ўсё на шалі, мы можам абраць найбольш аптымальны і эфэктыўны варыянт».
Галоўная праблема, якую нам трэбы было б рашыць, гэта няяўка на гэтыя выбары і фіксацыя няяўкі.

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін дадае, што пры вызначэньні партыйнай пазыцыі важна ўлічваць: а якую задачу ставіць на гэтых выбарах улада?

«Мне падаецца, што яе галоўная задача — забясьпечыць яўку. Бо тое, што будзе ў бюлетэнях, уладу не цікавіць. Мы ўжо ня раз назіралі, што як бы ты там не прагаласаваў — за, супраць, супраць усіх, узяў бюлетэнь і пайшоў зь ім дамоў — вынік адзін: калі ты прыйшоў фізычна на ўчастак, лічы, што твой голас аддалі Лукашэнку альбо іншаму прадстаўніку ўлады.

І таму, падаецца, што галоўная праблема, якую нам трэбы было б рашыць, гэта няяўка на гэтыя выбары і фіксацыя няяўкі. І калі мы зможам падысьці да яе рашэньня — ня проста сказаць людзям: „Не ідзіце на выбары“, а нейкім чынам зафіксаваць, што яны туды не прыйшлі, — вось тады, мне здаецца, самым моцным стане рашэньне пра актыўны байкот».

Лідэры АГП таксама акцэнтавалі ўвагу на супольных дзеяньнях падчас выбарчай кампаніі ўсіх дэмакратычных сілаў. Вельмі важна, каб усе мы прытрымліваліся адной стратэгіі, падкрэсьліў Анатоль Лябедзька:

«Мы, калі паставілі свой подпіс, то нясем за яго адказнасьць. Ёсьць пісьмовае пагадненьне шасьці суб’ектаў. І калі так здарыцца, што чатыры ці пяць суб’ектаў скажуць: мы за ўдзел у выбарах, мы далучымся да гэтага ўдзелу, таму што самае лепшае рашэньне — агульнае, супольнае. І самае дрэннае, калі, напрыклад, палова будзе за ўдзел, а палова будзе занятая іншым. Гэтага трэба пазьбегнуць. І гэта для нас застаецца прыярытэтам на сёньняшні дзень».

Шэсьць згаданых суб’ектаў гэта — партыі АГП, БНФ, «Справядлівы сьвет», аргкамітэт у стварэньні партыі БХД, рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG