Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 студзеня наступнага года набывае моц закон, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць за прагляд сайтаў, забароненых да наведваньня на загад Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце.

У Беларусі ў сьпіс абмежаванага доступу занесена 35 інтэрнэт-рэсурсаў, большасьць зь якіх зьяўляюцца парнаграфічнымі, але ёсьць і шэраг тых, якія падаюць сябе як апазыцыйныя пляцоўкі. Доступ да гэтых сайтаў закрыты на абавязковай аснове ў дзяржаўных органах, установах адукацыі і культуры.

Да ўступленьня закону ў дзеяньне яшчэ паўтара тыдня, але грамадзкія актывісты з рэгіёнаў паведамляюць, што сайты з «чорнага сьпісу» ўжо некалькі дзён не адчыняюцца. Найперш размова ідзе пра папулярны сайт «Хартыя-97». Наведнікі скардзяцца, што аўтаматычна зь ім блякуюцца і многія сацыяльныя сеткі, сайты з антывіруснымі базамі ды іншыя рэсурсы. Як лічаць карыстальнікі, «Белтэлекам» фактычна дае зразумець дзяржаўным кліентам: альбо будзе заблякаваны ўвесь інтэрнэт, альбо толькі асобныя непажаданыя сайты. Гаворыць галоўны рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна:

Натальля Радзіна

Натальля Радзіна

«Відавочна, што ўлады баяцца, па-іншаму гэта трактаваць ніяк нельга. І тое што яны змагаюцца зь незалежнай інфармацыяй, тое, што яны робяць з сайтам „Хартыі“, дэманструе толькі слабасьць гэтага рэжыму. Для мяне гэта паказьнік таго, што яны — палітычныя банкруты, і ўсе гэтыя рэпрэсіі супраць журналістаў, супраць незалежных мэдыяў ні да чаго добрага не прывядуць. Усё роўна мы будзем працаваць, наша інфармацыя будзе даходзіць да людзей і тое, што робіць улада, — толькі камплімэнт нашай працы. Тое самае, як і камплімэнтам для мяне зьяўляюцца тыя рэпрэсіі, якія былі супраць сайту „Хартыі“ на працягу апошніх двух гадоў. Гэта толькі даказвае нам, што мы робім добрую справу і патрэбна яе рабіць надалей».

Карэспандэнт: «Не сакрэт, што зь незалежных рэсурсаў бяруць інфармацыю і самі чыноўнікі. Але ж гэта ж ня значыць, што яны ад яе будуць адрэзаныя?».

«Так, я ведаю, што „Хартыю“ чытаюць абсалютна ва ўсіх установах. Больш таго, відавочна, што „Хартыю“ чытае і сам Лукашэнка, таму што ён у той ці іншай прамове часта адказвае нам. І гэта для мяне таксама паказьнік — тое, што ім патрэбная такая незалежныя інфармацыя, ім трэба ведаць, што на самой справе адбываецца ў краіне і як людзі ацэньваюць іх працу. І я ведаю, што настроі ў намэнклятуры ня самыя добрыя для Лукашэнкі».

Інтэрнэт-правайдэры рэгулярна атрымліваюць зь Дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі абноўлены сьпіс «забароненых» інтэрнэт-рэсурсаў. У адпаведнасьці з прэзыдэнцкім загадам № 60, правайдэры абавязаныя блякаваць доступ да такіх сайтаў у дзяржаўных ведамствах і арганізацыях. У ліку рэсурсаў, якія клясыфікуюцца як экстрэмісцкія ці зь непрыстойным зьместам — шэраг грамадзка-палітычных сайтаў, уключна са згаданай «Хартыяй-97», «Беларускім партызанам», электронным абменьнікам «prokopovi.ch», блогам Яўгена Ліпковіча і тысячамі яму падобных, у якіх IP-адрас адзін на ўсіх. Фільтраваць інтэрнэт-прастору кожная ўстанова мусіць самастойна, дзеля чаго апэратары «Белтэлекаму» прадстаўляюць ім пералік настроек сэрвэраў.

Тым ня менш, як лічыць экспэрт у галіне інтэрнэт-тэхналёгій Фёдар Караленка, цалкам адгарадзіць карыстальнікаў ад няўгоднай інфармацыі практычна немагчыма. Па яго словах, у ХХІ стагодзьдзі зьявілася дастаткова тэхнічных спосабаў, каб абыйсьці дзяржаўную цэнзуру:

Федар Караленка

Федар Караленка

«Заўсёды можна скарыстацца такім вядомым сродкам абыходу ўсемагчымых бар’ераў як проксі-сэрвэры. Бо запыт, які накіроўваецца з браўзэра карыстальніка на нейкі сайт наўпрост, ён спачатку пойдзе праз DNS-сэрвэры, усталяваныя ў яго настройках. Калі гэта будуць DNS-сэрвэры „Белтэлекаму“, як гэта патрабуецца ў інструкцыях па нэўтралізацыі няўгодных сайтаў, то там устаноўкі таксама зьменлівыя. Калі чалавек будзе карыстацца пасярэднікам, так званым проксі-сэрвэрам, то ўсе запыты спачатку пойдуць туды, на гэты проксі-сэрвэр, і ўжо там будуць перанакіроўвацца, даючы магчымасьць усё пабачыць. Такім чынам, усе гэтыя бар’еры можна спакойна абысьці. Ёсьць агромністая колькасьць публічных DNS-сэрвэраў, якія можа прапісаць любы чалавек і імі карыстацца».

За невыкананьне патрабаваньняў аб блякаваньні сайтаў вінаватыя будуць карацца рублём. У Дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі удакладнілі, што за парушэньні будзе спаганяецца штраф ад 10 да 30 базавых велічынь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG