Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК хоча ўдзельнічаць у працы камісіі па памілаваньні


Кіраўнік праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт Алег Гулак зьвярнуўся ў камісію па пытаньнях памілаваньня пры прэзыдэнце Беларусі, каб на паседжаньне запрашалі прадстаўніка БХК.

«Згодна з пунктам 9 ўказу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь „Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку ажыцьцяўленьня ў Рэспубліцы Беларусь памілаваньня асуджаных, вызваленьня ад крымінальнай адказнасьці асоб, якія садзейнічалі раскрыцьцю і ўстараненьню наступстваў злачынстваў“ камісія па пытаньнях памілаваньня можа запрашаць на свае паседжаньнi прадстаўнiкоў дзяржаўных органаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, сродкаў масавай інфармацыі », — адзначыў у сваім звароце Гулак.

Праваабаронца лічыць, што ўдзел прадстаўніка БХК у пасяджэньні камісіі «дазволіць адлюстраваць пазыцыю часткі беларускага грамадзтва, якая выступае за скасаваньне сьмяротнага пакараньня, а таксама будзе спрыяць далейшай гуманізацыі беларускага грамадзтва», піша БелаПАН.

Міністэрства па падатках і зборах супраць БХК

Міністэрства па падатках і зборах просіць Міністэрства юстыцыі распачаць працэс ліквідацыі праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт.

Паводле закону, калі арганізацыя мае два папярэджаньні, якія былі вынесеныя цягам году, Мін’юст мае права праз суд запатрабаваць прыпыніць дзейнасьць арганізацыі або ліквідацыі яе.

Першае ў 2011 годзе папярэджаньне БХК атрымаў 12 студзеня за «парушэньне заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях, сродках масавай інфармацыі, распаўсюд недакладнай інфармацыі».

6 чэрвеня Мін’юст вынес другое папярэджаньне арганізацыі за «парушэньні падатковага заканадаўства, якія носяць працяглы характар». Абскарджаньне гэтага папярэджаньня у судзе не прынесла праваабаронцам станоўчых вынікаў.

На думку афіцыйных асобаў, БХК павінен заплаціць у бюджэт звыш 240 млн. рублёў падаткаў і штрафных санкцый па выкарыстаных у 2002-2003 гадах грантах Эўракамісіі, якія, згодна зь мiжнароднымі дамовамі, падаваліся ў безнаяўнаму рэжыме. У рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі ад Эўракамісіі фінансаваліся больш за 30 грамадзкіх аб’яднаньняў, аднак падатковыя плацяжы былі налічаны толькі ў дачыненьні да двух арганізацый.

Інспэкцыя Міністэрства па падатках і зборах па Маскоўскім раёне Менска пацьвердзіла мэтавае выкарыстаньне атрыманых сродкаў. Разам з тым інспэкцыя налічыла суму да выплаты.

БХК абскардзіў рашэньне інспэкцыі у судзе. Нацыянальныя суды ўсіх інстанцый пастанавілі, што праваабаронцы нічога не павінны кампэнсаваць у бюджэт.

Аднак напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года, маніторынг якіх ажыцьцяўляў БХК, рашэньні гаспадарчых судоў былі перагледжаныя Прэзыдыюмам Вышэйшага гаспадарчага суду. Інспэкцыя Міністэрства па падатках і зборах апісала і канфіскавала маёмасьць БХК на 255 тысяч рублёў. Рахункі арганізацыі арыштавалі.

Разам з тым, у 2006 годзе Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржкантролю спыніў крымінальную справу, узбуджаную за адхіленьне ад выплаты падаткаў у дачыненьні да службовых асоб БХК, у сувязі з адсутнасьцю падзеі злачынства.
Праблема сьмяротнага пакараньня ў Беларусі

Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Amnesty International», з 1991 году ў Беларусі пакаралі сьмерцю каля 400 чалавек. У Беларусі афіцыйна не публікуюцца статыстычныя дадзеныя пра колькасьць вынесеных і прыведзеных у выкананьне сьмяротных прысудаў.

У адпаведнасьці з арт. 24 Канстытуцыі Беларусі, «сьмяротнае пакараньне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасьці з законам як выключная мера пакараньня за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суду». Прызначацца яно можа за 12 катэгорый злачынстваў у мірны час і 2 — у ваенны час.

У 1993 годзе Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў Раду Эўропы і атрымала статус адмыслова запрошанай краіны, аднак у 1997 годзе Бюро ПАРЭ прыняло рашэньне аб прыпыненьні статусу «з-за адсутнасьці прагрэсу ў сфэры дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права». Прыпынены быў і разгляд заяўкі аб уступленьні ў Раду Эўропы.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, у якой выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. Мараторый на сьмяротную кару — адна з асноўных умоваў вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
XS
SM
MD
LG