Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Халопеніцкія прыцемкі


Руіны Сьвята-Ўсьпенскай царквы ў Халопенічах

Руіны Сьвята-Ўсьпенскай царквы ў Халопенічах

Скажы сёньня любому жыхару старажытных — больш за 555 год — Халопенічаў, што пасьля разьдзелу Рэчы Паспалітай паселішча мела статус цэнтру графства, а пры царскай Расеі воласьці — наўрад ці, хто паверыць.

Бо, скажам, паводле магчымасьці дабрацца сюды, самі «халопы», як міжсобку сабе называюць 1700 тутэйшых жыхароў, лічаць пасёлак «цьму-тараканьню». Зь Менску вам давядзецца ўсю ноч трэсьціся ў электрычцы, каб трапіць на адзіны (!) да канца дня ранішні аўтобус а пятай. І не зьдзіўляйцеся, калі станеце ў ім адзіным жа пасажырам. Поўным будзе зваротны рэйс у Крупкі, куды халопенцы паедуць на працу. Віной усяму — беспрацоўе.

Дзеравяга: «Працаваў часова 2 месяцы, пакуль малако было. А цяпер узімку пайшло ўніз — беспрацоўны. А ўлетку ў будаўнічую брыгаду бралі за 700 — грузілі сыр, масла, малако…»

44-гадовы Эдзік Дзеравяга быў мо адзіным мінаком у Халопенічах, які ў той дзень зранку вяртаўся дахаты пехатой з суседняга сяла. Апошняе месца, дзе працаваў адзіны тут малаказавод, які 3 гады таму стаў філіяй Барысаўскага. Эдуард узяўся мяне да яго правесьці па неасьветленых вуліцах. Так што — гутарым далей па шляху.

Карэспандэнт: «А цяпер за што жыць думаеш?»

Дзеравяга: «Маці пэнсіі атрымлівае мільён, жонка на кірмашы прадае. Свая гаспадарка — каровы, сьвіньні, куры, слава Богу…»

Прахадная выплыла зь цемры зьнянацку. Суразмоўнік узгадаў толькі на разьвітаньне «дні вясёлыя».

Дзеравяга: «Відэакамэры, пропускі — раней хадзілі, бралі. І выносілі!» (сьмех)

Я падыходжу да двух дзяжурных ахоўнікаў ля прахадной і брамы.

Спадарства: «Каля сотні працуе. У нас сыры і масла робяць, казэін — клей з адыходаў малака на Польшчу адпраўляюць. Як улетку, прымаем 100 тон малака за месяц, 3 фуры сыра адпраўляем — пад 80 тон…»

Карэспандэнт: «У Халопенічах ваша — адзінае прадпрыемства, дзе можна працаваць, а было ж аддзяленьне станкабудаўнічага зь Менску…»

Спадарства: «Цяпер камэрсант робіць падносы, сыфоны — там пад 30 чалавек. Во крама барысаўская масласырзаводу — мы філіял, не гаспадары. Грошы Барысаў разьмяркоўвае. Мільён сямсот тысячаў найбольш — ясна, хто палучае…» (сьмех)"

Карэспандэнт: «А вам колькі выходзіць?»

Спадарства: «Рублёў васемсот, тут болей нідзе не заробіш…»

Карэспандэнт: «А завуць як?»

Спадарства: «Рустам я Бяляцкі, татарын… Качан Коля…»

Падышоўшая лябарант-мікрабіёляг прозьвішча не называе. Я ж пытаюся, ці кантралююцца на заводзе наступствы асноўнай «кароўяй» хваробы.

Спадарыня: «На вызначэньне мастыту апаратуры пакуль ні ў кога няма. Начальніца лябараторыі казала, што трэба закупіць, — на фэрмах раней вельмі моцна даяркі пілі. На якіх — гэта канфідэнцыяльна, я ня буду гаварыць…»

Вяртаюся ў цэнтар, дзе на крытым кірмашы адкрыўся першы камэрцыйны шапік. За прылаўкам — «чырвоная шапачка», чым пацешыў гаспадыню, спадарыню Кацярыну Арлёнак, што гандлюе тут 6 год. Але імпэту ў яе словах не было чуваць.



Арлёнак: «Ліцэнзіі няма — сьведчаньне аб рэгістрацыі. У нас арэнда 252 тысячы у месяц, а таваразварот 5 млн 200. Наведвальнікаў, бачыце, няма — іншым разам гадзінамі чакай…»

Карэспандэнт: «Звычайна ў прыватных крамах наўпрост выходзяць на прадпрыемствы, каб прадаваць сьвежы прадукт…».

Арлёнак: «Каб народу было болей! А ў Халопенічах крамаў шмат — во ўнівэрсам, во прыватная, фірмовая, што ля маслазавода — цэны крыху ніжэй. Мы стараемся рабіць мінімальную надбаўку — 19 тысяч памідоры, во гуркі за 22 тысячы маю 6 кг — 2 кг толькі прадала…»

Карэспандэнт: «А што бяруць хоць?»

Арлёнак: «Вінаград, мандарыны дзецям ідуць. Яблыкі свае ўвосень людзі прыносілі зь вёсак — тады каштавала 10 тысяч вядро. Кілбасамі не гандлюю — трэба лядоўня, а мне няма чаго яе купляць, бо мо месяцы праз 2 закрыюся…»

Карэспандэнт: «Такія думкі віруюць?»

Арлёнак: «Канечне! Падаткаў у гэтым месяцы заплаціла 640 тысяч. А на закупкі колькі! Майго даходу выходзіць 600-700-800 тысяч — када як. У 8 прыйшла — у 2 у нас людзей, увогуле, няма ўжо. А півам не гандлюю — асобныя ліцэнзія і падатак патрэбныя. А працы няма ў Халопенічах. Няма і прыбытку — навошта стаяць мерзнуць усю зіму?! Фонд сацыяльнай абароны за год 2 млн 700. Я ня выцягну — мне 200 зь нечым тысяч на месяц плаціць. Я разумею, што пэнсіянэраў „баронім“ — а прыйдзецца мне, дык пэнсія будзе самая мінімальная…»

Карэспандэнт: «Што думаеце рабіць?»

Арлёнак: «Ня ведаю…»

Празь якую гадзіну першая прадавачка зьявілася і на адкрытай пляцоўцы. У яе збольшага — вырабы бытавой хіміі. 51-гадовая спадарыня Галіна Стаін у гандлёвым намёце стаіць ужо 9 год. Ранішні марозец падахвочвае да адкрытасьці.

Галіна: «Беларускае нешта ня любяць. Схадзіце выбраць абутак — ці ёсьць выбар?! Мільён каштуе, а я не хачу яго купіць і за 100 тысяч, таму што ня ўмеюць рабіць. А на 2 паверсе ўнівэрмага апрануцца, нечага купіць — трэба некуды ехаць, каб узяць для душы…»

Карэспандэнт: «А што вы пасьля таго, як Лукашэнка аб’явіў, што па 500 даляраў зарабляць будзем, ня можаце купіць з прадуктаў і тавараў, якія маглі дазволіць у мінулым годзе?»

Галіна: «Наконт мэблі наогул няма чаго гаварыць, калі 700 тысяч заробак. А з прадуктаў — я люблю цукеркі-пячэньне (сьмяецца). А цяпер не магу купіць, стала папраўляцца — курыцу сваю ем, люблю бліны-макароны. А калі настрою няма, есьці больш хочацца — нэрвы! І ведаеце, як прыватнікі плацяць: як пачынала — 3% ад продажу, цяпер аклад 650. Стаю зь 9 да 14-15…»

На ўласным «мэрсэдэсе» пад’яжджае сын Руслан. Паводле яго, справы «о’key» — 2 гады працуе дальнабойшчыкам.



Руслан: «Нямеччына, Францыя, Швэйцарыя, Польшча — Эўропу аб’езьдзіў. Грошай хапае — некалькі тысяч даляраў выходзіць…»

Карэспандэнт: «Колькі ў дзень за рулём сядзіш?»

Руслан: «9 гадзін. Я мушу будавацца — хацеў бы ў Халопенічах. Але жонка дабілася каля Менску. Крэдыты на 5 год — на машыну, плюс адзін на ноўтбук, плюс на фотаапарат і на кватэру. А ў бацькоў прасіць нельга — трэба на сябе разьлічваць…»

Руслану баліць за тое, што адбываецца на малой радзіме.

Руслан: «Сюды б нармальнае кіраўніцтва — можна было б жыць! Не хапае маладзёжных цэнтраў, каб дзеці некуды хадзілі. Я неяк сам думаў вялікую кіназалю зрабіць. Сам хадзіў-прасіў, каб грэйдэрам засыпалі яміны — я дабіўся! Ня ведаю, чаму дэпутаты не варушацца. У нас ёсьць свае ДЭУ, ЖКГ — пайду яшчэ даціскаць. Мне ўжо мянушку далі „дэпутата“…»

Карэспандэнт: «Можа табе й пайсьці на выбары?»

Руслан: «Мяне ніхто ня возьме — трэба адукацыя, а я пасьля школы ў войска…»

Карэспандэнт: «Людзям трэба, каб пазыцыя была і чалавек-змагар…»

Руслан: «Ніхто нічога ня хоча — жывуць саматугам. Дай яму грошай — „я ведаю, у цябе ёсьць“. Дык ідзі працуй! Дай ды дай — стаяць цэлы дзень. Не хочуць працаваць…»

* * *
На цэнтральнай плошчы Халопенічаў тры скульптурныя знакі-постаці, якія ўвасабляюць эпохі, што прамінулі над месцам, — на адмену прыгоннага права, сталінская «Радзіма-маці» і помнік бацьку Максіма Багдановіча — Адаму Ягоравічу. Па камэнтары я зьвярнуўся да мясцовага краязнаўцы ды гісторыка, 53-гадовага спадара Аляксандра Алешкі.

Алешка: «У кнізе „Памяць“ напісана, што ад возера Холыпены — лухта! Ад слова „халопы“, што залежныя былі, як рабы. Памятны знак піраміда гранітная і зьверху крыж — у 1861 годзе і паставілі. Пасьля рэвалюцыі валялася проста на зямлі ў парку, аднавілі ў 90-х. Царква Сьвята-Ўсьпенская пабудаваная ў 1861, пры вызваленьні Халопенічаў ішлі танкі савецкія, стрэлілі, нібы, у карэкціроўшчыка на купале, але немцы адступілі бяз бою — гэта было „на ўсякі выпадак“. „Радзіма-маць“ — гэта ня помнік, а масавая савецкая прапаганда, як „дзяўчына зь вяслом“, „піянэр з барабанам“. Тое, што тычыцца Багдановіча, — пры Савецкай уладзе на яго месцы стаяў помнік У.І. Леніну, прымалі ў піянэры. Яшчэ да перабудовы яму руку адарвалі, а пасьля людзі, скажам так, ноччу груба дэмантавалі. І ўсталявалі помнік бацьку Максіма Багдановіча, бо ён родам усё-ткі з Халопенічаў…»



Бібліятэкарка Тамара Макарэвіч прасьпявала мне «Ў суботу Янка» і «Лявоніху» — ўсім вядомыя песьні на вершы Веры Вярбы. Сьпявае ня толькі ў часе застольляў. Яна зрабіла ў палацы культуры краязнаўчы куток, а некалі па разьмеркаваньню прыехала ў Халопенічы адначасова з паэткай.

Макарэвіч: «У нас Вера Вярба працавала ў 75-76 гадах. Прыехала як малады спэцыяліст — вяла беларускую мову і літаратуру ў школе-інтэрнаце. Дзеці былі сіраты і малазабясьпечаныя. Глядзець фільмы сюды іх прыводзіла. Яе вельмі паважалі — прыстойная, таварыская…»

Карэспандэнт: «Адчуваньне было, што беларускасьць пашыраецца?»

Макарэвіч: «Зараз не, а тады ж мова каціравалася, як наша нацыянальная —шанавалі яе за гэта. І яна ўсяляк спрыяла, каб усмоктвалі кожнае слова і ведалі, што мы карэнныя беларусы…»

У верасьні 1941 у Халопенічах былі расстраляныя 1600 габрэяў. Хоць памянёны спадар Алешка, які дасьледаваў гісторыю, удакладняе:

Алешка: «Было расстралянае савецкае насельніцтва, хоць, у асноўным, габрэі — жылі ў Халопенічах, як і ва ўсіх мястэчках, засталіся яшчэ іх 3-скатныя дахі. Тут было каля 2 тысяч. Калі гналі іх, то таго, хто падыходзіў, маглі кінуць у натоўп і таксама расстраляць. За Халопенічамі ўрочышча Каменны Лог. Іх практычна ўсіх у адзін дзень завялі, адабралі што было. Ёсьць памятны знак, агароджа. На габрэйскіх могілках немцы за правіны, сувязь з партызанамі расстрэльвалі — адрывалі траншэі і крыху прысыпалі. На гэтым месцы зараз пабудавалі Паўночны пасёлак. І гэтае месца ніяк не пазначана. Шмат жыло і каталікоў, была Кальварыя. Калі савецкая ўлада арганізавала калгас, акурат насупраць зрабілі МТС і прыбіральню — аж над магілай Сікорскіх, вельмі вядомых людзей — прыяжджалі іх, шукалі…»

Аляксандр Міхайлавіч адчыніў сенцы заспаным — учора дапазна сядзеў ва ўласнай лазьні.

Алешка: «У мяне ў хаце і ванна. У Халопенічах газ праведзены ня ўсюды, водаправод не па ўсёй вуліцы — я павесіў бойлер на 80 літраў, у мяне вада гарачая. Каналізацыя не праведзена…»



У ранішніх прыцемках я гутарыў з бамжом Лёхам, у якога сваё вызначэньне галоўнай праблемы Халопенічаў.

Лёха: «Разьведзеных шмат, пазбаўленых мацярынства з-за алькагалізму…»

На ўскраіне пасёлка я адшукаў даўжэзную аднапавярховую хаціну, дзе жыве шматдзетная сям’я Шацілаў. На ганак 43-гадовы бацька сямейства Сяргей выйшаў з сынам Пашам. Сяргей загінае пальцы:

Сяргей: «23 дачцэ, Паўлу 20, Арцёму 16, Ганьне 13 і малодшаму 9. Працую ў Барысаве на фуры дальнабойшчыкам — ежджу па Расеі, жонка — прыбіральшчыцай….»

Карэспандэнт: «Хапае грошай сям’ю ўтрымліваць?»

Сяргей: «Паглядзім, якая зіма будзе, — калі працы ня будзе, дзе хопіць? Ад колькасьці рэйсаў залежыць — а ў Расеі, дапусьцім, вакацыі…»

Карэспандэнт: «Вы сьвядома столькі дзяцей завялі?»

Сяргей: «Так, дачка пры СССР нарадзілася, астатнія ў 90-х…»

Карэспандэнт: «Хату дзяржава дала?»

Сяргей: «Не, цёшчына. 3 гады дальнабойшчык, да гэтага 10 год на маслазаводзе, на «Кірава» пры прадпрымальніку. Выхадзіла нішто — 300-400 тысяч…»

Карэспандэнт: «А дзяржава давала дапамогу?»

Сяргей: «Ну дзіцячыя, мо разавыя некалі — больш нічога. А так выжываем — конь у руках, печы кладу. Скаціна — цялё, сьвіньні, куры, гусі…»

Карэспандэнт: «Не ўзьнікала жаданьня зьехаць у горад?»

Сяргей: «У жонкі. Я не люблю горад — ай, дурдом, трэба ляніваму быць, каб там сядзець. Сьпёртае паветра, як у Грузіі, калі служыў у гарах. А тут свабадней…»

Карэспандэнт: «Ты дык будзеш у Халопенічах, а дзіця 21-гадовае?» (сьмех)



Паша: «Мне асабіста хочацца — прывык, вырас. Жонка кліча ў горад таксама — 2 гады у шлюбе. Утраіх зь дзіцём, год і два месяцы. Працую ў кацельнай качагарам. У месяц 600-700 тысяч…»

Карэспандэнт: «А ты хацеў бы паўтарыць бацькавы вопыт — займець шматдзетную сям’ю пры 600 тысячах?»

Паша: «Не, не баюся — тата выжываў за 300, а я што?!» (сьмяецца)

Так атрымалася, што і апошняя размова ў Халопенічах была пра тое, з чаго пачалася вандроўка — пра пошукі працы. Толькі гэтым разам цётка Ядзя ў цягніку расказвала мне, як сын-электрык знайшоў «шчасьце» па-за межамі малой і вялікай радзімы…

Спадарыня: «Пад Масквой зарабіў 80 тысяч „расеі“ за паўтара месяца — 2,5 тысячы даляраў. А ў Беларусі добра калі меў мільён дзьвесьце. Спэцадзеньне, спэцабутак — на гэта толькі далі іхных тры тысячы. А ў нас за 3 тысячы які абутак можна набыць?!»

Карэспандэнт: «Думаеце паўтараць ваяжы?»

Спадарыня: «Так, так!»

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG