Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя беларускіх уладаў на акцыі пратэсту ў Расеі


Мітынг у Маскве 24 сьнежня

Мітынг у Маскве 24 сьнежня

Масавыя пратэсты ў Расеі выклікалі пэўны рэзананс у Беларусі. Чаму беларускія тэлеканалы прымяншаюць маштаб расейскіх апазыцыйных акцый? Навошта Аляксандр Лукашэнка адмаўляе параўнаньні гэтых пратэстаў з падзеямі 19 сьнежня мінулага году ў Беларусі? Чаму беларускі прэзыдэнт, у адрозьненьні ад расейскага кіраўніцтва, адрынуў неабходнасьць рэформаў у Беларусі?

Удзельнікі: мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч і галоўны рэдактар часопісу «Arche» Валерка Булгакаў.

Расейскі пратэст і беларускія тэлеканалы


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Валерка Булгакаў

Валерка Булгакаў

Валер Карбалевіч: «Акцыя пратэсту ў Маскве 24 сьнежня супраць фальсыфікацый думскіх выбараў з удзелам некалькі дзясяткаў тысяч чалавек выклікала значны рэзананс у сьвеце, самой Расеі. Але беларускі тэлеканал ОНТ паведаміў, што акцыя не ўдалася, маўляў, у ёй удзельнічала ўсяго толькі некалькі соцень расейскіх грамадзян. Чаму такая ацэнка? У чым сэнс такой хлусьні, калі афіцыйныя расейскія тэлеканалы падаюць гэтую падзею больш аб’ектыўна?»

Уладзімер Мацкевіч: «Чаму хлусіць хлус? Таму што ён хлус. Беларускія дзяржаўныя мэдыі стварылі для сябе такі ўяўны сьвет. І тое, што адбываецца ў Расеі, ня ўпісваецца ў гэты сьвет. Таму і не зьвяртаюць увагі на факты, не баяцца абвяржэньня».

Валерка Булгакаў: «Расея цяпер чарговым разам ператварылася ў „братнюю дзяржаву“. Бо яна стварыла для Менску рэжым найбольшага спрыяньня. Даючы такую інфармацыю, лукашэнкаўскі рэжым дэманструе сваю ляяльнасьць да Масквы. Гэта дэманстрацыя сыстэмы адносінаў патрона і кліента. Таму гэтая пазыцыя скіравана не на беларускую аўдыторыю, якая у значнай ступені абазнаная ў расейскіх справах, а на расейскую».

Параўнаньні гэтых пратэстаў з падзеямі 19 сьнежня


Карбалевіч: «І падчас адказаў на пытаньні расейскага журналіста Сяргея Дарэнкі, і падчас прэсавай канфэрэнцыі ў пятніцу Лукашэнка адрынуў усялякія параўнаньні расейскіх пратэстаў з аналягічнымі акцыямі ў Беларусі? Маўляў, калі ў Расеі ёсьць прычыны для пратэсту, то ў Беларусі іх няма, тут на вуліцу выходзіць невялічкая кучка „адмарозкаў“, ды і тыя гэта робяць за заходнія грошы. Навошта такое адмаўленьне рэальнасьці?»

Мацкевіч: «Рыторыка беларускай і расейскай улады аднолькавая. Яны лічаць, што на вуліцу выходзяць праплочаныя людзі. Яны імкнуцца ствараць ілюзію таго, што ў сваёй краіне жыве шчасьлівы народ, а вакол усе жывуць цяжка. І Лукашэнка апавядае, што ў Расеі кепска, там уладу захапілі алігархі, а ў нас усё стабільна».

Булгакаў: «Я бачу два чыньнікі: псыхалягічны і ідэалягічны. 19 сьнежня 2010 году лукашэнкаўскі рэжым пахіснуўся. Узьнікла пэрспэктыва краху мадэлі. Зьявіўся страх, які спараджае фрустрацыі ў Лукашэнкі. Зь іншага боку, прызнаньне масавасьці акцый пратэсту — гэта разбурэньне ідэалягічнага канструкту, які доўгі час навязваецца грамадзтву, ідэі стабільнасьці».

Стаўленьне да рэформаў


Карбалевіч: «Расейскае кіраўніцтва апэратыўна зрэагавала на незадаволеньне значнай часткі расейскага грамадзтва. Прэзыдэнт Мядзьведзеў прапанаваў пэўныя палітычныя рэформы. Падчас прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі ў пятніцу прадстаўнік Радыё „Свабода“ Валянцін Жданко задаў пытаньне наконт магчымасьці аналягічных рэформаў у Беларусі. Але Лукашэнка адрынуў нават самую ідэю. Чаму такая розная рэакцыя ў кіраўніцтва Расеі і Беларусі на масавыя акцыі пратэсту?»

Мацкевіч: «Беларусь у сьнежні мінулага году, Расея цяпер сутыкнулася з паўстаньнем грамадзянскай супольнасьці, не падпарадкаванай ні ўладам, ні апазыцыі. А рэакцыя рэжымаў розная. Лукашэнка лічыць, што ён цалкам кантралюе палітычную і грамадзкую сытуацыю ў Беларусі. І ў чымсьці ён мае рацыю. Тут няма каму ў эліце скарыстацца незадаволеньнем грамадзтва. Таму Лукашэнку прасьцей.

А Пуцін значна менш кантралюе сытуацыю. Там існуюць незалежныя ад рэжыму грамадзкія сэгмэнты: бізнэс, інтэлектуальныя структуры. У Расеі большая сымуляцыя парлямэнцкай дэмакратыі. У Дзяржаўнай Думе ёсьць няпуцінскія партыі. Таму дуўмвірат вымушаны сымуляваць рэформы. Бо толькі наіўных людзей гэтыя абяцаньні Мядзьведзева могуць увесьці ў зман».

Булгакаў: «Беларуская палітычная сыстэма не падлягае рэфармаваньню. Яна будзе разбурана толькі тады, калі Лукашэнка сыдзе ад улады. Любую рэформу ён разглядае як дэстабілізацыю сыстэмы, якая можа прадукаваць непрадбачаныя наступствы, пагрозу для ягонай улады. Расейская сыстэма больш гнуткая, а беларуская — жорсткая.

Другі чыньнік — культуралягічны. Расея — рэгіянальная супэрдзяржава. Яна мусіць падтрымліваць прывабнасьць сваіх культурных вартасьцяў у межах постсавецкай расейскамоўнай агламэрацыі. Таму расейскае кіраўніцтва і кажа пра рэформы, хоць гэта рэформамі цяжка назваць і яны ні да чаго не вядуць».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG