Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія палітвязьні даведаліся пра сьмерць блізкіх за кратамі, але па-людзку разьвітацца і праводзіць родных у апошні шлях дазвалялі адзінкам.

25 лютага 2008 года на 3 дні адпусьцілі палітвязьня Аляксандра Казуліна, які тады адбываў пакараньне ў калёніі «Віцьба-3», на пахаваньне жонкі Ірыны. Праявіць чалавечнасьць і паступіць па-хрысьціянску прасілі ўладу і праваабаронцы, і прадстаўнікі касьцёлу, і простыя грамадзяне. Распавядае намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту, юрыст Гары Паганяйла:

«Мы ў той час разам з Аленай Танкачовай ад імя праваабаронцаў зьвярнуліся да генэральнага пракурора, дамагліся асабістай сустрэчы з тагачасным генпракурорам Рыгорам Васілевічам. У тым выпадку ўлада пайшла насустрач Казуліну. А зараз абмежавалася такімі палавіннымі захадамі: адканваіравалі ў морг, але не далі правесьці ў апошні шлях. Гэта паўмера».

Дарэчы, Казуліна адпусьцілі 16 жніўня 2008 года быццам бы на пахаваньне цесьця Івана Сабалеўскага. Але аказалася, што яшчэ 15 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні Казуліна.

У сьнежні 2005 года ў Валера Леванеўскага, які адбываў пакараньне ў івацэвіцкай калёніі за абразу прэзыдэнта, памёр бацька. Былі аформлены ўсе неабходныя дакумэнты, у калёніі палітвязьню паабяцалі, што адпусьцяць:

«Але калі я ўжо сабраўся, каб ехаць, мне сказалі, што мне адмоўлена, прычым, зь ініцыятывы мясцовай пракуратуры Івацэвіцкага раёна. Як я даведаўся пазьней, ініцыятыва, каб мяне не пускалі, сыходзіла ад УУС Гарадзенскага аблвыканкаму. Кажуць, што сам начальнік калёніі езьдзіў у Івацэвіцкую пракуратуру прасіць за мяне — відаць, чалавечнасьць ёсьць у начальніка, але пракуратура ў катэгарычнай форме заявіла, што нельга».

Калі праваабаронца Кацярына Садоўская адбывала пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі, у яе памерла маці. Гэта адбылося ў студзені 2007 года:

«Мяне выклікала намесьніца начальніка турмы і паведаміла, што патэлефанавала мая дачка і сказала пра сьмерць маёй маці. Праўда, яна тут жа набрала тэлефон дачкі, бо тая была ў разгубленасьці: мяне няма, яна ня ведае, што рабіць, дзе хаваць. Бо маці хацела, каб яе на радзіме пахавалі, але мы ўсё ж такі вырашылі пахаваць яе ў Менску, каб бліжэй былі могілкі. Але мяне на пахаваньне не пусьцілі».

Карэспандэнтка: «А неяк патлумачылі, чаму?»

«Сказалі, што зараз такі закон, што не дазваляе. Раней можна было адпускаць на 3 дні, цяпер — нельга».

Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту, юрыст Гары Паганяйла тлумачыць, што дакладных фармулёвак, адпускаць на пахаваньне ці ў іншых экстраардынарных сытуацыях асуджаных ці людзей, якія яшчэ знаходзяцца пад сьледзтвам, у заканадаўстве зараз няма:

«Начальнік сьледчага ізалятара, начальнік калёніі прымае канчатковае рашэньне, выпусьціць чалавека на пахаваньне блізкіх ці не. Начальнік бярэ на сябе адказнасьць. У іх таксама ёсьць унутраныя прадпісаньні, і, узгадніўшы са сваім кіраўніцтвам, начальнік можа дазволіць. Канечне ж, чалавечыя, цывілізаваныя паводзіны дыктуюць, што Бяляцкага павінны былі адпусьціць».

27 сьнежня ўлады ў апошні момант дазволілі асуджанаму на чатыры з паловай гады праваабаронцу Алесю Бяляцкаму разьвітацца ў менскім моргу з памерлым бацькам. Але прысутнічаць на пахаваньні забаранілі.

Паколькі прысуд, вынесены Першамайскім раённым судом, яшчэ не ўступіў у сілу, бо абарона Алеся Бяляцкага падала касацыйную скаргу, якая яшчэ не разгледжана, менавіта суд і даваў дазвол праваабаронцу разьвітацца з памерлым бацькам. А канчатковае рашэньне прымаў начальнік жодзінскай калёніі: Алесю Бяляцкаму дазволілі разьвітацца толькі ў моргу пад пільным наглядам канвою зь відэакамэрамі. Праваабаронца Гары Паганяйла працягвае:

«Гэта, канечне, паскуднае рашэньне, нечалавечае рашэньне, нецывілізаванае рашэньне, гэта не па-хрысьціянску. Наша подлая ўлада паступае такім чынам, калі людзі знаходзяцца ў яе закладніках. Гэта яе твар».

Вольга Дашкевіч

Вольга Дашкевіч

26 траўня памерла маці ў палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, якога таксама ўжо асудзілі, але прысуд не ўступіў у сілу. Вользе Дашкевіч было толькі 54 гады, яна нічым не хварэла, у яе раптоўна спынілася сэрца.

Нявеста Зьмітра Наста Палажанка, якая дамагалася, каб адпусьцілі на пахаваньне маці, распавяла, што давялося ў вельмі сьціплыя тэрміны сабраць процьму дакумэнтаў — і пра сьмерць маці, і пра цяжкі стан здароўя бацькі, бацьку — інваліда — везьці ў суд Маскоўскага раёну, пісаць розныя хадайніцтвы, браць адваката і размаўляць з начальнікам СІЗА на Валадарскага:

«Адзін з самых складаных момантаў — падрыхтаваць самога Дзіму было... Нам сказалі спачатку, што гэта нерэальна, што на Валадарцы з такім не сутыкаліся, няма такой практыкі. Потым усё ж сказалі, што дадуць згоду. Я была перакананая, што Дзіму адпусьцяць на некалькі дзён, як адпускалі Казуліна ў свой час. Я прыехала на Валадарку, мне сказалі, што не дазволілі быць на самім пахаваньні, Дзіма будзе толькі на разьвітаньні, што інакш ня можа быць. І ў выніку дзесьці 30 хвілін дазволілі Дзіму пабыць з самымі блізкімі людзьмі. Спачатку канваіры зайшлі ў морг, потым запусьцілі Дашкевіча. Кайданкі зьнялі, і ён прабыў з маці хвілін 30».

Саму Насту Палажанку, калі яна адбывала адміністрацыйны арышт у СІЗА на Валадарцы, не пусьцілі на пахаваньне дзядулі. У студзені 2011 года ў палітвязьня Ільлі Васілевіча, які ў той час таксама быў на Валадарцы, памерла бабуля, і яго не пусьцілі на пахаваньне.
XS
SM
MD
LG