Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты Саньнікава дзесьці зьнікаюць


Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Пасьля працяглага перапынку Ірына Халіп атрымала ліст ад мужа, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, які адбывае пакараньне ў калёніі «Віцьба-3» пад Віцебскам.

Ірына лічыць, што лісты мужа цэнзуруюцца. Гэтым разам Андрэй Саньнікаў напісаў, што спрабуе расказаць аб тым, што адбываецца зь ім у калёніі, але, зазначае, што «відаць, пошта ў твой бок зусім не працуе». З гэтага Ірына Халіп робіць выснову: праўдападобна, з Саньнікавым нешта адбываецца. Пры гэтым яна не выключае катаваньня, галадоўкі ці цяжкой хваробы: «І ўлады намагаюцца схаваць гэта любым чынам», — кажа спадарыня Халіп.

Тым часам, як адзначае сайт charter97.org, адвакатка палітзьняволенага Марына Кавалеўская атрымала адказ на сваю скаргу з Магілёўскай абласной пракуратуры. Абаронца палітыка амаль два месяцы ня можа сустрэцца са сваім падабаронным.

У лісьце напісана, што адвакатка не была дапушчаная да Саньнікава падчас ягонай перасылкі ў Магілёўскую турму, паколькі ад яго нібыта не было адпаведнай заявы. Аднак адвакатка заяўляе, што яшчэ пасьля першага этапу, калі асуджанага перавозілі з Наваполацку, была дамоўленасьць: у выпадку паўторнага этапу зьняволены піша заяву на прадстаўленьне спатканьня са сваім абаронцам. Таму падобны адказ абарону Саньнікава не задавальняе ніяк.
XS
SM
MD
LG