Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год таму сярэднямесячны заробак у Беларусі дасягнуў 500 даляраў. А колькі зарабляюць на буйных прамысловых прадпрыемствах у рэгіёнах цяпер, праз год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, напярэдадні 2012-га году? Факты, лічбы й меркаваньні — у рэгіянальным аглядзе.

ВІЦЕБШЧЫНА

Полацкае прадпрыемства «Шкловалакно» лічыцца ў горадзе самым заможным. Тут нават раз на год атрымліваюць абяцаны Аляксандрам Лукашэнкам заробак у 500 даляраў. Раз на год — гэта акурат перад Новым годам, удакладняе актывіст Свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах:

«Калі філёзафы гавораць, што гісторыя разьвіваецца па сьпіралі, то гэта ўсё няпраўда! Досьвед нашага прадпрыемства паказвае, што яна разьвіваецца па коле. Як летась перад новым годам у нас быў заробак пад 500 даляраў, хоць увесь год не было, так і сёлета — увесь год такога заробку не было, але ў сьнежні будзе!»

ВА «Шкловалакно»: «На працягу году заробак падаў да 200 даляраў»

Спадар Шарах тлумачыць, чаму так адбываецца:

«Гэта розныя надбаўкі-прыбаўкі, таму што „чысты“ заробак у нас значна меншы. Але ў выніку ў разьліковым будзе каля 500. Я мяркую, гэта кіраўніцтву трэба даваць справаздачу, які заробак на канец году. Дык вось на канец году 500 даляраў выкруцяць надбаўкамі, прыбаўкамі, даплатамі, пераплатамі... Называюць гэта па-рознаму. А на працягу году заробак наш дужа падаў, аж да 200 даляраў».

Беларуска-расейскае прадпрыемства «Белвест»: «Рапартаваць пра 500 даляраў ня ўдасца»

Былі такія месяцы, што на найбагацейшым полацкім прадпрыемстве заробак быў меншы, чым на якім «Водаканале», дзе працаўнікам заўжды плацяць няшмат.

А вось на віцебскім абутковым прадпрыемстве «Белвест» сёлета рапартаваць пра 500 даляраў заробку не атрымаецца. Летась атрымлівалася,а цяпер — ужо не, гаворыць работнік прадпрыемства, спадар Сяргей:

«Ды якое там! У нас вечныя нястачы, вечныя пралікі.. Памятаю, што перад выбарамі ў мінулым сьнежні было 500 даляраў, але так было месяцы тры».

Зараз на «Белвесьце» атрымліваюць усяго па два —два з паловай мільёны, — працягвае суразмоўца:

«Людзі вінавацяць толькі Лукашэнку»

«Нібыта падвышалі заробак раз, другі... І ўрэшце людзі яшчэ меней атрымалі! Каля двух мільёнаў ці крыху больш. Яшчэ дзівіліся: во падвысілі дык падвысілі! І бачаць толькі аднаго чалавека вінаватага — Лукашэнку. „Валяць“ усё на Лукашэнку, іншых варыянтаў я амаль і ня чуў».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«Працоўныя разьбягаюцца, бо ня бачаць пэрспэктывы...»

На буйных прадпрыемствах Гарадзеншчыны заробкі на працягу года ў доларавым эквіваленце зьменшыліся ў два, а нават і болей разоў.Удакладняе Міхал Карневіч.

Са шклозавода «Нёман», што ў пасёлку Бярозаўка Лідзкага раёна, апошнія месяцы адчувальна пачалі звальняцца працаўнікі, прычым, высокіх кваліфікацый. Так, спадар Андрэй, які нядаўна падпісаў сваю заяву, распавядае, што яшчэ напрыканцы мінулага года іх лепшыя брыгады атрымлівалі каля паўтара мільёна рублёў — гэта было амаль каля 500 даляраў.

«Зарабляў блізу 200 даляраў, а зараз і 100 не выходзіць»

Зараз, зь яго словаў, найбольш кваліфікаваныя выдзімальнікі шкла маюць у месяц каля двух мільёнаў рублёў, але гэта складае трохі больш за 200 даляраў. Спадар Андрэй удакладняе, што большасьць працоўных і зараз не атрымліваюць нават мільёну рублёў.

Спадар: «Звальняюцца выдзімальшчыкі 5-га разраду, апрацоўшчыкі 6 разраду, карацей — спэцыялісты. Такім спэцыялістам за некалькі гадоў працы ня станеш. І таму яны ўсе разьяжджаюцца: хто ў Расею, у іншыя краіны ці на будоўлі Беларусі».

«Наш завод у даўгах...»

Рабочы лідзкага завода «Нёман», дзе зьбіраюць аўтобусы з адпаведнай назвай, спадар Дзьмітры, распавядае, што на іх прадпрыемстве ўжо даўно пачалі разьбягацца працоўныя, бо ніхто ня бачыць пэрспэктывы. Цяпер, каб зарабіць каля 2 мільёнаў, людзям даводзіцца працаваць звыш нормы.

Спадар: «Я раней зарабляў недзе 200 даляраў, а зараз і 100 даляраў не выходзіць. І цяпер нікога не абдурыш, бо ўсе бачаць, што заробак зьнізіўся ў тры разы, а цэны павялічыліся ў тры разы. А наш завод у пазыках, ужо палову людзей звольнілася, цяпер усё новых набіраюць, але пэрспэктывы пакуль ніякай».

Абутнікі скардзяцца, што заробкі ў доларавым эквіваленце зьніжаюцца.

Рабочы зь лідзкай абутковай фабрыкі спадар Іван, распавядае, што за год іх заробкі павялічыліся зь мільёна да мільёна васемсот тысяч, але ў доларавым эквіваленце зьнізіліся. Спадар кажа, што сытуацыя даволі складаная, бо нават і начальства ня можа зрабіць сабе высокіх заробкаў, таму таксама людзі звальняюцца і едуць шукаць заробкаў.

Спадар: «Ну, а дзе ты тут за такі заробак, асабліва ў каго сям’я, выжывеш. А яшчэ крэдытаў панабіралі. От, едуць людзі ў сьвет на заробкі...».

Ва ўпраўленьні эканомікі Гарадзенскага гарвыканкаму на пытаньне пра заробкі на прадпрыемствах Горадні адказалі адмовай:

«О-о, значыць так: па тэлефоне ніякай інфармацыі я вам даваць ня буду, адразу папярэджваю. Калі вас цікавяць лічбы — нічога абсалютна!»

Давялося пацікавіцца непасрэдна ў працаўнікоў: ці сталі яны больш атрымліваць за апошні год? І вось якія адказы давялося пачуць:

Спадар: «На трыццаць працэнтаў больш, а ў далярах менш, палічыце. Ня ведаеце — які курс? Ды паўсюдна — больш, але ў далярах — менш, вы як быццам ня ведаеце — што чыніцца. Я не на заводзе працую, але там таксама больш атрымліваюць — на „Азоце“, „Хімвалакно“ (далучана нядаўна да „Азоту“) больш атрымлівае, камбінат будматэрыялаў, але — у рублях».

«Плацяць больш, але ж цэны растуць шматкроць хутчэй»

Спадар: «Канечне, менш. Гэта ўсё-ткі зьвязана зь бесталковай нашай палітыкай. Не даюць проста людзям жыць, вось і ўсё. Скажам так: дыхаць стала цяжэй. Хаця больш сталі атрымліваць у цэхах, у канторы — на „Азоце“. На іншых прадпрыемствах таксама: дырэктары, яны падтрымліваюць народ. Аднак тыя, хто раней атрымліваў пяцьсот даляраў, цяпер — трыста, ну трыста пяцьдзесят. У прынцыпе, жыць можна, але... Рэч у тым, што моцна ратавала нас Польшча. Цяпер, калі мы ў адзінай гэтай прасторы, то чаму расейцам можна кожны дзень езьдзіць, а нам — толькі раз на восем дзён? Гэта ні ў якія рамкі ня лезе».

Спадар: «Ня важна — дзе я працую, але плацяць у два разы больш, аднак цэны растуць шматкроць хутчэй. Мяса на рынку ўжо па сорак пяць тысяч».

Пэнсіянэрка: «Колькі ня плоцяць, а жыць трэба...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG