Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць эўрапейцы езьдзіць у Беларусь бязь візаў?


Міністэрства спорту і турызму афіцыйна зьвярнулася ў Савет Міністраў Беларусі з прапановай адмяніць з 2013 году візавы ўезд у Беларусь для турыстаў з краінаў Эўразьвязу.

Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі дырэктар дэпартамэнту турызму міністэрства Вадзім Кармазін.

Ён дадаў, што у прапановы ёсьць і другі варыянт: калі немагчыма зрабіць бязьвізавы ўезд, то тады можна выдаваць візы турыстам з Эўразьвязу бясплатна. Да таго ж прапануецца «абкатаць» гэту схему ў 2012 годзе на турыстах з Польшчы, каб пабачыць плюсы і мінусы новаўвядзеньня.

Вадзім Кармазін таксама сказаў, што міністэрства спорту і турызму і раней неаднаразова зьвярталася ва ўрад з прапановай зрабіць бязьвізавы ўезд. Аднак станоўчае рашэньне дагэтуль не прынятае. Паводле яго словаў, канчатковае рашэньне будзе залежыць ад міністэрства замежных спраў і кіраўніка дзяржавы. Пакуль асноўныя аргумэнты супраць адмены візавага рэжыму — эканамічны складнік, то бок збор, які казна атрымлівае за выдачу візаў, і бясьпека краіны.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі камэнтаваць гэту інфармацыю адмовіліся.

Міністэрства спорту і турызму сапраўды не аднойчы ўздымала пытаньне аб адмене візаў для замежных турыстаў. І ня толькі з краінаў Эўразьвязу. Падобная прапанова была і для наведвальнікаў Беларусі зь Ізраілю. Аднак сытуацыя дагэтуль не зьмянілася. Ізраіль за гэты час перайшоў на ўзаемны бязьвізавы ўезд грамадзянаў з Расеяй і Ўкраінай. А зь Беларусьсю падобнага пагадненьня дагэтуль няма, хаця ізраільскія дыпляматы ў Менску штогод кажуць пра гатоўнасьць іх краіны да падпісаньня аналягічнага пагадненьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG