Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна запалоханых мільянэраў


Нацыянальны банк Беларусі прагназуе зьніжэньне золата-валютных рэзэрваў напрыканцы 2012 году прыкладна на мільярд даляраў параўнальна зь цяперашнімі рэзэрвамі.

Адначасова ў Нацбанку абвяргаюць чуткі пра дэнамінацыю беларускага рубля, якая нібыта павінна адбыцца ў студзені наступнага году. Меркаваньні фінансавых аналітыкаў і экспэртаў

«Беларусь — краіна мільянэраў». Гэта цьвярджэньне набудзе сапраўдную сілу ўжо ў студзені 2012 году, калі мінімальны заробак у краіне стане роўным аднаму мільёну беларускіх рублёў. Гэтыя абставіны плюс нязручнасьць у карыстаньні з банкнотамі невысокага наміналу і нараджаюць разнастайныя чуткі. Так, са спасылкамі на экспэрта «з банкаўскіх колаў» зьявілася інфармацыя аб дэнамінацыі, якая нібыта плянуецца на студзень 2012 году.

У Нацыянальным банку Беларусі гэтыя чуткі раяць не ўспрымаць усур’ёз. Начальнік упраўленьня інфармацыі Аляксандар Цімашэнка сёньня сказаў «Свабодзе»:

«На гэты конт, наконт нібыта магчымай дэнамінацыі ўсе неабходныя камэнтары дала старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова. Нічога падобнага не рыхтуецца. І не рыхтавалася».

Дэнамінацыя беларускім грошам вельмі неабходная, лічыць вядомы фінансіст прафэсар Барыс Жаліба:

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
«Дэнамінацыю ўжо даўно трэба было праводзіць. Ад гэтых нулёў, зразумела, вочы ўжо стаміліся. Але рабіць гэта патрэбна было тады, калі эканоміка была больш-менш стабільнай, хаця б гады два-тры таму.
У пэрыяд высокай інфляцыі дэнамінацыя не праводзіцца. Спачатку трэба ўтаймаваць інфляцыю, навесьці нейкі парадак у фінансавай і банкаўскай сфэрах , а ўжо потым праводзіць дэнамінацыю. А тое, што спэцыялісты Нацбанку ня робяць яе цяпер, гэта значыць, што яны разумеюць, — такая высокая інфляцыя зноў жа адразу будзе зьядаць пакупніцкую здольнасьць рубля».

У Беларусі дэнамінацыя ўжо адбывалася двойчы, згадвае дырэктар Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык:

Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык
«Дэнамінацыю было б рабіць варта ў адным выпадку. Калі б было дакладна вядома, што пасьля гэтага мы больш ня будзем праходзіць праз пэрыяды інфляцыі, як гэта было падчас папярэдніх дэнамінацыяў. Бо тады інфляцыя была даволі высокая. У 1994 годзе інфляцыя была некалькі тысячаў працэнтаў за год. А ў 2000-м годзе, калі не памыляюся, яна была дзесьці 180%.
І атрымліваецца, што робіцца дэнамінацыя, адкідаецца некалькі нулёў, а маштаб цэнаў вельмі хутка мяняецца. І новыя грошы, без трох нулёў, зноў вельмі хутка абясцэньваюцца. Калі правесьці дэнамінацыю і пасьля гэтага ажыцьцяўляць больш адказную і незалежную манэтарную палітыку, то ўвогуле гэта была б неблагая ідэя».

Аляксандар Чубрык лічыць, што для аздараўленьня фінансавай сыстэмы Беларусі патрэбна больш радыкальная за дэнамінацыю рэформа:

«Калі мы ўжо хочам зрабіць грашовую рэформу, пасьля якой будзе праводзіцца адказная грашовая палітыка, то найлепей было б ня проста рабіць дэнамінацыю, а мяняць нацыянальную валюту. Даць ёй новую назву і прывязаць да эўра альбо даляра».

Што тычыцца зьніжэньня золата-валютных рэзэрваў зь цяперашніх 7,3 мільярда даляраў да 6,1 — 7 мільярдаў напрыканцы 2012 году, то, як адзначае экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, улады ўлічваюць пагашэньні пазыкаў, якія ім трэба будзе зрабіць цягам наступнага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG