Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Казлоў хоча аспрэчыць сваё затрыманьне


Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў просіць адгукнуцца тых, хто бачыў, як яго затрымлівалі 19 сьнежня 2011 года, а таксама тых, хто ехаў разам зь ім у аўтобусе ад Кастрычніцкай плошчы да Цэнтральнага РУУС пасьля затрыманьня.

Мікалай Казлоў быў затрыманы прыкладна ў 19.15 на пераходзе ад унівэрсама «Цэнтральны» на плошчу Кастрычніцкую і асуджаны на 5 сутак.

Цяпер ён спрабуе аспрэчыць у судзе гэтае рашэньне, спасылаючыся на тое, што быў затрыманы не ля Чырвонага касьцёла, дзе праходзіла акцыя, і як сьведчылі супрацоўнікі міліцыі, а на скрыжаваньні вуліцы Энгельса і праспэкта Незалежнасьці. Ён стаяў разам з усімі на пешаходным пераходзе, чакаючы зялёнага сыгналу сьвятлафора, калі двое ў цывільным, апранутыя ў чорнае, схапілі яго пад рукі і павялі да сіняга аўтобусу. Аўтобус зьявіўся з аркі на вуліцы Энгельса і пад’ехаў да пераходу прама па тратуары.

«Мэтраў 8 правялі і закінулі ў аўтобус, — распавёў Мікалай сайту „ucpb.org“. — Я думаў, пратрымаюць гадзіны 3 і адпусьцяць, а атрымалася — 5 сутак ».

Мікалай Казлоў з турмы на Акрэсьціна пісаў заяву аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці тых міліцыянтаў, якія напісалі загадзя ілжывы рапарт.



Мікалай Казлоў — былы падпалкоўнік міліцыі, які ў 2008 годзе пасьля парлямэнцкіх выбараў заявіў пра фальсыфікацыю на выбарчым участку, які ён мусіў ахоўваць падчас датэрміновага галасаваньня.

Факт фальсыфікацыі ўлады расьсьледавалі фармальна, а вось на прынцыповага міліцыянты пачалі сапраўдны ціск, пасьля чаго Казлоў зь міліцыі звольніўся. У 2010 годзе Мікалай Казлоў браў удзел ў акцыях маўчаньня на Кастрычніцкай плошчы і цудам пазьбег затрыманьня. Цяпер Мікалая Казлова асудзілі нібыта за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаваньне, хаця ў судзе ён змог даказаць, што знаходзіўся зусім ня ў тым месцы, якое пазначана ў пратаколе затрыманьня. «Так што сьведчаньні відавочцаў, калі яны знойдуцца, спатрэбяцца калі ні ў той справе — аб маім затрыманьні, то ў рамках справы аб ілжэсьведчаньні — дакладна», — сказаў Мікалай.
XS
SM
MD
LG