Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьмена аднаго рэжыму не абавязкова прыводзіць да ўзьнікненьня лепшага»


20 гадоў таму Беларусь адыграла ключавую ролю ў распадзе СССР. Але зьмена аднаго рэжыму не заўсёды азначае, наступны будзе лепшым.

Пра гэта сёньня пішуць аглядальнікі «The New York Times» і «Neue Zürcher Zeitung».

Канец больш чым сямідзесяцігадовага савецкага ўтапічнага экспэрымэнту зь яго ашаламляльнымі амбіцыямі па стварэньні дасканалага грамадзтва, які ўнёс жыцьці дзесяткаў мільёнаў жыхароў СССР і падавіў астатніх, уключна з паловай Эўропы, здарыўся ўвечары 25 сьнежня 1991, калі Гарбачоў у тэлевізійным звароце афіцыйна абвясьціў пра сваю адстаўку, піша тагачасны амэрыканскі карэспандэнт у Маскве Сэрж Шмеман і працягвае:

«Зразумела, гэта быў вызначальны момант у гісторыі... Аднак ані ня ў той дзень, ані не на наступны не было аніякіх сьвяткаваньняў...Доўгачаканы момант, шлях да якога з ўсімі яго ўзьлётамі ды падзеньнямі быў такім няпростым, паступова пераўтварыўся з захапляльнага ў сумны.

За сем гадоў праўленьня Гарбачова савецкая эканоміка апынулася ў руінах, крамы былі пустыя, на вуліцах было небясьпечна, а пасьля доўгай сэрыі рэформаў, палітычнай барацьбы, дэманстрацый і сутыкненьняў, людзі былі спустошаныя і выматаныя».

Як піша амэрыканскі журналіст, цяпер жа даводзіцца назіраць за тым, што «зьмена рэжыму не абавязкова прыводзіць да ўзьнікненьня лепшага рэжыму», што можна назіраць у вельмі многіх былых сацыялістычных рэспубліках, прычым ня толькі СССР. У Маскве ды іншых расейскіх гарадах дзясяткі тысяч чалавек нядаўна выйшлі на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць сфальшаваных парлямэнцкіх выбараў.

Праз пяць гадоў пасьля аранжавай рэвалюцыі, якая прывяла да адмены падтасаваных выбараў ва Ўкраіне, на якіх перамогу атрымаў Віктар Януковіч, украінцы ўсё роўна абралі яго ў прэзыдэнты

А беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка ды ўзбэцкі Іслам Карымаў увогуле зьяўляюцца праверанымі тыранамі«.

У сваім сёньняшнім нумары швэйцарская «Neue Zürcher Zeitung» друкуе размову з апошнім лідарам БССР Станіславам Шушкевічам. Інтэрвію, прысьвечанае тэме " чаму ў Беларусі, якая ў сьнежні 1991 адыграла цэнтральную ролю ў распадзе Савецкага Саюзу, сёньня пануе іншы, аднак ня менш жорсткі рэжым«.

Пасьля таго, як да ўлады прыйшоў былы саўгасны кіраўнік Лукашэнка, Шушкевіч як «бацька беларускай незалежнасьці, трапіў у няласку. 77-гадовага прафэсара перасьледуюць спэцслужбы. У цяперашняй аўтарытарнай Беларусі ён як шэры кардынал ад дэмакратычнай апазыцыі.»

Вяртаючыся да падзеяў 20-гадовай даўніны, «Neue Zürcher Zeitung» цытуе словы колішняга кіраўніка беларускага парлямэнту: «бяз той суровай зімы СССР праіснаваў бы яшчэ даўжэй». Шушкевіч расказвае як у той час ані ў Беларусі, ані ва Ўкраіне не было паліва, пра патаемную сустрэчу кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Расеі ў Белавескай пушчы. Ельцына запрасілі пад выглядам паляваньня на кабана. Вось так і было вырашана пытаньне новых падставак электраэнэргіі ды развалу СССР.

Сёньня Шушкевіч, па-ранейшаму падтрымліваючы сталы кантакт зь Леанідам Краўчуком, прызнаецца, што ня мог прадбачыць усіх наступстваў бяскроўнага развалу недэмакратычна заснаванага Савецкага Саюзу.

Што да Беларусі, — тлумачыць ён, — то ў яе не было такіх мужных урадаўцаў, як тагачасны польскі міністар эканомікі Ежы Бальцэровіч, які ўжыў шокавую тэрапію.

«У нас не было ні яго, ні Валэнсы, ні каталіцкай царквы, якая б магла згуртаваць народ, — кажа Шушкевіч. На захадзе нас не разумелі. Гэта, на жаль, і цяпер так».

Паколькі ў БНФ не было кадраў, маладая рэспубліка мусіла выкарыстоўваць старыя савецкія. А ў тых быў страх перад пераменамі ды рэформамі«.

«У нас, у беларусаў, іншы мэнталітэт чым у народаў Балтыі. Мы больш асьцярожныя. Народ не падтрымаў наш шлях», — з горыччу канстатуе Станіслаў Шушкевіч у размове з карэспандэнтам «Neue Zürcher Zeitung».

Як піша «The New York Times», «сёньня ў ЗША і ў Эўропе назіраецца шмат самакапаньня на тэму таго, чаму дэмакратычныя ўрады гэтых краін „падтрымлівалі“ той ці іншы загінулы або дагэтуль дзейны дыктатарскі рэжым».

«Але гэта некарэктны аргумэнт, — піша амэрыканскае выданьне, — бо ён грунтуецца на тым, што зьнешнія сілы нейкім чынам нясуць адказнасьць за захаваньне тырана ва ўладзе або яго адхіленьне ад яе. У рэшце рэшт, толькі людзі, што знаходзяцца пад уладай тырана, здольныя даць зразумець, калі ім ужо надакучыла быць пад тыранам і калі яны ўжо гатовыя рызыкнуць сваімі жыцьцямі і сваёй бясьпекай для зьвяржэньня тыраніі. Дэклярацыя незалежнасьці, усталёўваючы гэта вялікае апраўданьне для паўстаньня, таксама перасьцерагае ад таго, каб ісьці на гэта занадта лёгка. «Здаровы розум патрабуе, каб ўрады, устаноўленыя з даўніх часоў, не мяняліся пад уплывам неістотных і хуткіх акалічнасьцяў».

Як рэзюмуе журналіст «The New York Times», «зьвяржэньне дэструктыўнай ўлады — працэс траўматычны і рашучы, а таму той вечар дваццацігадовай даўніны заслугоўвае таго, каб яго памяталі як трыюмф чалавечай годнасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG