Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы выкупілі забаронены ў Расейскай імпэрыі старадрук


26 сьнежня ў магілёўскай ратушы адбылася прэзэнтацыя старадрука “Часоўнік”. Кніга была выдадзена для рэлігійных патрэбаў старавераў у магілёўскай друкарні пры Багаяўленскай царкве блізу 1773 году. Выданьне выкупілі з аўкцыёну на грошы сабраныя магілёўцамі талакой.

Паводле гісторыка, супрацоўніка нацыянальнага архіву Беларусі Зьмітра Яцкевіча кніга ўнікальная для Беларусі. Такіх выданьняў толькі два. Адно з іх захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы, другое ў Навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Як зазначае гісторык, дзейнасьць магілёўскай брацкай друкарні амаль не дасьледаваная. У гарадзкіх музэях захоўваюцца толькі дзьве кнігі гэтай друкарні.

“Друкарня працавала на працягу двухсот гадоў, а вось яе выданьняў мы маем адзінкі. Гэтая друкарня больш за ўсіх выдала кірылічных кніг у Беларусі, але мы ня маем нават навуковых манаграфій пра яе. Прэзэнтаваная сёньня кніга – гэта вельмі цікавы выпадак кантрафактнага выданьня выдрукаванага ўжо ў Расейскай імпэрыі для старавераў. Брацкая друкарня ў Магілёве такімі выданьнямі займалася ад 1701 году. Можна казаць, што гэта падпольнае выданьне. У той час такія выданьні былі забароненыя ў Расейскай імпэрыі. Гэта ўсё надае ўнікальнасьць кніжцы. У “Часоўніку” зьмешчаныя малітвы, якія трэба было выконваць вернікам пагадзінна. Для старавераў гэта кніга на кожны дзень. Калі сям’я старавера ня мела такой кнігі яна павінна была яе перапісаць. Мова кнігі пераважна стараславянская”, зазначае Зьміцер Яцкевіч.

Колькі магілёўцаў ахвяравалі грошай на кнігу невядома. Яе цана вядомая – 500 даляраў. Захоўвацца старадрук будзе ў музэі гісторыі Магілёва. Пабачыць і пагартаць кнігу ў канфэрэнц-залю ратушы прыйшлі больш за пяцьдзесят чалавек. На прэзэнтацыі прысутнічаў і ініцыятар збору сродкаў на старадрук студэнт гістарычнага факультэту Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту Андрэй Радкоў.

“Я не хачу выглядаць дужа патасным чалавек, але сэрца мне падказала мне зрабіць менавіта гэтак. У кніжцы зьмешчаныя рэлігійныя тэксты старавераў. У кніжцы – гісторыя пакут старавераў, людзей, якія адстойвалі свае рэлігійныя погляды, адстойвалі права быць вернымі традыцыям. Стараверы вымушаныя былі ўцякаць у наш край і яны зрабілі добры ўнёсак у гісторыю й культуру нашага народа. Яны сталі часткай нас саміх”, зазначае Андрэй Радкоў.

Магілёўскі старадрук другі, які выкупілі талакой з ініцыятывы Андрэя Радкова. Летась дзякуючы яму ў Беларусі засталася мэтрычная кніга Ішкальдзкага манастыра.

Андрэй Радкоў
Андрэй Радкоў


Гісторык Зьміцер Яцкевіч (зьлева)
Гісторык Зьміцер Яцкевіч (зьлева)




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG