Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму маўчыць Андрэй Саньнікаў? Каталік Зьміцер Бандарэнка на Каляды, магчыма, сустрэўся з ксяндзом. Лістоў ад Мікалая Статкевіча з ПКТ пакуль не было. Каталік Эдуард Лобаў трымаў напярэдадні Калядаў пост. Пратэстант Зьміцер Дашкевіч напісаў сябрам болей за 200 віншавальных паштовак.

«Наша сям’я — мультыкультурная, мы адзначаем і Хануку, і каталіцкія Каляды, і Новы год адзін раз, потым правасалаўнае Раство і Стар Новы год другі раз. І Андрэй заўсёды шчыра ўдзельнічае ва ўсіх гэтых адзначэньнях. Але зараз ён у турме і я не адзначаю нічога», — распавяла «Свабодзе» Ірына Халіп, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.

З 17 лістападу Ірына Халіп не атрымлівала ад мужа лістоў і званкоў, да яго таксама не дапускаюць адваката. Ірына пералічвае вэрсіі, чаму гэтак сябе паводзяць улады: «Андрэй можа знаходзіцца ў стане галадоўкі, таму яго нікому не паказваюць. У яго можа быць нейкая цяжкая хвароба, пра якую яны маўчаць. І ў яго могуць быць сьляды катаваньняў і таму яны цягнуць час, каб яго ніхто не ўбачыў. Тут я абсалютна згаджаюся з Бандарэнкам».

Такія ж вэрсіі выказала Вольга Бандарэнка са словаў свайго мужа Зьмітра Бандарэнкі, з якім бачылася ў канцы мінулага тыдня. Пра свайго мужа Вольга паведаміла, што ён шчыры каталік, Каляды звычайна адзначаў у поўнай адпаведнасьці традыцыі. 26 сьнежня, як і два дні напярэдадні Зьміцер абавязкова схадзіў бы ў касьцёл, але ў турме гэтага немагчыма зрабіць. Між тым Вользе вядома, што па пятніцах вязьняў Магілёўскай калёніі часам наведвае ксёндз і не выключана, што напярэдадні сьвята Дзьмітрый мог сустрэцца са сьвятаром.

Сама ж Вольга сёньня занятая іншай справай — тэрмінова зьбірае мужу пасылку з мэдыкамэнтамі: «Зьбіраю лекі і калі знайду аўтамабіль, то заўтра ж і адвязу, бо Дзіма прасіў як мага хутчэй, каб пачалі калоць. Бо ў яго тры тыдні запар, хаця яму давалі таблеткі, баліць галава. Ціск павышаны, якога раней не было. Я вельмі непакоюся з гэтай прычыны, таму хачу адвезьці як мага хутчэй».

Лістоў ад Мікалая Статкевіча ягоная жонка Марына Адамовіч за час, які мінуў ад іх шлюбу на мінулым тыдні, не атрымлівала: «Пакуль, на жаль, нічога няма. Магчыма, заўтра што прыйдзе, бо гэтыя ж два дні пошта не працуе. І нічога яшчэ адвакату не паведамлялі, ці будзе гэты суд ці не».

Маецца на ўвазе суд над Мікалаем Статкевічам ў Шклоўскай калёніі. Палітыка, паводле ягоных словаў, абвінавачваюць ў злосным парушэньні рэжыму і рыхтуюць супраць яго закрыты працэс, які можа адбыцца да канца году.

Што да адзначэньня Калядаў, то Мікалай Статкевіч хоць і праваслаўны паводле веравызнаньня, але адзначае і каталіцкія Каляды. «Мы адзначаем Каляды разам з усім сьветам, 25 сьнежня», — кажа Марына Адамовіч. Ці ёсьць ў яе мужа магчымасьць адзначыць сьвята ў калёніі, Марына ня ведае.

Вязень Івацэвіцкай калёніі маладафронтавец Эдуард Лобаў паводле веравызнаньня каталік. Маці Эдуарда напярэдадні мела зь ім спатканьне і перадала адмысловую ежу, каб сын некалькі дзён да Калядаў мог трымаць пост. Марына Лобава мяркуе, што сын патрэбны абрад выканаў.

«Як Раство адзначыў — ня ведаю, не званіў і лістоў яшчэ не было. Але ў малітвах, гэта дакладна».

Старшыня «Маладога фронту» пратэстант Зьміцер Дашкевіч з Глыбоцкай турмы дасылае сябрам паштоўкі з найлепшымі віншаваньнямі. Вядома, што даслаў ужо болей за 200 паштовак. Пра тое, як сам Дашкевіч адзначыў Каляды, невядома.
XS
SM
MD
LG