Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць Сяргея Каваленкі скасавалі адну адміністрацыйную справу


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

26-га сьнежня працэс у Кастрычніцкім райсудзе праходзіў без Каваленкі, на якога быў складзены пратакол за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на віцебскай краме «Пяты элемэнт».

Жонка Каваленкі Алена прысутнічала, калі судзьдзя Іна Грабоўская спыніла справу:

«Справу скасавалі, бо няма доказаў. Бо відэафільм — гэта мантаж, і быў адзін сьведка з крамы „Пяты элемэнт“, які сказаў, што нічога ня бачыў, проста людзі потым сказалі, да яго данесьлі інфармацыю пра сьцяг, і яны яго зьнялі».

Сьцяг быў вывешаны напрыканцы лістапада, і абвінавачаньне міліцыянты абгрунтавалі на тым, што ў інтэрнэце зьявіўся відэаролік, дзе відаць, як Сяргей Каваленка выразае доўгі драўляны кій, а потым нейкі чалавек непазнавальнай зьнешнасьці вывешвае сьцяг.

Спадарыні Алене не ўдалося ўбачыць можа: у суд яго не прывезьлі. Яна вельмі турбуецца, бо 19 сьнежня Сяргей абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівага, на ягоную думку, крымінальнага абвінавачаньня.

Каваленка знаходзіцца ў сьледчым ізалятары і трымае галадоўку, распачатую 19 сьнежня.

Супраць сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Ухіленьне ад адбываньня пакараньня».

Паводле артыкулу 415 віцебскаму актывісту пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня. Алене Каваленкцы патлумачылі, што пад вартай Сяргея могуць трымаць, пакуль будзе ісьці сьледзтва.

Спадарыня Алена зьвярнулася са скаргай ў Віцебскую абласную пракуратуру, бо лічыць арышт, дый само крымінальнае абвінавачаньне беспадстаўнымі:

«Я пісала, каб адпусьцілі майго мужа, бо няма каму ўтрымліваць нашых дзяцей — я і двое дзяцей цалкам знаходзіліся на ягоным ўтрыманьні. Гэта я ў форме прашэньня пісала. І што, калі ў Сяргея і былі нейкія парушэньні, то гэта не ўхіленьне. Зрэшты, я гэта і парушэньнямі не лічу — тое, што яны там прыпісваюць і выдумляюць».

На 28-га сьнежня ў Чыгуначным райсудзе Віцебску прызначаны разгляд яшчэ адной адміністрацыйная справы супраць Сяргея Каваленкі: яго вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы на адрас супрацоўнікаў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў.

Каваленка адбывае гэтак званую «хатнюю хімію» — умоўнае пакараньне. Яго пакаралі ў 2010-м годзе за тое, што вывесіў бел-чырвона-белага сьцяг на навагодняй ёлцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG