Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Пінчук, жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага, атрымала пісьмовую адмову ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС на просьбу адпусьціць яе мужа з жодзінскай турмы разьвітацца з бацькам.

Пракуратура на словах таксама адмовіла ў разьвітаньні.

У абодвух ведамствах спаслаліся на тое, што заканадаўствам не прадугледжана магчымасьць такога спатканьня для асобаў, у дачыненьні да якіх прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.

Паводле беларускіх законаў, «асоба, якая знаходзіцца пад вартай, мае права на зносіны з абаронцамі, спатканьне з блізкімі сваякамі і сябрамі сям’і ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у прызначаных для гэтых мэтаў памяшканьнях месцаў утрыманьня пад вартай; іншага парадку прадастаўленьня спатканьня асобам, у дачыненьні да якіх прысуд не ўступіў у законную сілу, не прадугледжана ».

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў і пракуратуры праігнаравалі рашэньне суду Першамайскага раёна Менска ад 26 сьнежня, які выдаў чарговае дазвол на разьвітаньне асуджанага праваабаронцы зь памерлым бацькам. Рашэньне адпусьціць Бяляцкага на пахаваньне суд выносіць ужо трэці раз, але рэалізаваць яго так і не ўдалося.

Суд выдаў ужо трэці дазвол на разьвітаньне Алеся Бяляцкага з бацькам. Спачатку гаворка ішла пра сустрэчу з цяжка хворым, цяпер — пра паездку на пахаваньне. Камітэт выкананьня пакараньняў адмовіў і ў тым, і ў другім. Як паведаміла "Свабодзе" жонка Алеся Бяляцкага Натальля, у яе застаецца яшчэ надзея, што Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных справаў дазволіць мужу выехаць на пахаваньне.

Віктар Бяляцкі памёр 24 сьнежня на 84-м годзе жыцьця. Пахаваньне адбудзецца 27 сьнежня ў Сьветлагорску (Гомельская вобласьць).

На мінулым тыдні родныя Бяляцкага прасілі адпусьціць яго разьвітацца з бацькам, які памірае.

19 сьнежня суд Першамайскага раёна даў дазвол на спатканьне з бацькам. Аднак у сьледчым ізалятары Жодзіна, дзе зараз знаходзіцца Бяляцкі, заявілі, што паперы аформлены неналежным чынам. Акрамя таго, у адміністрацыі СІЗА сказалі, што ў іх няма магчымасьці канваіраваць Бяляцкага ў Менск і забясьпечыць бясьпеку.

Спробы перааформіць дазвол былі беспасьпяховымі. Як заявілі жонцы Бяляцкага: у адпаведнасьці з законам «асоба, якое зьмяшчаецца пад вартай, мае права на зносіны з абаронцамі, спатканьне з блізкімі сваякамі і сябрамі сям’і ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у прызначаных для гэтых мэтаў памяшканьнях месцаў утрыманьня пад вартай; іншага парадку прадастаўленьня спатканьня асобам, у дачыненьні да якіх прысуд не ўступіў у законную сілу, не прадугледжана ».

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі 24 лістапада асуджаны на чатыры з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў рамках двухбаковых пагадненьняў аб прававой дапамозе, піша БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG