Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не зьвяржэньне рэжыму, а ўдзел у палітычным жыцьці


Расейскі ўрад перайшоў ад панікі да мер, якія «ўсё больш падобныя да рэальных саступак і, што яшчэ больш дзіўна, да сапраўдных пераменаў», — пішуць заходнія СМІ.

У Крамлі ўсімі спосабамі спрабуюць аднавіць кантроль над пратэстнымі акцыямі

Суботняя маніфэстацыя незадаволеных расейцаў прымусіла хвалявацца ўсю краіну, — пісала напярэдадні акцыі італьянская Corriere della Sera, назваўшы артыкул «Нават расейская Пэрыс Хілтан выходзіць мітынгаваць супраць Пуціна». На старонках Facebook аб намеры прыняць удзел заявілі больш за 45 тыс. чалавек. Рэжысэры, актор і іншыя прадстаўнікі сьвету мастацтва зьнялі відэа, на якіх яны зь белымі стужачкамі (якія Пуцін пасьля мінулай акцыі пратэсту пераблытаў з прэзэрватывамі) называюць сваё імя і запрашаюць прыняць удзел у маніфэстацыі.

Удзельнікі пратэстаў — пераважна прафэсіяналы ды інтэлектуалы, якія жывуць у вялікіх гарадах, у асноўным у сталіцы і ў Санкт-Пецярбургу, гаворыцца ў артыкуле.

«Менавіта да іх думкі Пуцін і Мядзьведзеў вырашылі прыслухацца, каб паспрабаваць пазьбегнуць нарастаньня хаосу. Заява аб цэлай сэрыі захадаў паслабленьня „кіраванай дэмакратыі“ была станоўча сустрэтая Радай Эўропы, якая заявіла аб „важных кроках па ўмацаваньні дэмакратыі ў Расеі“. Гэтая ацэнка вельмі спадабалася ў Крамлі, дзе ўсімі спосабамі спрабуюць аднавіць кантроль над пратэстнымі акцыямі, накіраваўшы іх у затоку, дзе цяпер стаяць на якары розныя „каляровыя рэвалюцыі“ (грузінская, украінская і г. д.)», — піша газэта.

Як і Ксенія Сабчак, якая яшчэ нядаўна, пасьля вайны з Грузіяй, зьяўлялася ў футболцы з партрэтам Пуціна і надпісам «Любімы прэм’ер», шматлікія знакамітасьці вырашылі перайсьці на іншы бок. «Плошча ператвараецца ў месца, дзе варта быць», — заключае аўтар артыкула.

Рух адчуў смак посьпеху

Паводле розных ацэнак, на мітынг «За сумленныя выбары» 24 сьнежня ў Маскве прыйшло ад 30 да 120 тысяч чалавек, паведамляе аглядальнік Foreign Policy Юлія Іофэ. Склад мітынгоўцаў таксама зьмяніўся. Калі Балотная была поўная моладзьдзю і «белымі каўнерыкамі» (у Расеі іх называюць «офісны плянктон»), то ў мінулую суботу на дэманстрацыю выйшла больш пярэстая публіка. Іофэ пералічае: анархісты, барацьбіты за правы геяў, маладыя камуністы-радыкалы, старыя-камуністы, хіпстэры з форуму Leprozorium.ru і «трэці па багацьці расеец, новасьпечаны кандыдат у прэзыдэнты ад апазыцыі» Міхаіл Прохараў.

«Усе гэтыя астраўкі атачала мора бабуль і людзей сярэдніх гадоў, людзей заможных і людзей са сьціплымі прыбыткамі, а таксама, зразумела, офіснага плянктону», — піша Іофэ. Каб ня зьмерзнуць, людзі пілі віскі і гарбату і скакалі на месцы. «Як і на Балотнай, прамовы са сцэны мелі ледзь не другараднае значэньне, хоць і выразна чуліся з узмацняльнікаў. Людзі прыйшлі не дзеля выступоўцаў (дарэчы, некаторых, напрыклад, экс-міністра фінансаў Кудрына, абсьвісталі); людзі размаўлялі пра палітыку паміж сабой, пэрыядычна перапыняючыся, каб падхапіць лёзунг, кінуты са сцэны», — апавядае аўтар.

Рух адчуў смак посьпеху: за два тыдні пасьля Балотнай урад перайшоў ад панікі да мер, якія, на думку Іофэ, «пачынаюць быць падобныя да рэальных саступак і, што яшчэ больш дзіўна, да сапраўдных пераменаў». Пуцін заявіў, што выбары губэрнатараў, магчыма, будуць адроджаныя, хоць і ў іншай форме: будзе дзейнічаць нейкі «прэзыдэнцкі фільтар». Мядзьведзеў выклаў пляны палітычных рэформаў. Пры гэтым рыторыка ўладаў пачала адыходзіць ад намёкаў на правакацыі ЗША і параўнаньня стужачак з прэзэрватывамі. «24 сьнежня кіраўнікі „Адзінай Расеі“ ў сваіх заявах стараліся не абражаць дэманстрантаў, акцэнтуючыся на іх лідэрах, а таксама намякнулі, што людзі выйшлі на вуліцы, магчыма, усё ж не дзеля грошай Дзярждэпу ЗША, а з прычыны справядлівай незадаволенасьці», — гаворыцца ў артыкуле.

Калі людзі, якія ў сьнежні выходзяць на вуліцы, не ўпадуць у сьпячку 5 сакавіка, калі перамога Пуціна разаб’е іх нясьмелыя надзеі, то з 2012 года пуцінская сыстэма стане прынцыпова іншай, — мяркуе аўтар. Ёй давядзецца мець справу з новым электаратам, які ўсё цяжэй абдурыць. «Таму сыстэме давядзецца успрымаць трывогі электарату сур’езна і весьці зь ім рэальны дыялёг», — прагназуе Іофэ.

Расейскае кіраўніцтва было вымушана адстойваць сваю легітымнасьць

Учора расейскае кіраўніцтва было вымушана адстойваць сваю легітымнасьць пасьля таго, як каля 100 тыс. дэманстрантаў у Маскве запатрабавалі дэмакратычных рэформаў і сумленных выбараў, піша The Independent. Асноўнае патрабаваньне мітынгоўцаў — «За сумленныя выбары» — паказвае, што мацнее цяга да вяртаньня сапраўднай дэмакратыі, лічыць журналіст Сайман Шустэр.

Урад пасьпяшаўся прапанаваць рэформы, спадзеючыся задобрыць апазыцыю. Неназваная крыніца з «Адзінай Расеі» сказала у інтэрвію выданьню, што «ўрад зьбіраецца стварыць апазыцыйныя партыі, каб яны запоўнілі палітычны спэктар і абсарбаваць галсы апазыцыі». «Мы павінны прыняць тэрміновыя меры. Мы страцілі шанец навучыцца працаваць з народам і супакойваць яго. Мы тэрмінова павінны зрабіць сыстэму адкрытай», — сказала крыніца.

Рэкамэндацыі прэзыдэнту

На наступны дзень пасьля масавай акцыі пратэсту выступіў прэс-сакратар расейскага прэм’ера, паведамляецца на сайце газэт La Stampa. «Як палітыка і кандыдата ў прэзыдэнты Пуціна па-ранейшаму падтрымлівае большасьць», — заявіў Дзьмітры Пяскоў пасьля буйной маніфэстацыі пратэсту супраць тандэму Пуцін-Мядзьведзеў і махінацый з падлікам галасоў пасьля парлямэнцкіх выбараў.

«Моцную падтрымку маніфэстанты атрымалі з боку Рады пры прэзыдэнце расійскай фэдэрацыі па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека, якая дае рэкамэндацыі Дзьмітрыю Мядзьведзеву ў прававых пытаньнях і сацыяльных праблемах. Гэты орган запатрабаваў адстаўкі кіраўніка ЦВК Уладзіміра Чурава і адмены вынікаў „дыскрэдытаваных“ выбараў 4 сьнежня. Гэтыя рэкамэндацыі неабавязковыя да выкананьня, але, тым ня менш, маюць вагу», — мяркуе карэспандэнт.

Беларускае ТБ расказала пра «акцыю, якая якая не адбылася»

Агульнанацыянальнае тэлебачаньне Беларусі ў нядзелю, 25 снежня, выпусьціла ў эфір навінаў сюжэт пра тое, як «нязгодныя» не змаглі арганізавана правесьці мітынг на праспэкце Сахарава ў Маскве. У роліку, апублікаваным на афіцыйным сайце тэлеканала, гаворыцца, што на акцыю, якая «анансавалася як шматтысячная — прыйшлі толькі сотні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG