Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі Бяляцкага просяць адпусьціць яго на пахаваньне


Родныя Алеся Бяляцкага просяць дэпартамэнт выкананьня пакараньняў (ДВП) МУС адпусьціць асуджанага праваабаронцу на пахаваньне яго бацькі.

Ранкам 26 сьнежня жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага Натальля яшчэ раз зьвярнулася да ўладаў, каб тыя дазволілі Алесю Бяляцкаму разьвітацца ў памерлым бацькам.

Усе папярэднія звароты да старшыні суду Першамайскага раёна, у МУС і ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, скончыліся безвынікова, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Прычына — адсутнасьць на заканадаўчым узроўні адпаведнай працэдуры, каб канваіраваць асобаў, у дачыненьні да якіх прысуд не ўступіў у законную сілу.

Заява з просьбаю дазволіць прысутнічаць Бяляцкаму на пахаваньні бацькі перададзеная і зарэгістраваная у Генэральнай пракуратуры.

Начальнік аддзелу па нагляду за законнасьцю выкананьня крымінальных пакараньняў Юры Гарошка на сустрэчы з Натальляй Пінчук, яшчэ раз падкрэсьліў, што ў Беларусі не існуе законна вызначанай працэдуры, якая б дазволіла ў адпаведнай сытуацыі арганізаваць разьвітаньне з памерлым і параіў зьвярнуцца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з заканадаўчай ініцыятывай, каб падобная працэдура ў далейшым была вызначаная на ўзроўні закону.

У прыёмнай Міністрэства ўнутраных спраў заяву прыняў старэйшы інспэктар па асаблівых даручэньнях, палкоўнік міліцыі Шаўлюкевіч. Ён адзначыў, што заява можа быць перададзеная на разгляд выконваючаму абавязкі міністра толькі ў другой палове дня.

Таксама заява на дазвол разьвітацца Алесю Бяляцкаму з бацькам пакінутая ў судзе Першамайскага раёну Менска. Чакаецца, што рашэньне па ёй будзе прынятае цягам 26 сьнежня.


Віктар Усьцінавіч Бяляцкі памёр 24 сьнежня на 84-м годзе жыцьця. Пахаваньне пройдзе 27 сьнежня ў Сьветлагорску (Гомельская вобласьць), паведаміў БелаПАН калега Бяляцкага Валянцін Стэфановіч.

На мінулым тыдні родныя Алеся Бяляцкага прасілі адпусьціць яго разьвітацца з паміраючым бацькам. 19 сьнежня суд Першамайскага раёну даў дазвол на спатканьне Бяляцкага з бацькам. Аднак у сьледчым ізалятары Жодзіна, дзе цяпер знаходзіцца Бяляцкі, заявілі, што паперы аформленыя неналежным чынам. Акрамя таго, у адміністрацыі СІЗА заявілі, што ў іх няма магчымасьці канваіраваць Бяляцкага ў Менск і арганізаваць бясьпеку.

Спроба перааформіць дазвол была беспасьпяховай. ДВП і суд Першамайскага раёну заявілі жонцы Бяляцкага: у адпаведнасьці з законам «асоба, якая ўтрымліваецца пад вартай, мае права на зносіны з абаронцамі, спатканьне з блізкімі сваякамі і членамі сям’і ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у прызначаных для гэтых мэтаў памяшканьнях месцаў утрыманьня пад вартай; іншага парадку прадстаўленьня спатканьня асобам, у дачыненьні да якіх прысуд набыў законную моц, не прадугледжана».

24 сьнежня жонка Бяляцкага Натальля Пінчук зноў зьвярнулася ў ДВП. «Гэтым разам — з просьбай адпусьціць Бяляцкага на пахаваньне бацькі», — сказаў Стэфановіч. Шансы на станоўчае рашэньне ён лічыць мінімальнымі.

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойваньні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў рамках двухбаковых пагадненьняў аб прававой дапамозе. Потым польскія і літоўскія ўлады выбачыліся перад Бяляцкім і яго сям’ёй.
XS
SM
MD
LG