Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ласка, станьце побач з намі, падзяліце наш боль і заступіцеся за нас!»


Маці, жонкі, нявесты тых, хто быў затрыманы, зьбіты і беспадстаўна асуджаны пасьля выбараў 2010, ці патрапіў за краты ўжо ў 2011 годзе, зьвярнуліся да кіраўнікоў хрысьціянскіх цэркваў у Беларусі з заклікам аб дапамозе ў вызваленьні палітвязьняў.

Зварот падпісалі Наста Палажанка, Ала Саньнікава, Марына Адамовіч, Тацьцяна Севярынец, Вольга Бандарэнка, Натальля Пінчук і Марына Лобава.

Зварот адрасаваны Патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі, мітрапаліту Менскаму і Слуцкаму Філарэту, апостальскаму нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Кляўдыё Гуджэроцьці, арцыбіскупу Менска-Магілёўскаму, мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу, архімандрыту Сяргею Гаеку, біскупу Сяргею Хомічу, Майсею Астроўскаму, Вячаславу Ганчарэнку і Леаніду Біруку.

«Нашыя сыны, мужы і жаніхі — выдатныя, мужныя людзі Беларусі: дыпляматы, пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы, праваабаронцы, шчырыя вернікі і правыя людзі. Яны любяць нашу краіну і людзей, і не заслугоўваюць, каб цяпер пакутаваць у турмах.

Сьвята Божага Нараджэньня — гэта сьвята сямейнае, і нам, як усім звычайным людзям, хацелася б яго правесьці дома з нашымі блізкімі.
Прайшоў ужо год, як яны ў вязьніцы. Для нас ён стаўся крыжовым шляхам пакут і цярпеньня. Многія з нас самі прайшлі праз арышты, суды і турму ў абарону сваіх мужоў і сыноў, мы не кажам ўжо пра боль, сьлёзы, нявыспаныя ночы. Мала таго, што яны несправядліва асуджаныя і знаходзяцца ў зьняволеньні, на іх аказваецца пастаянны ціск: фізычны, духовы і маральны. Зьміцер Дашкевіч за гэты час страціў маці, перажыў некалькі цяжкіх этапаў і цяпер з-за пагрозы свайму жыцьцю адбывае пакараньне ў камэры-адзіночцы, як і Андрэй Саньнікаў. Ад Андрэя Саньнікава ўжо другі месяц няма фактычна ніякіх зьвестак, да яго не можа патрапіць ні жонка, ні адвакат. Пасьля ўступленьня прысуду ў сілу ён перажыў ужо два этапы, зьмяніў тры вязьніцы. Мікола Статкевіч у камэры чакае чарговага суду — яму пагражае перавод у турму. Зьміцер Бандарэнка — хворы, патрабуе неадкладнай мэдычнай дапамогі, бо інакш можа стаць інвалідам», — гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары адзначаюць, што прайшлі фактычна ўсе беларускія судовыя інстанцыі, зрабілі ўсё магчымае, але марна.

«Калі ласка, станьце побач з намі, падзяліце наш боль і заступіцеся за нас!», — гаворыцца ў звароце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG