Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захавайма ня толькі веру, але і традыцыі бацькоў


Айцец Аляксандар Надсан.

Айцец Аляксандар Надсан.

Калядны зварот да вернікаў Апостальскага візытатара для беларусаў грэка-католікаў замежжа айца Аляксандра Надсана.

Cорак гадоў таму я наведаў першы раз Амэрыку. Быў якраз перадкалядны час. Што мяне ўразіла амаль адразу пасьля высадкі з самалёта ў Нью-Ёрку, гэта рэклямы на ўсіх вялікіх крамах і ўстановах з пажаданьнямі Merry Christmas (Вясёлых Калядаў), і тут жа побач Happy Hanuka (Вясёлай Ханукі).

Ханука — сьвята габрэйскае, якое прыпадае прыблізна ў той самы час, што і Каляды. Як і Каляды — гэта радаснае сьвята, «сьвята сьвятла», калі габрэі ўспамінаюць аднаўленьне ў 165 годзе да нараджэньня Хрыста ў Ерусаліме сьвятыні, якую зьнішчылі ворагі, пад чыім панаваньнем тады апынулася Палестына, і якія хацелі «ашчасьлівіць» габрэяў, змусіўшы іх адмовіцца ад веры ў адзінага Бога і традыцыі бацькоў і далучыцца да «вышэйшай» паганскай культуры іхніх заваёўнікаў. Аднак «няўдзячныя» габрэі адмовіліся ад такога дабрадзейства, паўсталі супраць сваіх захопнікаў і, нягледзячы на няроўныя сілы, перамаглі іх, захаваўшы непарушнай сваю веру і вернасьць традыцыям сваіх бацькоў.

Стрыжнёвым пунктам гэтай веры было чаканьне Мэсіі для аднаўленьня Валадарства Божага, што і здарылася з прыйсьцем на сьвет Госпада нашага Ісуса Хрыста, нараджэньне якога мы цяпер сьвяткуем. Такім чынам сьвята Ханукі мае прамое дачыненьне да нашых Калядных сьвятаў. Яно дае нам таксама шмат матэрыялу да роздуму аб важнасьці захаваць ня толькі веру але і вернасьць традыцыі бацькоў, мець сьмеласьць бараніць яе і не паддацца спакусе далучыцца да «вышэйшай» чужой культуры.

Вось гэтую думку хачу пакінуць да развагі вам, дарагія слухачы, у гэты радасны дзень нараджэньня Госпада Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста.

а. Аляксандар Надсан

Каляды 2011
XS
SM
MD
LG