Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Васьковіч адбыў дзесяць сутак штрафнога ізалятару


Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч

24 сьнежня з штрафнога ізалятару Магілёўскай турмы № 4 павінен выйсьці яе нявольнік, актывіст незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўген Васьковіч.

У ШЫЗА ён правёў дзесяць сутак. 14 сьнежня яго пакаралі за тое, што ён нібыта паводзіў сябе з выклікам на камісіі, якая вызначала, ці стаў асуджаны на шлях выпраўленьня.

Паводле адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага, пра чарговае пакараньне асуджанага Васьковіча стала вядома пасьля сустрэчы зь ім адваката:

«У Яўгена была камісія, якая вызначала ці стаў ён на шлях выпраўленьня. І калі зачытвалі яму вэрдыкт, ён усьміхаўся і гэта расцанілі як не павагу й далі яму дзесяць сутак ШЫЗА. Нягледзячы на тое, што Яўген быў зьмешчаны ў ШЫЗА, адвакат здолеў зь ім сустрэцца. Ён наогул адтуль амаль і не выходзіць, можа, месяцы чатыры там правёў. За нейкае дробнае парушэньне яго адразу кідаюць у ШЫЗА. Ён пісаў скаргі, але безвынікова. Мы расцэньваем гэта як катаваньне. Трэба адзначыць, што Яўген мужна пераносіць гэтыя выпрабаваньні. Кожны раз, калі адвакат зь ім сустракаецца, то кажа, што ў яго цудоўны настрой, бадзёры. Ён заўсёды перадае прывітаньні на волю», — адзначыў Дзяніс Садоўскі.

15 сьнежня маці Яўгена Васьковіча Рушаньня Іванаўна зьбіралася дамагчыся ад адміністрацыі турмы кароткатэрміновай сустрэчы з сынам. Аднак ад адваката стала вядома, што Яўген зноў у ШЫЗА.

Апошні раз у штрафным ізалятары Яўген Васьковіч прабыў трыццаць дзён. У лісьце маці ад 18 лістапада ён паведаміў, што 19 кастрычніка яго пакаралі ізалятарам за нібыта абразу дзейнай улады.

Яўгена Васьковіча і двух прыхільнікаў ідэяў анархізму Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамалотава асудзілі на сем гадоў пазбаўленьня волі ўзмоцненага рэжыму за напад на будынак бабруйскага КДБ у кастрычніку 2010 году. Бабруйскі суд прызнаў іх вінаватымі ў злосным хуліганстве і ў наўмысным нанясеньні шкоды ў асабліва буйных памерах. У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году хлопцы кінулі ў будынак КДБ дзьве бутэлькі з «кактэйлем Молатава».

Васьковіч прызнаў факт нападу, але не пакаяўся. Пракапенка і Сырамалотаў віну прызналі і раскаяліся. Яўген Васьковіч у адным зь лістоў сваім паплечнікам заявіў, што не зьяўляецца прыхільнікам анархісцкіх ідэяў, а лічыць сябе беларускім нацыяналістам.

Да пераводу ў турму № 4 Васьковіч адбываў пакараньне ў магілёўскай папраўчай калёніі № 15. Вызвалены з гэтай калёніі палітвязень Аляксандар Маўчанаў паведаміў, што Яўген Васьковіч не падпарадкоўваецца загадам адміністрацыі калёніі, за што рэгулярна трапляе ў штрафны ізалятар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG