Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Андрэя Саньнікава няма лістоў і званкоў


Агляд навінаў палітвязьняў.

Алесю Бяляцкаму канчаткова адмовілі ў спатканьні з бацькам, мяркуюць сваякі палітвязьня. Зьміцер Бандарэнка распавёў на спатканьні з жонкай пра прэтэнзіі КДБ да сайту Хартыя’97. Ад Андрэя Саньнікава дагэтуль няма лістоў і званкоў, адваката да яго таксама не дапускаюць. Зьміцер Дашкевіч адправіў з турмы больш за сто калядных паштовак. Павал Севярынец не выключае, што Новы год сустрэне ў дарозе з дому ў Віцебску да камэндатуры на «хіміі». Да Эдуарда Лобава не даходзяць лісты ягоных сяброў.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
Праваабаронцу Алесю Бяляцкаму канчаткова адмовілі ў спатканьні з бацькам. Гэтак мяркуе жонка праваабаронцы Натальля Пінчук. Яна спасылаецца на тое, што судзьдзя Тамара Высоцкая гэтак і не зьмяніла зьмест дакумэнту, які дазваляў спатканьне. Адміністрацыя Жодзінскага СІЗА адмовілася забясьпечыць канваіраваньне Бяляцкага паводле гэтага дакумэнту.

«Судзьдзя адмовіла мне ў трэці раз зрабіць дазвол у такой форме, ў якой ён бы мог быць рэалізаваны. Мяркую, гэта канчаткова, бо мы ўжо прайшлі ўсе інстанцыі».

У Магілёўскай калёніі адбылося спатканьне каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі з жонкай Вольгай. Сайту Хартыя’97 Вольга Бандарэнка распавяла, што спатканьне доўжылася меней за 2 дні, цягам якіх Зьміцер быў выкліканы на паседжаньне мэдычнай камісіі, якая вырашае пытаньне пра інваліднасьць.

Вольга Бандарэнка
Вольга Бандарэнка
«Камісія не дала яму інваліднасьць, сказалі, што далі б, калі б ў яго не было нагі. Але ва ўсякім разе сказалі выконваць рэкамэндацыі, дадзеныя ў шпіталі пасьля апэрацыі. Што нельга знаходзіцца на холадзе, выключаныя павароты, нахілы і падняцьце цяжкіх прадметаў. Хаця ўсё гэта даводзіцца рабіць ва ўмовах атрада», — распавяла Вольга Бандарэнка.

Паводле яе, Зьміцер распавёў, што яму прапаноўвалі датэрміновы выхад на волю пры ўмове зьменаў у палітыцы сайту Хартыя97, але ён адмовіўся.

Маці Андрэя Саньнікава мяркуе, што яе сын ня будзе пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, паколькі ня лічыць сябе вінаватым. Ала Саньнікава мяркуе, што яе сына трымаюць за кратамі без віны і ня хочуць адпускаць на волю з палітычных прычын.

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
«У чым ягоная віна? На судзе адвакаты ўшчэнт разьбілі абвінавачаньне, хіба гэта не было бачна. Навошта трымаць чалавека за кратамі ды яшчэ патрабаваць ад яго, каб напісаў прашэньне аб памілаваньні. Ня думаю, што Андрэй такое прашэньне напіша».

23 сьнежня Аляксандр Лукашэнка заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што калі палітвязьні не напішуць прашэньняў аб памілаваньні, будуць далей сядзець ў турмах, бо яны «хочуць быць героямі».

Перакананая ў тым, што яе муж не напіша прашэньня аб памілаваньні і Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Стактевіча. На гэтым тыдні Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч пабраліся шлюбам.

Павал Севярынец
Павал Севярынец
«Хімік» Павал Севярынец не выключае, што яму дазволяць у канцы году з’ездзіць дамоў, тым больш што на 30 сьнежня выпадае ягоны дзень народзінаў. Але ў такім разе сам Новы год Паўлу, як ён мяркуе, давядзецца сустракаць ў дарозе.

«Калі дазволяць, то давядзецца выяжджаць пасьля працы 28 сьнежня, 29 буду ўраньні ў Віцебску, але тады 31 трэба будзе ехаць назад, каб пасьпець 1 ў камэндатуру. Такім чынам давядзецца сустракаць Новы год у дарозе. Але для мяне галоўнае сьвята Раство Хрыстова, а Новы год — другаснае.»

Павал Севярынец назваў пасьпяховым зьезд партыі БХД, які прайшоў у Менску ў мінулую суботу. Асабліва малады палітык адзначыў тое, што ўдалося дамовіцца аб байкоце будучых парлямэнцкіх выбараў, калі ўлады не выканаюць умовы дэмакратызацыі.

Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў
Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў
Зьміцер Дашкевіч дасылае з Глыбоцкай турмы знаёмым паштоўкі з Калядамі і Новым годам, паведаміла нявеста лідэра «Маладога фронту» Наста Палажанка. Паводле яе Зьміцер даслаў ужо болей за сто паштовак. На стан здароўя і ўмовы ўтрыманьня палітвязень не скардзіцца.

З Эдуардам Лобавым пабачылася ў Івацэвіцкай калёніі маці, Марына Лобава. Таксама ў калёніі з Эдуардам бачыўся сьвятар з Магілёву айцец Пётар. Ціск на Эдуарда Лобава з мэтай дамагчыся ад яго прашэньня аб памілаваньні спыніўся, нават аднавіліся тэлефонныя званкі, але вось ліставаньне з сябрамі ідзе марудна з-за штучных прычын, кажа Марына Лобава.

«Мае лісты як даходзілі раней, гэтак даходзяць і цяпер. Але лісты сяброў...Вось ў мяне, напярэдадні паездкі да яго, шмат пыталіся, чаму ад яго не даходзяць лісты? А некаторыя лісты вяртаюцца з прыпіскай, што нібыта адрасат не знойдзены. Дык Эдуард патлумачыў, што і сам не атрымлівае лістоў ад сяброў, толькі даходзяць чамусьці заказныя лісты».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG