Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэзыдэнт правёў прэсавую канфэрэнцыю для беларускіх і замежных мэдыяў. Якая мэта гэтага мерапрыемства? Якое агульнае ўражаньне ад прэсавай канфэрэнцыі? Чаму прэзыдэнт нэрвова рэагаваў на вострыя пытаньні?

Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Падгол і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.


Якая мэта прэсавай канфэрэнцыі?


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «Гэта ўжо другая вялікая канфэрэнцыя для беларускіх мэдыяў. Першая была летам. Мінулымі гадамі не было такіх частых камунікацый Лукашэнкі з журналістамі. Чаму цяпер падчас крызісу такія сустрэчы стала больш частымі? Якая мэта гэтага мерапрыемства?

Уладзімер Падгол: «19 сьнежня дзяржаўныя тэлеканалы нічога не паведамлялі пра гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў. Было вырашана, што сам Лукашэнка павінен правесьці прапагандысцкае шоў і даказаць народу, што ён сапраўдны прэзыдэнт, беларусы яго любяць і паважаюць.

Па-другое, рэйтынг Лукашэнкі каля 20%. Гэта катастрофа для яго. А сацыяльна-эканамічная сытуацыя да Новага году не выпраўляецца. Таму з дапамогай прэсавай канфэрэнцыі і трэба апраўдацца, падняць свой рэйтынг».

Аляксандар Класкоўскі: «Лукашэнку трэба было падвесьці вынікі году. Год быў беспрэцэдэнтна цяжкім для грамадзтва. А для ўлады гэта быў год вялікага аблому. Шмат вострых пытаньняў проста вісяць у паветры і патрабуюць адказу на самым высокім узроўні. Чаму пры такім „мудрым“ кіраўніцтве такі эканамічны абвал? І выбух у мэтро. І новы этап інтэграцыі з Усходам.

Але адказы Лукашэнкі на гэтыя пытаньні былі альбо стэрэатыпныя, альбо не па сутнасьці. Таму, думаю, гэтая прэсавая канфэрэнцыя нікога з апанэнтаў не пераканала. Гэта было размова на розных мовах. Напрыклад, пытаньне пра сьмяротнае пакараньне. Сэнс яго быў ў тым, ці варта ў ХХІ стагодзьдзі захоўваць такую нецывілізаваную меру. А ў адказ гучаць спасылкі на манархіі Блізкага Ўсходу. Ці на рэфэрэндум, які быў у 1996 годзе. За 15 гадоў зьмяніліся суадносіны прыхільнікаў і праціўнікаў гэтага пакараньня. Цяпер, як паказвае сацыялёгія, гэта амаль роўныя долі. Але ўсё гэта ігнаруецца, і размова ідзе пра розную расчлянёнку.

Гэтая прэсавая канфэрэнцыя паказвае, што кіраўнік Беларусі закансэрваваўся. Стала відавочна, што ён не на ўзроўні новых выклікаў. На новыя вострыя пытаньні часу прапануюцца старыя адказы».

Ці пераканаў Лукашэнка грамадзтва?


Карбалевіч: «Які галоўны мэсэдж прапанаваў Лукашэнка грамадзтву? Ці ўдалося яму пераканаць, што сытуацыя ў эканоміцы палепшыцца?»

Уладзімер Падгол

Уладзімер Падгол

Падгол: «Гэта чарговы псыхалягічны правал Лукашэнкі, ягоная трагедыя. Ён не прызнаў сябе вінным у правалах, хваліў сваіх чыноўнікаў. Гэта было ўзьнясеньне сябе і свайго атачэньня на п’едэстал. І гэта пры тым, што творыцца з эканомікай, з коштамі. Гэта ўзор пэрыяду краху брэжнеўскай сыстэмы. Яму не ўдалося пераканаць народ у добрых пэрспэктывах. Пасьля сёньняшняга выступу людзі могуць насьцярожыцца, што будзе яшчэ горш. Лукашэнка пазьбягаў канкрэтных адказаў на простыя пытаньні.

Але і незалежныя журналісты былі не на вышыні. Ніхто не задаў такога пытаньня: „Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў вы шмат абяцалі. Чаму такі правал? Хто за гэта будзе адказваць“».

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: «Думаю, у абывацелі застанецца момант недаверу. Бо ўладзе ўвогуле татальна ня вераць. Вось Лукашэнка кажа, што нельга друкаваць пустыя грошы. І ніхто не задаў пытаньне: чаму ж вы надрукавалі гару грошай пад выбары? Калі такі добры ўрад, то чаму ж ён абваліў эканоміку? Абывацель бачыць, што канцы з канцамі ня сточваюцца. Мантры пра тое, што наступны год будзе лепшы, мала каго пераканаюць.

Лукашэнка сьцьвярджае, што сацыяльная і палітычная мадэль у нас добрая, нічога мяняць ня трэба. А чаму наступны год будзе лепшым? Падтэкст такі, што Расея нам дапаможа. То бок, будзе працяг застою».

Чаму прэзыдэнт нэрвова рэагаваў на вострыя пытаньні?


Карбалевіч: «Прэзыдэнт нэрвова рэагаваў на вострыя пытаньні. Тады навошта было запрашаць журналістаў незалежных мэдыяў?»

Падгол: «За часы цараваньня ён адвык ад палемікі, ад вострых пытаньняў. На вострыя пытаньні нават журналістаў дзяржаўных выданьняў ён кажа: я адчуваю падтэкст вашага пытаньня.

Ён прыйшоў на прэсавую канфэрэнцыю як пракурор, які судзіць сусьветны крызіс. А пытаньні незалежных журналістаў былі пытаньнямі пракурораў ад народу, якія, умоўна кажучы, садзяць яго на лаву падсудных. Таму такая нэрвовая рэакцыя.

Яшчэ адзін момант. Некалькі разоў гэтым годам Лукашэнка вінаваціў у крызісе народ. У Казахстане ён казаў, што мне сорамна за беларускі народ, які пабег па крамах усё скупаць. Пазьней казаў: піце свой воцат і закусвайце цукрам. І цяпер ён кажа, што менавіта народ прапанаваў гэтую мадэль. Таму прэзыдэнт невінаваты

Класкоўскі: «Навошта было запрашаць журналістаў незалежных мэдыяў?. Гэта такі сурагат плюралізму. Як і на выбарах удзельнічаюць апазыцыйныя кандыдаты. Лукашэнка ня толькі не адвык ад дыскусій, ён ніколі і не дыскутаваў па правілах.

Лукашэнка выкарыстоўвае такі прыём, як пераход на асобы. Журналісты, якія задавалі непрыемныя пытаньні, трапілі пад град сустрэчных абвінавачваньняў. Яны атаясамліваюцца зь „пятай калёнай“. Тут яшчэ і неразуменьне сутнасьці прэсы, якая абавязана ставіць вострыя пытаньні».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG