Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія актывісты зладзілі для дзяцей казку


Увечары 22 сьнежня ў Гомельскі сацыяльны прытулак, што месьціцца ў прыгарадным паселішчы Бярозкі, прыйшла казка. Яе падаравалі тром дзесяткам выхаванцаў з праблемных сем’яў грамадзкія актывісты зь мясцовай кааліцыі «Наша альтэрнатыва», «Талакі», кампаніі «Гавары праўду», «Наш дом». На нейкую гадзіну актывісты сталі акторамі.

Дзеда Мароза й Сьнягурку ў госьці да дзятвы не пускала Чорнае Чарніла. Яно запэцквала й калядныя паштоўкі. Хлопчыкам і дзяўчынкам давялося разгадваць загадкі, каб аслабіць чарнільныя чары і ўрэшце атрымаць ад Дзядулі падарункі.



Кастусь Жукоўскі: «Такое супольнае сьвята для дзецей, у якіх ня лепшым чынам склаўся лёс, мы ладзім ужо шосты раз. Разам рыхтуем касьцюмы, зьбіраем сродкі на падарункі, развучваем невялічкі сцэнар. Дзеці весялеюць, усьміхаюцца, эмацыйна рэагуюць на казачных герояў. У іх — сьвята».

Дзьмітры Карашкоў, актывіст «Нашай альтэрнатывы»: «Я першы раз быў сёньня ў ролі Дзеда Мароза. Скажу, што машыністам на цеплавозе лягчэй працаваць».



У ролі Сьнягуркі выступала намесьніца старшыні моладзевай краязнаўчай арганізацыі «Талака» Марыся Тульжанкова: «Перад дзеткамі іграць асабіста мне не складана. Проста аўдыторыя не патрабавальная. Яны рэдка бачаць нават такія міні-спэктаклі. Яны радуюцца Казцы, і мы таксама рады, што падаравалі ім гэтае невялічкае сьвята».
XS
SM
MD
LG